Шансы Фухіморы

У выніку першага туру прэзідэнцкіх выбараў у Перу Кейка, дачка былога прэзідэнта Альберта Фухіморы, які сядзіць у турме, выйшла ў другі тур. Пра тое, ці ёсць у яе шанец стаць прэзідэнтам, журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з перуанскім журналістам Хуанам Аліясам.

— Давайце ўзгадаем, як Альберта Фухіморы трапіў у турму і за што?



0e1feae55e360ff05fef58199b3fa521.jpg

У выніку першага туру прэзідэнцкіх выбараў у Перу Кейка, дачка былога прэзідэнта Альберта Фухіморы, які сядзіць у турме, выйшла ў другі тур. Пра тое, ці ёсць у яе шанец стаць прэзідэнтам, журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з перуанскім журналістам Хуанам Аліясам.
— Давайце ўзгадаем, як Альберта Фухіморы трапіў у турму і за што?

— У 2005 годзе, праз пяць гадоў пасля ўцёкаў з Перу, Фухіморы наведаў Чылі, якая мае дамову з Лімай аб выдачы падазраваных у крымінальных злачынствах. Паколькі ў Перу на Фухіморы была адкрыта справа па шэрагу артыкулаў, Санцьяга быў вымушаны выканаць просьбу перуанцаў і экстрадаваць Фухіморы на радзіму. Тут яго хутка судзілі за масавае парушэнне правоў чалавека і карупцыю. У выніку былы прэзідэнт, якога напрыканцы інакш як дыктатарам не называлі, аказаўся за кратамі. Адпаведна судоваму рашэнню, ён павінен сядзець у турме 25 гадоў.
— Як ацанілі прысуд у грамадстве?
— 80 працэнтаў перуанцаў падтрымалі такі вердыкт. 20 працэнтаў палічылі, што прысуд несправядлівы. Магчыма, гэта настальгія па першай кадэнцыі Фухіморы. Першы тэрмін на пасадзе прэзідэнта запомніўся ліквідацыяй лявацкага партызанскага падполля. Прэзідэнт выступіў вельмі рашуча. Пачалося эканамічнае адраджэнне. Аднак у ходзе другога тэрміну ўсё створанае за пяць папярэдніх гадоў было страчана.
— Як развівалася сітуацыя ў краіне пасля сыходу Фухіморы?
— На першых пасля ўцёкаў Фухіморы выбарах перамог Алехандра Таледа. Яму пашанцавала. З ім пагадзіўся працаваць Педра Пабла Кучынскі, вядомы эканаміст, былы функцыянер Сусветнага банку. Кучынскі ўзначаліў міністэрства эканомікі і фінансаў. Калі Кучынскі прыйшоў, дзяржаўная казна была амаль пустая. З таго часу ў эканоміцы назіраецца прагрэс. Галоўным чынам развіваецца экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі. У нас пачалася здабыча газу. Тэмпам развіцця не перашкодзіў нават глабальны эканамічны крызіс.
— Які сярэдні заробак у Перу?
— Прыкладна 800 солей. Гэта роўна 300 доларам. Аднак, натуральна, у сталіцы заробкі значна вышэйшыя. Тут стартавая лічба ад 400 долараў.
— Чаму людзі не падтрымліваюць цяперашняга прэзідэнта Алана Гарсія? Ён нават на выбары не пайшоў.
— Гарсія здолеў паспяхова працягнуць эканамічны курс папярэдніка. Аднак ён выпусці з-пад увагі праблему злачыннасці. Калі ўзгадаў, было позна: на носе былі выбары. Між тым, у краіне шмат рабаванняў, забойстваў, вандалізму. Галасуючы ў першым туры 17 красавіка, народ зрабіў яснае пасланне ўладам — нам патрэба стабільнасць і бяспека.
— Менавіта на гэтых лозунгах рабіла кампанію Кейка Фухіморы?
