Спачатку быў Маа

Ва ўсім свеце мусульмане, хрысціяне і проста тыя, хто цікавіцца рэлігійнай праблематыкай, актыўна абмяркоўваюць навіну з Пекіна, дзе вырашылі перапісаць Біблію і Каран.

kitay.jpg

Хаця пра гэта стала вядома толькі днямі, само рашэнне датуецца яшчэ лістападам мінулага года. Менавіта тады на пасяджэнні Камітэта па нацыянальных і рэлігійных пытаннях была агучаная адпаведная ініцыятыва. Пазней яе дапрацавалі на пасяджэнні кітайскага парламента, які заклікаў даць «усебаковую ацэнку існуючай рэлігійнай класічнай спадчыне, звярнуўшы асаблівую ўвагу на кантэнт, які не адпавядае сучаснаму прагрэсу».

Паводле прынятай пастановы, будучыя новыя рэдакцыі класічных тэкстаў «не павінны ўтрымліваць зместаў, якія супярэчаць перакананням кітайскай камуністычнай партыі». У параграфы, якія цэнзары палічаць няправільнымі, будуць унесены папраўкі альбо іх чакае новы пераклад з адаптацыяй пад «ключавыя каштоўнасці сацыялізму» і «выклікі нашага часу». Такая рэвізія, паводле аўтараў ідэі, дазволіць прадухіліць пашырэнне «экстрэмісцкіх думак» і «ерэтычных ідэяў, якія разбураюць дзяржаву».

Хаця непасрэдна згадак пра Біблію або Каран у тэксце пастановы не прысутнічае, усе назіральнікі лічаць, што гаворка менавіта пра гэтыя рэлігійныя літаратурныя помнікі. Менавіта хрысціяне (а дакладней, каталікі) і мусульмане-уйгуры — цюркскі этнас на Захадзе Кітаю, — стала выклікаюць у чыноўнікаў КНР галаўны боль.

Асабліва ў КНР заклапочаныя вырашэннем уйгурскага пытання. Паводле заходніх медыя і экспертаў ААН, у Кітаі існуе цэлая сістэма канцэнтрацыйных установаў, дзе прыкладна мільён уйгураў праходзіць курс «перавыхавання». Праўда, сутнасць перавыхавання дастаткова незразумелая. Калі верыць успамінам экс-вязняў тых лагераў, перавыхаванне заключаецца ў тым, каб парушаць нормы ісламу — есці свініну або жлукціць гарэлку. Магчыма, такім чынам кітайцы намагаюцца зламаць ісламскую ідэнтычнасць уйгураў. Кіраўніцтва КНР, дарэчы, не так даўно вызнала наяўнасць такога кшталту цэнтраў, аднак сцвярджае, што гаворка ідзе выключна пра моўныя курсы і адукацыйныя класы павышэння кваліфікацыі.

Лічыцца, што планы падкарэктаваць той жа Каран з’яўляюцца часткай плану па прымусовай карэктоўцы мусульманскай свядомасці. Адсюль крытыка на адрас Пекіну з боку праваабаронцаў. «[Цэнзурныя планы] паказваюць, наколькі маніпулятыўнай з’яўляецца палітыка Кітая, які крывадушна дазваляе некаторым рэлігіям дзейнічаць у Кітаі, але толькі ў адпаведнасці з ухваленым адміністрацыяй канонам», — кажа ў інтэрв’ю брытанскаму Daily Mail прадстаўнік арганізацыі Amnesty International.

Той жа праваабаронца дапускае, што ва ўмовах цэнзуры і інфармацыйнай ізаляцыі Кітая новыя версіі рэлігійных тэкстаў могуць стаць сапраўды дактрынальнымі для часткі кітайскіх вернікаў. На думку некаторых, спроба навязвання кітайскім хрысціянам і мусульманам новых сакральных тэкстаў можа мець самыя непрадказальныя наступствы — у тым ліку для палітычнай стабільнасці, дзеля якой Пекін і запускае рэформу.

Валюнтарызмам Пекіну вучоныя-рэлігіязнаўцы, мякка кажучы, шакаваныя. Як піша адзін з тэолагаў, «крокі кітайцаў паказваюць, што камуністычны рэжым не разумее канцэпцыі і пазіцыі адкрыцця ісціны ў рэлігіі. У рэлігіі ісціна — гэта Слова Божае, што ўтрымлівае каштоўнасці і правілы, якія мусяць выконваць людзі, а ўсе законы, прынятыя людзьмі, павінны не супярэчыць ім і, адпаведна, не прыдумляцца».

Дарэчы, рэакцыі на планы Кітая з боку рэлігійных ісламскіх і хрысціянскіх цэнтраў пакуль няма. Таму даводзіцца задавальняцца асабістымі думкамі святароў або публіцыстаў. Відавочна, што іх пазіцыя вельмі адмоўная.

Затое, як ні парадаксальна, падыходы кітайскіх камуністаў да ісламу спадабаліся еўрапейскім правым палітыкам. Яны спадзяюцца, што ксенафобскія ісламафобскія напрацоўкі ў Паднябеснай у будучыні могуць дапамагчы «белай Еўропе» абараніць сваю ідэнтычнасць ад «ісламскай пагрозы».

Не ўтрымаліся ад каментароў наконт навінаў з КНР і аматары жартаў і прыколаў. Яны фантануюць ідэямі, як можа выглядаць тая ж Біблія, напісаная згодна з запаветамі кітайскіх камуністаў. «Напэўна, тая Біблія будзе пачынацца фразай: "Спачатку быў таварыш Маа"», — жартуе адзін з брытанскіх журналістаў.

Ёсць і палярны пункт гледжання. Прапануецца глядзець на перспектывы рэформы сакральных тэкстаў у кантэксце ідэалагічнай эвалюцыі кітайскага кіраўніцтва. Насуперак сваім публічным камуністычным лозунгам, эліта КНР, хутчэй, вызнае капіталістычныя каштоўнасці. Таму ніякай камуністычнай Бібліі чакаць не варта. Усё абмяжуецца агульнымі фармальнымі папраўкамі.

Нарэшце, цікава, што на Захадзе некаторыя левыя і ліберальныя каментатары, наадварот, віталі праект Пекіну. На іх думку, праблема карэкціроўкі архаічных рэлігійных тэкстаў, якія ўтрымліваюць шмат ксенафобскіх фрагментаў, — гэта толькі пытанне часу. Праўда, яны пагаджаюцца, што для гэтага патрэбная больш шырокая дыскусія, чым кола сяброў камітэту кітайскай Кампартыі, — пажадана з удзелам усіх вядучых цэркваў, навукоўцаў і грамадскасці.