Сюрпрыз ад клоуна

З’яўленне кандыдата ад Зялёных змяніла фармат прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў Францыі.



0af787945872196b42c9f73ead2565c8.jpg

З’яўленне кандыдата ад Зялёных змяніла фармат прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў Францыі.
Раней французская прэса называла Еву Жалі «клоўнам». Усё з-за таго, што яна носіць чырвоныя акуляры, падобныя на тыя, што носяць у цырку. Цяпер у Жалі новая мянушка — «сюрпрыз». Спачатку яна нечакана здолела выйграць партыйныя праймерыз у Нікаля Уло — вядучага папулярнага ў 1980-я гады тэлевізійнага шоў пра прыроду. Выбар сяброў партыі «Еўропа. Экалогія. Зялёныя» (EELV) на карысць Евы падаваўся абсурдам. Уло — мегазорка. Яго неаднаразова спрабавалі ўцягнуць у свае выбарчыя штабы абедзве вядучыя партыі Францыі: галісты і сацыялісты. Адпаведна апытанням, 58 працэнтаў французаў хацелі б, каб прозвішча Уло прысутнічала ў выбарчым бюлетэні (толькі 28 жадалі падобнай перспектывы для мадам Жалі).
Сама Ева Жалі таксама мала пасуе стэрэатыпным уяўленням пра тое, якім павінен быць правадыр эколагаў. Яна нават ніколі сур’ёзна не займалася экалогіяй. Ева нарадзілася ў беднай нарвежскай сям’і ў 1943 годзе. Каб вырвацца з беднасці, выкарыстоўвала любы шанец. Так, удзельнічала ў конкурсах прыгажунь, і нават заняла трэцяе месца.
У 1964 годзе ў Осла Ева заключыла шлюб са студэнтам Паскалем Жалі, які паходзіў з вельмі багатай сям’і. Яны скончылі юрыдычны факультэт. Пасля Ева зрабіла кар’еру пракурора, кульмінацыяй якой стала афера Elf (1996 год), у якой былі замешаныя буйныя бізнсмэны краіны. У той час прэса называла Еву іконай вайны з карупцыяй, а праціўнікі пагражалі расправай. У выніку гэта падкасіла сямейныя адносіны Жалі. У 2001 годзе Паскаль Жалі пакончыў з жыццём. Ева ў стане дэпрэсіі збегла ў Нарвегію, аднак пазней вярнулася, каб паспрабаваць сябе ў палітыцы. Спачатку яна фліртавала з лібераламі, аднак пасля яе перацягнулі Зялёныя. Тут яна, здаецца, знайшла сябе. Два гады таму Жалі стала дэпутатам Еўрапарламента.
Хуткі ўздым звязаны з яе здольнасцямі цвяроза аналізаваць сітуацыю і пераконваць аўдыторыю. Менавіта гэта рабіла Жалі падчас праймерыз. Яна пераканала ўсіх, што на гэтым этапе для EELV важней сініца ў руце. Сутнасць яе паслання да аднапартыйцаў такая: спачатку трэба адбудаваць структуры, сфармаваць электаральную базу, засведчыць, што EELV — партыя прынцыпаў, а толькі пасля шукаць харызматычнага палітыка — кандыдата ў прэзідэнты. Адным словам, Нікаля Уло з яго мегавядомасцю пакуль павінен пачакаць. Большасць Зялёных (58 працэнтаў) пагадзіліся з такой стратэгіяй і прагаласавалі за Еву.
Выхад Евы Жалі на авансцэну французскай палітыкі цікавіў публіку выключна ў кантэксце магчымага блоку эколагаў з сацыялістамі падчас выбараў 2012 года. Зялёныя не хаваюць, што будуць патрабаваць за сваю падтрымку забароны АЭС у Францыі. Для памяркоўных сацыялістаў гэта вельмі радыкальны выбрык. Ева лічыцца жорсткім перамоўшчыкам.
