Справы, якія не маюць тэрміну даўніны

Алжырскія праваабаронцы патрабуюць прыцягнуць да адказнасці групу сілавікоў за катаванні палітычных зняволеных.

1030265_640.jpg


Тэма катаванняў — вельмі важная частка афіцыйнай палітычнай дыскусіі ў Алжыры. Алжыр любіць прыгадаць французам жудасныя зверствы ў дачыненні да жыхароў краіны, якія змагаліся за незалежнасць у 1950–1960-я гады.
У межах той кампаніі застрашвання праз палітычных вязняў французы прапускалі электрычны ток. Іх прымушалі сядзець на разбітым шкле, сілай напаўнялі іх арганізм вадой, пакуль не распухаў жывот, а затым скакалі па іх, каб вада пачынала выходзіць з рота, вушэй, носа. Людзей прымушалі пераносіць цяжкасці, языком падмятаць дарогу, бегаць вакол дома на працягу дзесяці гадзін безупынна. Прымушалі будаваць сцены, разбураць іх і зноў будаваць. Для навучання «мастацтву» катаванняў французы заснавалі ў горадзе Скікда нават спецыяльную школу.
Таксама алжырскі МЗС вельмі любіць вінаваціць у гвалце з дачыненні да палітычных вязняў суседняе Марока, дзе актыўна пераследуюцца прыхільнікі стварэння незалежнай дзяржавы Заходняя Сахара. І вось тэма катаванняў нечакана бумерангам ударыла па ўладах Алжыра.
Усё пачалося ў лютым, калі студэнту Валіду Некіха прад'явілі абвінавачанне ў «падрыве нацыянальнага адзінства». Па гэтым артыкуле, дарэчы, падсудны, згодна з мясцовымі законамі, мог атрымаць пажыццёвы тэрмін. Доказам віны Некіха з’яўляўся актыўны ўдзел у руху «Hirak» — шырокай грамадзянскай кампаніі за дэмакратызацыю Алжыра. Яна пачалася прыкладна два гады таму і, дарэчы, дамаглася, каб стары прэзідэнт адмовіўся балатавацца на новы тэрмін. Акрамя таго, Некіха абвінавацілі ў тым, што ён вывесіў сцяг руху за аўтаномію правінцыі Кабіла, дзе жывуць этнічныя берберы.
Нечакана судовае разбіральніцтва аказалася не дэманстратыўнай расправай над актывістам, а выкрыццём фактаў жорсткага абыходжання з палітвязнямі. Паводле слоў Некіха, падчас допытаў яго збівалі з прымяненнем рознага роду цяжкіх прадметаў.
Можна дапусціць, што гэтая непрыемная для ўлад інфармацыя паўплывала на незвычайна хуткае і мяккае рашэнне алжырскай Феміды. Замест пажыццёвага тэрміну Некіха быў асуджаны да шасці месяцаў турэмнага зняволення са штрафам па абвінавачанні ў «распаўсюдзе і захоўванні ўлётак, якія наносяць шкоду інтарэсам краіны».
Аднак, мяркуючы па ўсім, справа Некіха аказалася не вельмі ўнікальнай. Інакш бы днямі Алжырская ліга абароны правоў чалавека (LADDH) не заклікала пракуратуру пачаць комплекснае расследаванне па справе катаванняў актывістаў апазіцыі. Гаворка як мінімум пра пяцярых чалавек. Таксама называюць прозвішчы канкрэтных афіцэраў Службы бяспекі, якія датычныя да катаванняў.
Праваабаронцамі таксама былі прадстаўлены сведчанні ахвяр гвалту. Яны сцвярджаюць, што ў аддзяленнях службы бяспекі іх распраналі, катавалі электрашокерам. Некаторыя, у тым ліку юнакі, прызналіся, што былі ахвярамі сексуальнага гвалту.
Паколькі ў 1989 годзе Алжыр ратыфікаваў Міжнародную канвенцыю супраць катаванняў, якія былі забароненыя Крымінальным кодэксам і Канстытуцыяй краіны, да справы падключылася міжнародная грамадскасць.
Вярхоўны камісар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па правах чалавека афіцыйна звярнуўся да ўлад Алжыра з просьбай аб «хуткім і непрадузятым расследаванні» заяў пра катаванні і сексуальныя здзекі з боку служб бяспекі падчас утрымання апазіцыянераў пад вартай.
Ці варта спадзявацца, што ўлады Алжыра дадуць ход справе, якая можа адмоўна паўплываць на іх імідж? Каментатары на форумах асцярожныя на гэты конт. На іх думку, прыцягнуць сілавікоў да адказнасці дапаможа, хутчэй, ціск з боку вуліцы. У выпадку моцных акцый улада можа, як мінімум, ахвяраваць некаторымі функцыянерамі і запатрабаваць ад падначаленых устрымацца ад гвалту.
З іншага боку, практычна ўсе згаджаюцца, што на вынік цяперашняй гісторыі можа паўплываць нечаканы ўчынак Эмануэля Макрона. Днямі прэзідэнт Францыі прызнаў, што вядомы змагар за незалежнасць Алжыра Алі Буменджэль у 1957 годзе загінуў ад рук французаў у выніку катаванняў.
Раней, паводле афіцыйнай версіі, лічылася, што ён скончыў жыццё самагубствам. Аж да прызнання Макрона афіцыйны Парыж настойваў, што Алі Буменджэль выкінуўся з акна. Прычым пазіцыя французскай дзяржавы не змянілася нават у 2000 годзе, калі былы кіраўнік французскіх дэсантнікаў у Алжыры прызнаў, што яго падначаленыя пасля катаванняў забілі алжырца. І вось цяпер Парыж прызнаў сваю віну. «Алі Буменджэль не здзяйсняў самагубства. Яго катавалі і затым забілі», — сказаў Макрон на сустрэчы з чатырма ўнукамі алжырскага героя.
Заяву Парыжа ў алжырскім афіцыёзе падаюць як значны знешнепалітычны поспех, як фарміраванне новага трэнду, калі былыя каланізатары прызнаюць факты ваенных злачынстваў на тэрыторыях былых калоній. Але для апазіцыйнай прэсы ўчынак Макрона — гэта таксама і сігнал алжырскім уладам на тое, што справы аб катаваннях не маюць тэрмінаў даўніны.