Іспанская мазаіка
Пасля катастрофы сацыялістаў на парламенцкіх выбарах у Іспаніі, у краіне склаліся падставы для адыходу ад двухпартыйнай сістэмы.
Як вядома, пасля краху дыктатуры ў Іспаніі ў 1975 годзе тут узніклі два вядучыя палітычныя полюсы. З правага боку — постфранкісты з Народнай партыі (РР). З левага — сацыялісты з
Сацыялістычнай працоўнай партыі Іспаніі (PSOE). Гэты дзве сілы па чарзе кіруюць краінай ужо 35 гадоў. Аднак выбары 20 лістапада могуць пакласці канец такой бінарнай мадэлі.
Пасля катастрофы сацыялістаў на парламенцкіх выбарах у Іспаніі, у краіне склаліся падставы для адыходу ад двухпартыйнай сістэмы.
Як вядома, пасля краху дыктатуры ў Іспаніі ў 1975 годзе тут узніклі два вядучыя палітычныя полюсы. З правага боку — постфранкісты з Народнай партыі (РР). З левага — сацыялісты з
Сацыялістычнай працоўнай партыі Іспаніі (PSOE). Гэты дзве сілы па чарзе кіруюць краінай ужо 35 гадоў. Аднак выбары 20 лістапада могуць пакласці канец такой бінарнай мадэлі.
Справа ў тым, што сацыялісты, якія знаходзіліся ва ўладзе з 2004 года, паказалі самы кепскі вынік за ўсю гісторыю: у іх толькі 110 дэпутацкіх мандатаў (на 59 менш, чым на мінулых выбарах). На дзесяць
працэнтаў скарацілася электаральная база — да 28 працэнтаў. Такім чынам іспанцы пакаралі сацыялістычны ўрад за няздольнасць спыніць спад у эканоміцы і за рост беспрацоўя, якое дасягнула
21,5%, а сярод моладзі — нават 45,8%. Гэта, дарэчы, найгоршы паказчык у Еўрасаюзе.
Альфрэда Рубакальба — цяперашні лідар PSOE — паабяцаў хутка правесці пазатэрміновы з’езд, на якім, па яго словах, адбудзецца «радыкальнае
абнаўленне».
На думку палітолагаў, застой у лагеры сацыялістаў можа прывесці да дэфрагментацыі іх электарату і з’яўлення на левым флангу і ў цэнтры палітычнага спектру новых уплывовых палітычных
актораў.
Або старых-новых актораў. Паколькі, мяркуючы па выніках галасавання 20 лістапада, галоўным канкурэнтам з левага боку для сацыялістаў стане групоўка «Аб’яднаная левая» (IU).
IU — гэта шырокая левая кааліцыя, створаная яшчэ ў 1986 годзе падчас агульнай кампаніі левых супраць уступлення Іспаніі ў NАТО. Доўгі час тон тут задавала Кампартыя.
На хвалі поспехаў сацыялістаў пачатку гэтага стагоддзя IU перажыла заняпад. У складзе былога парламенту аб’яднаныя левыя мелі толькі двух дэпутатаў. У Картэсах новага склікання ў іх 11
мандатаў. Называюць серыю фактараў рэанімацыі IU. У тым ліку і здольнасць прыцягнуць на свой бок пратэстуючую моладзь з «Руху М15».
Нагадаем, што ўвесну па Іспаніі пракацілася хваля моладзевых пратэстаў. Іх называлі «Рух М15» паводле даты нараджэння — 15 мая. Менавіта ў гэты дзень пачалася
акупацыя вуліц і плошчаў. Мабілізаваныя праз платформу «Democracia Real YA!» у сацыяльных сетках на вуліцы выйшлі сотні тысяч людзей. Яны пратэставалі супраць карупцыі і сацыяльнай
несправядлівасці. Паколькі год быў выбарчы, узнікла дыскусія пра тое, што рабіць руху на восеньскіх выбарах. IU удалося прыцягнуць да сябе частку актыву «нязгодных».
Аднак не ўсіх. Іншыя «нязгодныя» (увогуле, унутры руху налічваецца каля 200 мікрапраектаў) або ўвогуле адмовіліся ўдзельнічаць у выбарах, або стварылі свае выбарчыя ініцыятывы.
Найбольш вядомай аказалася група «Anticapitalistas», якая заручылася падтрымкай аўтарытэтных ва ўсім свеце левых інтэлектуалаў кшталту кінарэжысёра Кена Лоуча і філосафа Ноама
Хомскага. Але выбарчы спіс «Anticapitalistas» атрымаў усяго 24 тысячы галасоў.
