Суд па справе аб МН17: каля пасольства РФ у Гаазе ўсталявалі 298 белых крэслаў

Каля амбасады Расіі ў Нідэрландах напярэдадні крымінальнага працэсу па справе аб збітым ў небе над Данбасам «Боінгу-777» прайшла памятная акцыя.

52681452_303.jpg

Сваякі ахвяраў пасажырскага авіялайнера «Боінг-777» «Малайзійскіх авіяліній», які ўлетку 2014 года выконваў рэйс МН17 з Амстэрдама ў Куала-Лумпур і быў збіты ў небе над Данбасам, правялі ў нядзелю, 8 сакавіка, ля амбасады Расіі ў Гаазе памятную акцыю з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці вінаватых у трагедыі. Як перадае карэспандэнт DW, перад будынкам дыппрадстаўніцтва сабраліся каля 15 сваякоў, да іх далучыліся некалькі мінакоў.
Акцыя адбылася за суткі да пачатку ў Нідэрландах крымінальнага працэсу супраць меркаваных вінаватых у злачынстве.
Каля будынка амбасады ўсталявалі 298 белых крэслаў — па колькасці ахвяр трагедыі. На сядзеннях расклалі белыя ружы і ўсталявалі фатаграфіі. Акрамя таго, былі размешчаны плакаты, у прыватнасці з патрабаваннем правасуддзя па справе аб крушэнні лайнера і з надпісамі, што чалавечнасць важней палітыкі. Памяць загінулых ушанавалі хвілінай маўчання.

«Мы чакалі больш за пяць гадоў»


Член праўлення нідэрландскага фонду «Авіякатастрофа» Піт Плуг страціў брата, нявестку і пляменніка ў гэтай катастрофе. Ён лічыць, што Расія павінна панесці адказнасць за збіты самалёт.
«Мы больш пяць гадоў чакалі гэтага суда. Мы хочам ведаць, хто вінаваты ў гібелі нашых блізкіх, а таксама якая роля РФ у гэтай трагедыі», — адзначыў Плуг.

Пачатак слуханняў па справе


Суд Гаагі 9 сакавіка правядзе першыя слуханні па справе ў юрыдычным комплексе, размешчаным каля аэрапорта Схіпхол пад Амстэрдамам, адкуль вылятаў малайзійскі «Боінг». Пасяджэнне будзе адкрытым, але размясціцца ў зале ўсе жадаючыя не змогуць з-за недахопу месца. Збольшага таму ўлады Нідэрландаў у выглядзе выключэння вырашылі весці прамую трансляцыю з судовага працэсу. Яна будзе праходзіць на нідэрландскай і англійскай мовах.
На лаве падсудных павінны апынуцца трое расіян: былы «міністр абароны» так званай «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў), генерал-маёр Сяргей Дубінскі (па мянушцы Хмурны), палкоўнік Алег Пулатаў (Гюрза) і грамадзянін Украіны Леанід Харчанка (Крот). Гіркін — таму, што на той момант займаў самы галоўны ваенны пост у самаабвешчанай «ДНР», Дубінскі быў яго намеснікам, Пулатаў — намеснікам Дубінскага, а Харчанка — таму, што падпарадкоўваўся Дубінскаму.
Законы Нідэрландаў дазваляюць прыцягнуць да адказнасці названых падазраваных, хоць «самі яны не націскалі на кнопку (пуску ракеты ЗРК «Бук». - Рэд.)», адзначыў кіраўнік нацыянальнай паліцыі і адзін з кіраўнікоў JIT Вільберт Паулісэн. Паводле высноў следства, Гіркін і трое іншых спрыялі прыбыццю ваеннай тэхнікі з РФ і каардынавалі дзеянні ЗРК, згуляўшы такім чынам «ключавую ролю ў забойстве 298 чалавек».

Збіты ваеннай ракетай


Да сённяшняга дня ніхто не ўзяў на сябе адказнасць за катастрофу «Боінга-777». Пасля трагедыі пяць краін — Аўстралія, Бельгія, Малайзія, Нідэрланды і Украіна — стварылі сумесную Міжнародную следчую групу (JIT), якая некалькі гадоў вяла расследаванне, а з 2016 года пачала інфармаваць грамадскасць аб ходзе следства.
Эксперты JIT прыйшлі да высновы, што грамадзянскі самалёт у небе над Данбасам 17 ліпеня 2014 года збіла ваенная ракета серыі 9М38, выпушчаная з ракетна-зенітнага комплексу «Бук», а ЗРК знаходзіўся на тэрыторыі, падкантрольнай прарасейскім сепаратыстам. Сьледчыя ўпэўненыя, што «Бук» патрапіў на ўкраінскую тэрыторыю з 53-й брыгады СПА РФ пад Курскам і неўзабаве пасля трагедыі быў вывезены праз мяжу на тэрыторыю РФ.
dw.com