Аднак скандалы з Евай пачаліся значна раней. Не паспелі медыя цалкам пераварыць факт яе абрання на пасаду кандыдата, як Эва зрабіла скандальную заяву адносна вайсковага параду ў дзень узяцця Бастыліі. Па яе словах, парад ёсць не што іншае, як «вялікая антымонія». На думку Евы, было б лагічней замяніць вайсковы парад — «рудымент каланіялізму» — на «праход грамадзян». Дарэчы, традыцыя вайсковых парадаў на 14 ліпеня ўзнікла толькі ў 1880 годзе, калі Францыя марыла ўзяць у немцаў рэванш за паразу ў вайне 1871 года. Раней усё абыходзілася народнымі гуляннямі.
Прэм’ер ураду Франсуа Філон у адказ назваў мадам Жалі «хіпі», і дадаў: «Я лічу, што гэтая дама не разумее традыцыі французскай культуры, нашы каштоўнасці і нашу гісторыю». Фактычна прэм’ер прадубляваў тэзісы Марына Ле Пэн, лідара правага Нацыянальнага Фронту, якая раней патрабавала не рэгістраваць Жалі ў якасці кандыдата, паколькі яна мае падвойнае грамадзянства. Марына Ле Пэн казала: «У яе (Евы Жалі) няма радзімы ў сапраўдным разуменні гэтага слова».
Ева сапраўды дасюль мае скандынаўскі акцэнт. Цяжка сказаць, наколькі яна разумее некаторыя аспекты французскай вулічнай культуры. Так, на пытанне журналістаў, ці ведае яна Дамініка Строс-Кана (былога дырэктара МВФ, вядомага сваімі сэксуальнымі прыгодамі), Ева сумленна адказала: «Зразумела. Я брала ў яго іспыт». Па апытаннях, гэты выраз прызнаны самай смешнай фразай, якую французскі палітык сказаў у 2010 годзе.
У гэтым плане не дзіўна, што Ева застаецца іншаземкай для шматлікіх простых французаў. Сярод іх хапае шавіністаў, якія зразумелі словы Філона і Ле Пэн літаральна. У твітары і на інтэрнэт-сайтах дастаткова заклікаў да таго, каб проста выкінуць Еву з Францыі. Еве таксама прыгадалі, што яна крытыкавала інстытут арміі ў той жа самы дзень, калі ў Афганістане загінула сем французскіх салдат.
Затое Ева стала кумірам левых, для якіх наяўнасць французскага пашпарту значыць прыналежнасці да французскай нацыі. «Словы Філона цяжка зразумець. Гэта ксенафобія ў самым чыстым выглядзе», — кажа Жан-Люк Меленсон, кандыдат у прэзідэнты ад кааліцыі радыкальных левых партый. Франсуа Аланд, адзін з магчымых кандыдатаў ад партыі сацыялістаў, не падтрымлівае погляды Евы адносна параду. Аднак лічыць ненармальным, калі ў палеміцы, дзе кожны мае права на свой пункт гледжання, аргументам з’яўляецца спасылка на этнічнае паходжанне апанента. «Няма французаў розных катэгорый», — кажа Аланд. Іншы фаварыт сацыялістычнага праймерыз Марцін Абры лічыць, што сваімі словамі Філон «руйнуе рэспубліканскія прынцыпы». Праўда, не ўсе сацыялісты на баку Евы. Былы кандыдат Сігален Руаяль кажа, што выказванні Жалі «ставяць пад сумнеў тое, што армія стаіць на абароне інтарэсаў французскага народа».
Адным словам, выхад у свет у кандыдата ад Зялёных атрымаўся. Зразумела, яе не ўсе палюбілі, затое лідар EELV змог захапіць дзве важныя для грамадства тэмы — антымілітарызм і ксенафобію. У дадатку з экалагічнымі лозунгамі, магчыма, гэтага будзе дастаткова, каб набраць на выбарах запаветных 10 працэнтаў, што, па словах Евы, цалкам зменяць французскую палітыку.
Ну а пакуль Ева працягвае сварку з Філонам. У першым каментары на тыраду Філона пра свае іншаземнае паходжанне, яна рашуча заявіла: «Я жыву 50 гадоў у Францыі і я францужанка. Перадайце Філону — я не пакіну свой дракар» (дракар — вайсковы карабель вікінгаў).