Шоў статыстаў і трыумф мовы

Прызначаныя на красавік выбары прэзідэнта Казахстана пачынаюць нагадваць фарс. Кандыдатамі ў прэзідэнты Казахстана зарэгістраваны дзейны прэзідэнт і палітыкі, якія яго адкрыта падтрымліваюць.

Пазачарговыя выбары прэзідэнта Казахстана, нагадаем, прызначаны на 3 красавіка. Ахвотныя заняць пасаду казахскага гаранта павінны прайсці тры этапы: 1) здаць іспыт на веданне казахскай мовы, 2) сабраць неабходную колькасць подпісаў у сваю падтрымку, 3) перамагчы на выбарах.



861578d797aeb0634f77aff3f488cca2.jpg

Прызначаныя на красавік выбары прэзідэнта Казахстана пачынаюць нагадваць фарс. Кандыдатамі ў прэзідэнты Казахстана зарэгістраваны дзейны прэзідэнт і палітыкі, якія яго адкрыта падтрымліваюць.
Пазачарговыя выбары прэзідэнта Казахстана, нагадаем, прызначаны на 3 красавіка. Ахвотныя заняць пасаду казахскага гаранта павінны прайсці тры этапы: 1) здаць іспыт на веданне казахскай мовы, 2) сабраць неабходную колькасць подпісаў у сваю падтрымку, 3) перамагчы на выбарах.
Першыя два этапы закончыліся 2 сакавіка. Іх змаглі пераадолець толькі чатыры чалавекі. Іншыя (усяго ў кандыдаты падалося 22 чалавека), былі адсеяныя. Прычым галоўным фільтрам аказаўся, як не дзіўна, не збор подпісаў, а іспыт на веданне мовы. Тэст завалілі аж 9 чалавек. Яшчэ пару кандыдатаў у кандыдаты ўвогуле спужаліся ісці на дыктоўку. У выніку на выбарчай дыстанцыі засталося 11 чалавек. З іх сабраць патрэбную колькасць подпісаў у сваю падтрымку здолелі толькі чатыры.
Кандыдатамі ў прэзідэнтамі зарэгістраваныя Нурсултан Назарбаеў, Жамбыл Ахметбекаў, Гані Касымаў, Мэлс Елеўсізаў.
Прозвішчы кандыдатаў, акрамя Назарбаева, наўрад ці нешта кажуць незаангажаванаму ў казахскую палітыку чалавеку. Таму ёсць сэнс пазнаёміцца з апанентамі Назарбаева бліжэй.
Жамбыл Ахметбекаў прадстаўляе Камуністычную народную партыю, Мэлс Елеўсізаў — экалагічны саюз «Табігат», Гані Касымаў ідзе ад Партыі патрыётаў Казахстану.
Парадаксальнай была рэакцыя пералічаных кандыдатаў на паведамленні пра іх рэгістрацыю. Замест таго, каб радавацца і праяўляць рашучасць пазмагацца з Назарбаевым, кандыдаты пачалі дружна апраўдвацца за свой учынак. Так, Елеўсізаў адразу заявіў, што не збіраецца перамагаць, а свой удзел у выбарах тлумачыць жаданнем «паўдзельнічаць у дэмакратычным працэсе».
Касымаў заявіў, што «абсалютна цвяроза глядзіць на рэчы, і тое, што ён не стане прэзідэнтам, — гэта відавочна».
І толькі Ахметбекаў заявіў, што канкурэнтаў на выбарах прэзідэнта яму няма.
Такая рыторыка сведчыць пра тое, што на самАй справе ўяўляюць сабой апаненты Назарбаева. Гэта людзі, якіх узялі ў кампанію, каб стварыць ілюзію нармальнага выбарчага працэсу.
Нічога іншага ў Назарбаева не заставалася. Раней апазіцыя адмовілася ад удзелу ў датэрміновых выбарах прэзідэнта Казахстана. Так, сацыял-дэмакраты з партыі «Азат» матывавалі сваё рашэнне адсутнасцю неабходнай колькасці часу на падрыхтоўку і заклікалі правесці выбары ў тэрміны, прадугледжаныя Канстытуцыяй краіны.