— І так, і не. Тэма бяспекі сапраўды займала важнае месца ў яе агітацыі. Кейка, безумоўна, гуляла на асацыяцыях з бацькам, які за 2 гады здолеў разграміць адну з самых буйных тэрарыстычных арганізацый у свеце. Аднак значна больш пунктаў ёй дало наўпроставае атаясамлення сябе з бацькам. 20 працэнтаў Кейка, якія далі ёй пропуск у другі тур, — гэта хутчэй працэнт падтрымкі яе бацькі. Такі рэйтынг Фухіморы стабільна захоўвае апошнія гады. Гэта не адзіны падарунак для любай дачкі. Бацька выконвае функцыю галоўнага дарадчыка Кейка і, хутчэй за ўсё, дапамагае знайсці спонсараў для яе выбарчай кампаніі. Фухіморы як прэзідэнта няма, аднак прэзідэнцкі клан застаўся.
— Ці можна намаляваць партрэт Кейка Фухіморы?
— Кейка Фухіморы — старэйшая дачка Альберта. Ёй 35 гадоў. Яна вучылася ў ЗША, замужам. У час свайго прэзідэнцтва Фухіморы скасаваў шлюб. Дачка, якая засталася з бацькам, была вымушана выконваць функцыі першай лэдзі. Іншымі словамі, яна рана зразумела, што такое публічнае жыццё. Ужо пасля таго, як бацьку пасадзілі, Кейка стала дэпутатам парламенту. Аднак большасць аглядальнікаў прызнае, што харызмы ў Кейка няма.
— Якія палітычная погляды ў Кейка?
— Яе партыя “Моц–2011 адносіць сябе да правага ліберальнага лагеру. Яе правыя погляды значаць геапалітычнае падпарадкаванне знешняму курсу ЗША. Гэта звязанае з тым, што яе муж — амерыканец. Апярэджваючы пытанне, адзначу, што ніякага ўплыву на выбары грамадзянства яе мужа не аказвае. Комплекс “праклятых грынга не характэрны для перуанцаў. Аднак перуанцы не любяць, калі іншаземцы навязваюць ім, як жыць і што рабіць.
— Што ўяўляе з сябе яе галоўны праціўнік Альянта Умала?
— Альянта Умала — былы вайсковец, які стартаваў на мясцовым палітычным полі ў 2006 годзе са сваім праектам “Партыя — нацыяналісты. Нацыяналісты — партыя левага нацыяналістычнага накірунку.
— Ці ёсць у перуанскім грамадстве забабоны супраць удзелу жанчын у палітыцы?
— Ніякіх забабонаў няма. Напрыклад, мэр Лімы — жанчына. Шмат жанчын з’яўляюцца парламентарыямі. Свае сімпатыі па гендэрнай прыкмеце ніхто ў нас не выказвае. Тым больш, што жанчыны на пасадзе прэзідэнтаў і прэм’ераў — зараз вельмі папулярная фішка ў Лацінскай Амерыцы. Аргенціна, Бразілія, Чылі. Чаму Перу не можа стаць наступнай?
— Якія прагнозы на другі тур?
— Шанцы ў Кейка ёсць. Адпаведна апытанням, 49 працэнтаў выбаршчыкаў яшчэ не прынялі канчатковага рашэння. Акрамя таго, Умала — вельмі левы. Ён прыхільнік Чавеса, рэжым якога зараз у крызісе. Хаця і Кейка шмат хто лічыць занадта небяспечным праектам. Вядомы пісьменнік Марыа Варгас Льёса кажа: “Выбар паміж Умалай і Кейка — гэта выбар паміж СНІДам і ракам у тэрмінальнай стадыі».
— Калі Кейка Фухіморы пераможа, яна вызваліць свайго бацьку?
— Гэта цяпер самае папулярнае пытанне ў Перу. Кейка доўга не давала адказу на яго. Аднак на днях яна сказала, што паважаючы незалежнасць судовай галіны, яна ў выпадку перамогі не падпіша для бацькі амністыю. Хаця не выключана, што канчатковае рашэнне наконт амністыі будзе прымаць Альберта Фухіморы.