«Стоп-бензін» па-французску

Сотні тысяч чалавек будуюць барыкады, перакрываюць дарогі, учыняюць бойкі з паліцыяй, разбураюць і падпальваюць машыны, збіваюць кіроўцаў. Кіроўцы ў адказ тараняць натоўпы пратэстоўцаў. Так выглядае нязгода «жоўтых камізэлек» з новым падаткам на паліва. Францыю ахапілі пратэсты.

Фота www.timeslive.co.za

Фота www.timeslive.co.za

 Пра іх асаблівасці ў інтэрв’ю «Новаму Часу» распавядае французскі журналіст Аляксандр Чукаеў.

— У мінулую суботу каля 290 тысяч чалавек блакавалі аўтамагістралі, і нават гіпермаркеты. Паліцыя паведамляе пра 400 сутычак. Ёсць і ахвяры — у Савоі машына пераехала жанчыну. Ці можна казаць, што пратэсты супраць новага падатку на бензін — сацыяльны феномен?

— Наўрад ці. На думку гісторыкаў, першая акцыя пратэсту ў Францыі супраць росту коштаў на бензін датуецца 1933 годам. У 1970-я, калі Захад перажыў так званы «нафтавы шок» і падняліся цэны на запраўках, французскія аўтааматары таксама блакавалі трасы. Таму, хутчэй, феномен «жоўтых камізэлек» перш за ўсё ў тым, што яго выклікала звычайная пратэстная петыцыя ў інтэрнэце, якую напісалі ўладальнік крамы і кіроўца грузавіка. Іх заклік пратэставаць супраць новых коштаў (з наступнага года бензін падаражэе яшчэ на 3 цэнты, дызпаліва — на 6,5 цэнта) нечакана знайшоў фантастычную падтрымку ў сеціве. Гэта дало штуршок да першых пратэстаў 9 лістапада, удзельнікі якіх спантанна надзелі жоўтыя камізэлькі (такія камізэлькі абавязковыя ў Францыі ва ўсіх аўтамабілях і матацыклах). На працягу двух тыдняў рух нечакана ахапіў усю краіну.

— Улады называюць новы падатак экалагічным. На іх думку, ён дапаможа змагацца са зменамі клімату, прымусіць людзей купляць электрамабілі. Якую пазіцыю займаюць наконт пратэстаў эколагі?

— Сярод эколагаў няма агульнага меркавання на гэты конт. Некаторыя, у тым ліку такія, як Даніэль Кон-Бендзіт, лічаць, што толькі так можна спыніць змяненне клімату. Дзе-нідзе супраць «жоўтых камізэлек» пратэставалі раварысты. Іншыя эколагі падтрымліваюць блакады. На іх думку, адмова ад дызелю, пераход на экалагічныя машыны магчымыя толькі ў выпадку, калі пакупніцкая здольнасць у насельніцтва будзе высокай. Для гэтага падаткі трэба не павышаць, а зніжаць. Рух Réseau Action climat зрабіў заяву пра тое, што Макрон хутчэй маніпулюе тэмай экалогіі. Урад падвышае цэны для насельніцтва, аднак не кранае авіякампаніі, якія выкарыстоўваюць тое ж самае паліва. З пазіцыі справядлівага прынцыпу падаткаў пратэст падтрымліваюць таксама левыя партыі і прафсаюзы.

— Які сацыяльны базіс у руху «жоўтых камізэлек»? Як ён выглядае арганізацыйна і структурна?

— Сацыялогія кажа, што «жоўтыя камізэлькі» — пераважна бунт правінцыі. Ці, хутчэй, гнеў правінцыі, дзе людзі ўспрымаюць усё больш эмацыйна. Сяляне вымушаныя шмат перасоўвацца, дабірацца штодня ў горад на працу, і таму павышэнне коштаў ударыла па ўсіх. У гарадах пратэст падтрымліваюць сацыяльныя групы кшталту пенсіянераў ці наёмных работнікаў, што традыцыйна пакрыўджаныя на эліту. Ніякіх структур і прадстаўнікоў у руху няма. Аднак у яго ёсць магутная падтрымка сярод інтэлектуалаў і журналістаў, якія заклікаюць уладу пачуць голас народа.

— Як улада рэагуе на пратэсты?

— Прэзідэнт Эмануэль Макрон пакуль дыстанцыяваўся ад гэтай праблемы і пераклаў адказнасць на прэм’ера. 18 лістапада прэм’ер заявіў, што ўлада не будзе адступаць. На думку некаторых каментатараў, ва ўрадзе спадзяюцца, што ініцыятыву на пікетах захопяць радыкалы. Іх бойкі з паліцыяй прымусяць простых людзей пакінуць пікеты. Аднак гэта — пакуль пажаданні. Між тым, масавая незадаволенасць ужо адбіваецца на рэйтынгу Макрона, які за тыдзень страціў амаль 4 пункты. Яго папулярнасць на цяперашні дзень ужо ніжэй за 25 працэнтаў.

— Пратэсты пачаліся напярэдадні стагоддзя заканчэння Першай сусветнай вайны. У рамках урачыстасцяў з нагоды юбілею Макрон нечакана заявіў, што маршал Петэн (кіраўнік прагітлераўскага рэжыму Вішы) з’яўляецца «сапраўдным жаўнерам». Ці можна гэта разглядаць як спробу Макрона знайсці сабе новы электарат?

— Напэўна, такія намеры ёсць. Нездарма адзін з дэпутатаў партыі Макрона днямі падтрымаў законапраект абавязаць імігрантаў у Францыі мяняць імёны на французскія. Аднак у правай Францыі ёсць свае куміры, і наўрад ці яна будзе бегчы ў лагер прэзідэнта. Так ці інакш, перспектывы Макрона шмат у чым будуць залежаць ад таго, ці вытхнецца ў хуткім часе пратэст «жоўтых камізэлек». Адказ на гэтае пытанне дасць бліжэйшы ўік-энд, на які абвешчаная новая мабілізацыя. У тым ліку «жоўтыя камізэлькі» абяцаюць цалкам заблакаваць Парыж.