Шатландцы вызначаюцца са сваёй незалежнасцю

У Шатландыі пачаўся рэферэндум па пытанні аб незалежнасці рэгіёна. З 07:00 па мясцовым часе (09:00 па Мінску) да 22:00 4 мільёны 130 тысяч чалавек змогуць прагаласаваць на выбарчых участках. Шатландцам трэба будзе адказаць на пытанне «Ці павінна Шатландыя стаць незалежнай краінай?»



scotland1.jpg

У выпадку станоўчага адказу большай частцы шатландскіх выбаршчыкаў, 24 сакавіка 2016 года Шатландыя будзе абвешчаная незалежнай краінай.

Пытанне аб незалежнасці было ўзнята ў 2007 годзе цяперашнім прэм’ер-міністрам Шатландыі Алексам Сэлмандам, аднак аб планах правесці рэферэндум аб аддзяленні ад Вялікабрытаніі ён абвясціў толькі ў маі 2012 года.

У лістападзе 2013 года Сэлманд і яго намеснік Нікола Стэрджэн прадставілі ў Эдынбургу 670-старонкавую «Белую кнігу» — афіцыйны заканадаўчы дакумент, прысвечаны прынцыпам будучай незалежнасці Шатландыі. Тады ж было абвешчана, што калі Шатландыя атрымае незалежнасць у выніку рэферэндуму, Эдынбург плануе застацца ў зоне фунта стэрлінгаў і захаваць сяброўства ў ЕС.

Пры гэтым А. Сэлманд адзначыў, што незалежная Шатландыя будзе мець уласныя ўзброеныя сілы і самастойна збіраць падаткі.

Са свайго боку, сакратар брытанскага ўрада па справах Шатландыі Алістэр Кармайкл і міністр фінансаў Джордж Осбарн заявілі, што аддзяленне Шатландыі ад Вялікабрытаніі прывядзе да яе выхаду з валютнай зоны брытанскага фунта.

Па словах Дж. Осбарна, эканамічныя выдаткі для пакінутых частак Злучанага Каралеўства — Англіі, Уэльса і Паўночнай Ірландыі — занадта вялікія, каб разглядаць магчымасць валютнага саюза з незалежнай Шатландыяй.

У ліку галоўных рызык, з якімі краіна сутыкнецца ў выпадку аддзялення ад Вялікабрытаніі, большасць экспертаў вылучае нявызначанасць у пытанні нацыянальнай валюты (78% апытаных), адток капіталу (75%), а таксама сітуацыю з патэнцыйным падзелам актываў і пасіваў, уключаючы даходы ад здабычы вуглевадародаў у Паўночным моры і абавязацельствы па выплаце дзярждоўгу.

Найбольш верагодным рашэннем валютнага пытання эканамісты лічаць стварэнне ўласнай валюты, прывязанай да курсу фунта стэрлінгаў. На другім месцы — неафіцыйнае выкарыстанне Шатландыяй фунта, на трэцім — варыянт увядзення валюты з плаваючым курсам, і толькі на апошнім месцы — стварэнне валютнага саюза з Вялікабрытаніяй.

Акрамя таго, у выпадку атрымання незалежнасці, Шатландыі давядзецца падаваць заяўкі ў Еўракамісію і НАТА на агульных падставах. Пры гэтым старшыня Еўрапейскай камісіі Жазэ Мануэл Барозу адзначыў, што незалежнай Шатландыі «будзе вельмі цяжка, калі не немагчыма» ўступіць у Еўрапейскі саюз.

У жніўні гэтага года больш за 200 брытанскіх знакамітасцяў, сярод якіх саліст гурта Rolling Stones Мік Джагер, астрафізік Стывен Хокінг, актрыса Джудзі Дэнч, падпісалі адкрыты ліст за захаванне Шатландыі ў складзе Вялікабрытаніі. «Тое, што нас аб’ядноўвае, значыць значна больш, чым тое, што раз’ядноўвае. Будзем разам!», — гаворыцца ў пасланні.

Аўтары ліста выказалі надзею, што на рэферэндуме шатландцы не стануць галасаваць за выхад са складу Злучанага каралеўства.

У пачатку верасня Букінгемскі палац выступіў з заявай, у якой, у прыватнасці, гаварылася пра тое, што каралева Вялікабрытаніі Лізавета II захавае бесстаронні падыход да рэферэндуму ў Шатландыі. «Я спадзяюся, што людзі (у Шатландыі) старанна падумаюць пра сваю будучыню», — паведамлялі брытанскія СМІ са спасылкай на прыватную гутарку каралевы.

Са свайго боку, вядучыя брытанскія палітыкі паабяцалі шатландскаму парламенту «новыя пашыраныя паўнамоцтвы», у прыватнасці, у пытаннях аховы здароўя. У сумесным лісце брытанскага прэм'ера Дэвіда Кэмерана, яго намесніка Ніка Клегга і лідэра апазіцыйнай лейбарысцкай партыі Эда Мілібэнда гаворыцца, што паўнамоцтвы шатландскага парламента можна будзе пашырыць адразу ж пасля ўсеагульных выбараў у 2015 годзе.

Па апошніх дадзеных, 48% шатландцаў гатовыя галасаваць за незалежнасць рэгіёна, у той час як 52% выступаюць супраць аддзялення Шатландыі ад Злучанага Каралеўства.

Паводле Interfax.by