Сусветныя цікавосткі: Гарэм для лідара краіны, веданне біяграфіі правадыра як права на працу
Хто можа трапіць у «Атрад задавальненняў» у КНДР? Што трэба ведаць супрацоўнікам дзяржструктур у Туркменістане, каб прайсці атэстацыю? Якія гульні прапануюць расійскім дзецям замест гольфа? Пра ўсё гэта чытайце ў «Сусветных цікавостках».
«Атрад задавальненняў» кіраўніка краіны
Перабежчык з Паўночнай Карэі расказаў брытанскаму таблоіду Daily Star, што дыктатар Кім Чэн Ын штогод адбірае 25 нявінніц у свой «Атрад задавальненняў». У краіне існуе спецыяльны дэпартамент, супрацоўнікі якога наведваюць школы ў пошуках кандыдатак у гэты атрад. «Як толькі яны знаходзяць сімпатычных дзяўчат, першае, што робяць, правяраюць іх сямейны і палітычны статус. Дапускаюць толькі тых дзяўчат, сямейнікі якіх не ўцякалі з Паўночнай Карэі і не маюць сваякоў у Паўднёвай Карэі ці іншых краінах. Затым медыцынскае абследаванне для пацвярджэння іх цнатлівасці. Тыя, хто пройдзе гэты этап, праходзяць яшчэ адзін строгі медыцынскі агляд, дзе малаважныя дэфекты, такія як малюсенькія шнары ў любым месцы цела, могуць прывесці да дыскваліфікацыі, — паведамляе Daily Star. У выніку дбайнай праверкі адбіраюць усяго некалькіх дзяўчат, якіх затым пераводзяць у Пхеньян. Цяпер адзінай мэтай гэтых дзяўчат становіцца дагадзіць дыктатару і сябрам ягонага атачэння. Калі «чальцам» атрада спаўняецца каля дваццаці пяці гадоў, лічыцца, што іх росквіт ужо прайшоў. Тады іх звычайна выдаюць замуж за аднаго з целаахоўнікаў лідара.
«Атрад задавальненняў» існуе яшчэ з часоў Кім Ір Сена, які кіраваў краінай з 1944-га па 1994-ты. Лідары КНДР, нібыта, лічаць, што «сексуальная блізкасць з маладымі дзяўчынкамі-падлеткамі надае ім неўміручасць». Версія, праўда, вельмі сумнеўная. Напрыклад, паўночнакарэйскі лідар Кім Чэн Ір памёр ад шырокага сардэчнага прыступу ў 2011 годзе ва ўзросце 70 гадоў, і ніякі «Атрад задавальненняў», як бачым, яму не дапамог.
Па матэрыялах брытанскай прэсы.
Юбілей грандыёзнага дыпскандалу
Днямі меў месца цікавы юбілей. 70 гадоў таму, 23 красавіка 1954 года, Савецкі Саюз разарваў дыпламатычныя адносіны з Аўстраліяй пасля прадастаўлення ёю палітычнага прытулку перабежчыку. Ім быў кадравы афіцэр НКУС СССР Уладзімір Пятроў, які працаваў трэцім сакратаром савецкага пасольства ў Канберы. Пасля таго, як Уладзімір Пятроў звярнуўся да аўстралійскіх уладаў з просьбай аб палітычным прытулку, пачаўся грандыёзны скандал. Савецкае пасольства ў Аўстраліі было закрыта на некалькі гадоў, а дыпламатычныя адносіны паміж дзвюма краінамі перапынены. Падобная рэакцыя падаецца дзіўнай, калі не адзін нюанс. Уладзіміра Пятрова ў Аўстралію камандаваў асабіста Лаўрэнцій Берыя. Як вынік, перабежчык выдаў шмат сакрэтнай інфармацыі, якой скарысталіся не толькі спецслужбы Аўстраліі, але і ЗША, Англіі, Канады, Швецыі і нават Фінляндыі. Удар па савецкай рэзідэнтуры быў нанесены наймацнейшы, па некаторых звестках былі раскрыты каля 600 савецкіх агентаў. Уцёкі Уладзіміра Пятрова лічацца адным з найбуйнейшых правалаў савецкіх спецслужбаў. У 1956 годзе муж і жонка Пятровы атрымалі грамадзянства Аўстраліі і з тых часоў пражывалі пад чужымі імёнамі і прозвішчамі, пастаянна пераязджалі з месца на месца, хаваючыся пад аховай спецслужбаў. Інцыдэнт стаў прычынай часовага закрыцця савецкага пасольства ў Канберы і высылкі вялікай колькасці аўстралійскіх дыпламатаў з Масквы. Адноўлены дыпламатычныя адносіны паміж СССР і Аўстраліяй будуць толькі праз пяць гадоў.