Таксама варта ўзгадаць пра спробу стварэння ў Іспаніі партыі Зялёных на базе ўсё таго ж «Руху М15». Зялёны рух у Іспаніі, па-сутнасці, уплывовы толькі ў Каталоніі, дзе дзейнічае
партыя «Ініцыятыва за зялёную Каталонію». Працуюць Зялёныя і ў іншых рэгіёнах, аднак аб’яднацца ў нацыянальны праект яны вырашылі толькі зараз. Ініцыятыва называлася
«Equo» і была звязаная з асобай Хуана дэ Уральдэ, былога дырэктара іспанскага філіялу «Грынпісу». Ён здолеў пераканаць эколагаў на месцах запісацца ў
«Equo». За «Equo» галасавала каля 60 тысяч выбаршчыкаў.
Што тычыцца правых канкурэнтаў — сацыялістаў, то гэта перш за ўсё сацыяльна-ліберальны Саюз «Прагрэс і Дэмакратыя» (UpyD). Па-сутнасці UpyD склаўся на базе групы
сацыялістаў, якія выйшлі з PSOE у 2007 годзе. Дысідэнты былі не згодныя з тым, што PSOE фліртуе з баскскім нацыяналізмам, не змагаецца з Касцёлам, не развівае мясцовае самакіраванне. За 4 гады
існавання сацыял-лібералы дабіліся вельмі шмат — павялічылі сваё прадстаўніцтва ў парламенце з 1 да 5 дэпутатаў галоўным чынам за кошт былых выбаршчыкаў PSOE. І гэта, магчыма, толькі
пачатак.
Вялікі ўплыў на будучую расстаноўку іспанскіх партый будзе мець сітуацыя ў аўтаноміях. Асабліва ў Краіне Баскаў, дзе на выбарах сапраўдны фурор зрабілі левыя нацыяналісты (інакш іх называюць
«izquierda abertzale»). Іх кааліцыя пад назвай «Amaiur» стала самай папулярнай на выбарах. За «Amaiur» галасавала 330 тысяч выбаршчыкаў Краіны
Баскаў, што дало кааліцыі 7 месцаў.
Ёсць цэлы комплекс прычын такога поспеху «Amaiur». Сярод іх, безумоўна, нядаўняе рашэнне тэрарыстычнай нацыяналістычнай групоўкі ЕТА адмовіцца ад вайсковых дзеянняў. Гэта стварыла ў
баскскім грамадстве вялікую ілюзію магчымасці дабіцца незалежнасці мірным дэмакратычным шляхам. «Amaiur» ішла на выбары пад пафасным і адначасова супярэчлівым лозунгам:
«Пайсці ў Мадрыд, каб пасля сысці адтуль».
У любым выпадку, на мясцовым узроўні трыумф «Amaiur» нельга пераацэніць. Па-сутнасці «izquierda abertzale» становіцца авангардам нацыянальнага руху, выціскаючы на
задні план кансерватыўную Баскскую нацыянальную партыю (PNV), якая ў выніку галасавання 20 лістапада атрымала толькі пяць месцаў.
Праваліўся і тактычны план нацыяналістаў. PNV мела надзею, што РР не атрымае большасці ў Картэсах і будзе кіраваць з дапамогай малых партнёрскіх партый кшталту PNV, якая, у сваю чаргу, магла б
дыктаваць кансерватарам сваю волю. Аднак Народная партыя набрала абсалютную большасць у Генеральных Картэсах — 186 месцаў з 350, што дае ёй магчымасць праводзіць самастойную палітыку.
Увогуле, гэта самая буйная перамога правых сіл у гісторыі дэмакратычнай Іспаніі.
Зараз, нагадаем, аўтаномны ўрад фармуюць сацыялісты, аднак іх шансы на пераабранне, як сведчыць дадзеныя іспанскага выбаркаму, вельмі прывідныя. 20 лістапада за Баскскую сацыялістычную партыю
галасаваў толькі 21 працэнт мясцовага электарату.
Радыкальныя перамены ў баскай палітыцы, здаецца, можа прыпыніць толькі вяртанне Мадрыду да рэпрэсіўнай практыкі, калі ўсе партыі з лагеру «izquierda abertzale» былі забароненыя.
Новы прэм’ер Марыяна Рахой ужо выступіў з падобнай пагрозай на адрас «Amaiur». Магчымасць абвастрэння сітуацыя ў гэтай галіне выключаць нельга. Тэма барацьбы з баскскім
тэрарызмам і сепаратызмам заўсёды была інструментарыем у руках палітыкаў РР. Не выключана, што гэты сродак будзе ўжыты і зараз, хаця б для таго, каб адвесці ўвагу грамадства ад праблем
эканомікі.
Сапраўды, сітуацыя ў эканоміцы непрадказальная. Нават самі кансерватары прызнаюцца, што рэцэптаў выхаду з крызісу ў іх няма, і новы кабінет Рахоя чакаюць вялікія цяжкасці. Няўдачы ўраду могуць
прывесці да росту супярэчнасцей нават у пакуль, здавалася, маналітнай Народнай партыі. Такі даволі рэалістычны сцэнар яшчэ больш заблытае і без таго заблытаную цяперашнюю іспанскую палітыку.