Сусветныя цікавосткі: Жарсці па банкеце, Дзяржынскі — ліберал, Міхаіл Галусцян — будучы прэзідэнт Арменіі?

Усталяванне помніка Дзяржынскаму ў Маскве — падстава казаць пра чарговы крок па рэстаўрацыі сталінізму для адных і нагода згадаць некаторыя дэталі біяграфіі «жалезнага Фелікса» для іншых. Кароль Карл ІІІ наведаў Францыю, пра вячэру ў яго гонар гавораць дагэтуль. Ці паўторыць Міхаіл Галусцян шлях свайго ўкраінскага калегі? Пра гэта і не толькі ў «Сусветных цікавостках».

Фота РИА «Новости»

Фота РИА «Новости»

Калі Дзяржынскі быў лібералам

На днях на тэрыторыі Службы знешняй разведкі РФ у маскоўскім раёне Ясенева быў усталяваны помнік Дзяржынскаму. Новы помнік — гэта не арыгінальная праца, а паменшаная копія знакамітага помніка працы Яўгена Вучэціча, які да жніўня 1991 года стаяў на Лубянскай плошчы ў Маскве. Ліберальная грамадскасць чакана ўбачыла ў гэтым чарговы крок па рэстаўрацыі сталінізму. Але гісторыкі ўспомнілі забаўную дэталь. У свой час Фелікс Дзяржынскі быў сімвалам лібералізацыі. Яго культ пачаў фарміравацца на хвалі хрушчоўскай адлігі. Нядзіўна, што помнік Дзяржынскаму з'явіўся на Лубянскай плошчы ў 1958 годзе, гэта значыць, у самы разгар развянчання культу асобы Сталіна. Вобраз Дзяржынскага тады быў супрацьпастаўлены Ягодзе, Яжову, Берыі і іншым арганізатарам тэрору 37-га. Адсюль і педаляванне гуманітарных аспектаў дзейнасці Фелікса Эдмундавіча, перш за ўсё яго барацьбы з дзіцячай бездагляднасцю. Толькі ў 70-х, калі КДБ занялося барацьбой з дысідэнтамі, Дзяржынскі як сімвал «канторы» стаў асацыіравацца з рэакцыяй. Вось такія незвычайныя піруэты грамадскага ўспрымання нашага земляка.

Па матэрыялах расійскай прэсы

Колькі моў яшчэ трэба ЕС?

Іспанія, баскі

Іспанія, баскі

Іспанія, якая цяпер старшынюе ў ЕС, падала просьбу аб прызнанні на ўзроўні ЕС трох афіцыйных моў краіны (акрамя іспанскай мовы такі статус ёсць у галісійскай, басконскай і каталонскай). Аднак ініцыятыва забуксавала. У якасці апраўдання дыпламаты спасылаюцца на выдаткі і тэхнічныя праблемы. Уключэнне каталонскай, басконскай і галісійскай моў азначала б, што ўсе афіцыйныя дакументы ў будучыні давядзецца перакладаць на гэтыя мовы. Між тым ЕС замучыўся з 24 афіцыйнымі і працоўнымі мовамі. Некаторыя краіны апасаюцца адраджэння старых моўных канфліктаў. Аднак наўрад на гэтым усё і скончыцца. Прэм'ер-міністр Іспаніі Педра Санчэс, прадстаўнік сацыялістаў, спрабуе сфарміраваць новую парламенцкую большасць пад сваё прэм'ерства. Яму адчайна патрэбны галасы дэпутатаў ад нацыяналістычных партый. Заклікі да прызнання мясцовай мовы афіцыйнай у рамках ЕС асабліва папулярныя ў Каталоніі, дзе на каталонскай мове гавораць больш за 10 мільёнаў чалавек. Мясцовыя нацыяналісты, безумоўна, падтрымліваюць моўныя ініцыятывы Санчэса. Таму няма сумневу, што, пакуль у Мадрыдзе ва ўладзе сацыялісты, спробы падняць статут моў іспанскіх нацменаў будуць працягвацца.

Па матэрыялах нямецкай прэсы 

Жарсці па банкеце

Вячэра ў Версалі ў гонар Карла ІІІ. Getty Images

Вячэра ў Версалі ў гонар Карла ІІІ. Getty Images

Скончыўся візіт англійскага караля Карла Трэцяга ў Францыю. Пакуль галоўным уражаннем ад ваяжу стала раскошная вячэра, якую даў у гонар манарха французскі прэзідэнт. Фуршэт на 150 персон прайшоў у Версальскім палацы і проста шакіраваў французаў. Раскошная вячэра (у меню былі выключна дарагія далікатэсы накшталт лобстэраў) відавочна не адпавядала паўсядзённаму жыццю французаў, якому характэрна нестабільнасць. Таму апазіцыйныя медыя шмат пішуць наконт таго, што Эмануэль Макрон уявіў сябе манархам. На іх думку, Макрон мог бы прыняць Карла III у Елісейскім палацы — сімвале рэспублікі. Аднак ён аддаў перавагу Версалю — сіноніму абсалютнай манархіі, што, маўляў, кажа пра аўтарытарныя замашкі гаранта. Аднак ёсць і іншы пункт гледжання. Падчас прыёму Макрон атачыў сябе французскімі і брытанскімі культурнымі, палітычнымі, эканамічнымі і спартовымі знакамітасцямі, ад Міка Джагера да Х'ю Гранта, Патрыка Віейры, Бернара Арно і г.д. У кожнага з іх велізарная колькасць прыхільнікаў у краіне. Таму не выключана, што вячэра ў Версалі можа як негатыўна паўплываць на імідж Макрона, так і палепшыць яго.

Па матэрыялах французскай прэсы


Міхаіл Галусцян — будучы прэзідэнт Арменіі?

Міхаіл Галусцян

Міхаіл Галусцян

Вядомы расійскі акцёр-комік армянскага паходжання Міхаіл Галусцян аб'явіў аб пачатку здымкаў серыяла «Слуга Арменіі». Па задуме сцэнарыстаў у фільме просты настаўнік становіцца прэзідэнтам краіны і вырашае ўсе праблемы армян. Як бачым, сінопсіс нагадвае сюжэт украінскага серыяла «Слуга народа», які даў Уладзіміру Зяленскаму пропуск у вялікую палітыку. Створаны Зяленскім на экране вобраз прэзідэнта, які спрабуе перабудаваць краіну, дапамог яму выйграць прэзідэнцкія выбары ў 2019-м. Ці значыць гэта, што Галусцян хоча паўтарыць шлях украінскага калегі-коміка і стаць армянскім лідарам? Аўтары «Слугі Арменіі» падобныя інсінуацыі не прымаюць. «Любыя супадзенні з украінскім серыялам выпадковыя. У прэзідэнты Арменіі я не збіраюся», — заявіў акцёр. Аднак тут ёсць адна цікавая дэталь. У жніўні Галусцян нечакана атрымаў армянскі пашпарт і фактычна — права ўдзельнічаць у армянскім палітычным працэсе. Таксама цікава, што Галусцян адмовіўся каментаваць, ці звязана атрыманне ім армянскага грамадзянства з маючымі адбыцца здымкамі. «Нават калі б я вырашыў узначаліць Арменію, то абавязкова паставіў бы ўмову, што не пайду на другі тэрмін», — дадаў Галусцян. Цікава, аднак менавіта такое абяцанне даваў Зяленскі напярэдадні паходу ў палітыку.

Па матэрыялах расійскай прэсы