Па матэрыялах расійскай прэсы
Не ведаеш біяграфіі правадыра — не возьмуць на працу
У Туркменістане асноўныя пытанні, якія задаюць работнікам дзяржустаноў падчас правядзення атэстацыі, з гэтага часу таксама тычацца біяграфіі прэзідэнта і яго сваякоў, паведамляюць туркменскія незалежныя медыя. У якасці прыкладу называюць падрабязнасці атэстацыі, якую праходзілі нядаўна супрацоўнікі Агенцтва транспарту і камунікацый, Міністэрства адукацыі і Канцэрна «Туркменнафта». Супрацоўнікаў гэтых установаў папярэдзілі аб атэстацыі і аб'явілі дату. Людзі рыхтаваліся да пытанняў, якія тычацца аспектаў іх прафесіі і працоўных абавязкаў. Асабліва перажывалі тыя, хто набыў дыплом за грошы і адпаведна кепска ведаў уласную спецыяльнасць. Аднак экзаменатараў цікавілі не іх прафесійныя веды, а старонкі біяграфіі прэзідэнта Сердара Бердымухамедава. Людзей пыталіся, дзе ён нарадзіўся і атрымаў адукацыю, якія пасады займаў і г.д. Таксама прасілі расказаць пра вядомых членаў яго сям'і і пра змест напісаных ім кніг. Такую дзіўную атэстацыю натуральна прайшлі не ўсе работнікі дзяржустаноў. Кіраўнікі пагражаюць панізіць іх на пасадзе або ўрэзаць заробак. Яны таксама раяць сваім супрацоўнікам падаць заяву на паўторную атэстацыю і добра да яе падрыхтавацца.
Па матэрыялах туркменскай прэсы
Гольф — прадажная дзеўка імперыялізму!
15 красавіка стала вядома аб загадзе Міністэрства асветы Расіі ўключыць гольф у школьную фізкультурную праграму. На гэтую навіну адрэагавалі са здзіўленнем, паколькі гольф патрабуе наяўнасці вялікай інфраструктуры. З цяжкасцю можна ўявіць, як гэтая дысцыпліна можа быць рэалізавана ва ўмовах звычайнай школы. А вось мікраскапічная партыя «Камуністы Расіі» рэагуе куды больш жорстка: яна накіравала пратэст з нагоды ўключэння гольфа ў школьную праграму старшыні ўрада РФ Мішусціну, патрабуючы адмяніць непрадуманы загад міністэрства». «Гэта традыцыя недружалюбных заходніх эліт, традыцыя англасаксаў — гуляць у гольф. Зусім незразумела, навошта Мінаасветы РФ навязвае гэтую гульню імперыялістаў расійскім дзецям, якія жывуць у звычайных сем'ях людзей наёмнай працы або сярэдняга дастатку?» — адзначыў кіраўнік партыі Сяргей Малінковіч. У камуністаў ужо ёсць альтэрнатыва гольфу: «Трэба рэкамендаваць школам, каб дзеткі гулялі ў лапту, казакі-разбойнікі і ў Чапаева, а не ў гульні, папулярныя ў арыстакратаў заходняга свету», — дадаў усё той жа Малінковіч. Хоць усё гэта падобна на трызненне, рацыянальнае зерне ў заявы Малінковіча ёсць. Напярэдадні выбараў у рэгіянальныя парламенты «Камуністы Расіі» вось такім незвычайным спосабам нагадваюць грамадскасці пра сваё існаванне.
Па матэрыялах расійскай прэсы