Адначасова некалькі апазіцыйных арганізацый заклікалі да байкоту выбараў прэзідэнта Казахстана і стварылі камітэт, у які ўвайшлі незарэгістраваная апазіцыйная партыя «Алга», Камуністычная партыя Казахстана, няўрадавыя арганізацыі «Ар. Рух. Хак», «Аман-саулык», а таксама асобныя грамадскія дзеячы, такія, як незалежны журналіст Сяргей Дуванаў, тэатральны рэжысёр Балат Атабаеў, апазіцыйны палітык Жасарал Куанышалін.
Такая пазіцыя яўна не адпавядала планам прэзідэнцкай адміністрацыі. Там стаўку рабілі на тое, што апазіцыянеры не змогуць за кароткі час кампаніі высунуць адзінага кандыдата. Тыя, хто пройдуць у фінальную пульку, «элегантна» прайграюць Назарбаеву.
Аднак нечакана апазіцыя абвясціла байкот. У такой сітуацыі ўладзе давялося шукаць статыстаў. Кастынг кандыдатаў нагадваў цырк. Акрамя пералічанай чацвёркі, у якасці кандыдатаў у кандыдаты рэгістравалі абы каго.
Так, на першым этапе ў спісе кандыдатаў фігуравалі дзве знахаркі-экстрасэнсы з вельмі арыгінальнымі праграмамі. Адна з іх казала, што ідзе на выбары, паколькі прыйшла эпоха Вадалея, і ў Казахстане павінен быць устаноўлены матрыярхат.
У кандыдаты кандыдатаў нават запісалі аднаго беспрацоўнага, які ў выпадку перамогі абяцаў даць кожнаму мужчыне законную каханку.
Натуральна, да фінальнай стадыі кампаніі такую дзіўную публіку не пусцілі. Абралі лепшых з горшых. Аднак такі расклад не пакінуў ніякай інтрыгі. Калі меркаваць па ўсіх незалежных апытаннях, людзі не вераць у апазіцыйнасць праціўнікаў Назарбаева. Яго перамога ўжо зараз не выклікае сумневу.
Адзінае пытанне: нашто Назарбаеву выбары, якія хутчэй ставяць пад сумнеў яго легітымнасць? Натуральна, тут ёсць шмат версій. У тым ліку кажуць па тое, што Назарбаеў страціў пачуццё рэальнасці, што яму вельмі важна захаваць стабільнасць перад стартам прэзідэнцкай кампаніі ў Расіі. Нарэшце, ходзяць чуткі, што прыдворныя алхімікі Назарбаева амаль знайшлі эліксір вечнага жыцця, пра які даўно марыць Нурсултан.
Аднак сярод гэтых версій ёсць адна цікавая. Аналітыкі кажуць, што прэзідэнту важна перамагчы да таго, як у Казахстане пачнецца прадуктовы крызіс, які ўжо падабраўся сюды з Азіі. Цяпер грашовых рэсурсаў у Астаны хапае выключна для таго, каб трымаць цяперашні ўзровень коштаў да красавіка, калі і адбудуцца выбары.
Пры ўсёй прадказальнасці цяперашніх выбараў у Казахстане, яны ўсё ж застануцца ў гісторыі. Дзякуючы таму, што дзяржава выкарыстала моўны іспыт як зброю супраць апазіцыі, у грамадстве вырасла цікавасць да ведання казахскай мовы. Шмат апазіцыянераў пачалі размаў­ляць на роднай мове, каб давесці свой сур’ёзны палітычны ўзровень і перастрахавацца ад таго, што ў будучым іх можна будзе штучна заваліць на іспыце.