Расія. Помнік Дзяржынскаму вернуць на Лубянку?
«Афіцэры Расіі» папрасілі генпракурора вярнуць помнік Дзяржынскаму на Лубянку
Грамадская арганізацыя «Афіцэры Расіі» звярнулася да генпракурора РФ Ігара Краснова з просьбай аднавіць помнік кіраўніку ВЧК Феліксу Дзяржынскаму на Лубянскую плошчы ў Маскве, паведамляе meduza.io.
Арганізацыя папрасіла пракуратуру правесці праверку, наколькі законна ў 1991 годзе помнік дэмантавалі з Лубянскай плошчы. У звароце «Афіцэраў Расіі» сказана, што з 21 па 22 жніўня 1991 года тагачасны мэр Масквы Гаўрыіл Папоў даў нібыта незаконнае ўказанне дэмантаваць і перамясціць помнік, а гарадскі Савет народных дэпутатаў 24 кастрычніка 1991 года прыняў адпаведнае рашэнне. Але, на думку кіраўніцтва арганізацыі, з-за статусу помніка рашэнне пра яго дэмантаж маглі прыняць або Савет Міністраў СССР, або Савет Міністраў РСФСР.
Нагадаем, 24 кастрычніка 1991 года Прэзідыум Массавета зацвердзіў рашэнне «Аб захаванні, пераносе ў запаснікі і размяшчэнні ў спецыяльнай экспазіцыі мемарыяльных збудаванняў палітыка-ідэалагічнай тэматыкі савецкага перыяду». Згодна з гэтым рашэннем, некалькі скульптур, што былі прыбраныя з вуліц і плошчаў Масквы (у тым ліку помнік Дзяржынскаму), вырашылі зрабіць экспанатамі ў новым парку «Музеон» на Крымскім Вале.
У розныя гады палітыкі, у тым ліку прадстаўнікі КПРФ і былы мэр Масквы Юрый Лужкоў, выступалі за вяртанне помніка Дзяржынскаму на Лубянскую плошчу. У 2015 годзе КПРФ сабрала 150 тысяч подпісаў за правядзенне рэферэндуму сярод жыхароў Масквы па гэтым пытанні, але так і не арганізавала яго.
У 2017 годзе ў расійскім грамадстве адбыўся новы віток дыскусіі пра пераацэнку асобы Фелікса Дзяржынскага, які з'яўляўся арганізатарам чырвонага тэрору. У тым годзе ў Кіраве да 140-годдзя з дня нараджэння Дзяржынскага па ініцыятыве ветэранаў ФСБ адкрылі помнік кіраўніку ВЧК, а дэпутаты Краснадарскай думы прысвоілі імя Дзяржынскага мясцовай школе