Церцель расказаў на «Гродна-Азоце» пра забойствы, лялькаводаў і будучыню пратэстаў

«Наша Ніва» атрымала аўдыязапіс сустрэчы.

000019_1591259478_393461_big.jpg

Кіраўнік Камітэта дзяржбяспекі Іван Церцель 17 снежня выступіў перад рабочымі і начальствам прадпрыемства «Гродна-Азот» і расказаў пра забойствы Тарайкоўскага і Бандарэнкі, расійскіх лялькаводаў і будучыню пратэстаў.
«Я не аратар, маё жыццё прайшло ў службах, якія звычайна застаюцца ў цяні. Але гэта патрабаванне кіраўніка дзяржавы, каб нашы грамадзяне былі інфармаваныя пра сітуацыю ў краіне. Спецслужбы самыя інфармаваныя, пасля прэзідэнта, аб сітуацыі ў краіне. Кіраўнік КДБ — другая асоба ў краіне па інфармаванасці, таму я перад вамі выступаю. Мне можна задаваць любыя пытанні».
* * *«Армія заўсёды рыхтуецца да вайны, але не заўсёды ваюе. А спецслужбы заўсёды ваююць, знаходзяцца ў баі. У наш час не так часта забіваюць, але бывае таксама».
* * *
«Грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне няпростая. Чаму так выйшла? У канцы 2019 у КДБ мы ўжо ведалі як гэта будзе адбывацца. Мы рыхтаваліся да гэтага. У прынцыпе, усё так і выйшла. Першая прычына — геапалітычны перападзел свету. Здавалася б, нас 9,5 мільёна жыхароў, няма выхаду да маро, небагатая на прыродныя рэсурсы, толькі калійныя ўгнаенні і лес. Здавалася б, што да гэтай маленькай краіны? Але мы на разломе інтарэсаў Усходу і Захаду. Польшча называе нас сваім «падбрушшам». Расія нас называе «Смаленскія вароты», просты выхад да Масквы. Хто будзе кантраляваць Беларусь, той будзе дамінаваць у рэгіёне. Калі Расія тут будзе дамінаваць — гэта будзе сур’ёзны ўдар па Украіне. Мы ў цэнтры падзелу свету».
* * *
«Другое — гэта пандэмія. У пачатку года, калі пандэмія пачалася, усё прагназаваліся падзелы свету. Мы гэта бачым праз прасоўванне сваёй вакцыны. Хто навяжа сваю вакцыну, той будзе дыктаваць умовы ў свеце. Шмат хто кажа, што ў нас была няправільная палітыка адносна пандэміі. Гэта не так. Я магу працытаваць закрыты даклад заходніх спецслужбаў, дзе кажацца, што Беларусь праявіла эфектыўную палітыку, сыходзячы з эканамічных магчымасцяў, па барацьбе з пандэміяй. Да жніўня эканоміка сур’ёзна не правалілася. Што будзе далей — цяжка прагназаваць. Калі б мы ўвялі жорсткія абмежаванні, то мы б праваліліся ў эканоміцы, не сабралі ўраджай».
* * *
«У нас ёсць розныя дактары, рознае стаўленне, падыходы, але медыцына ў нас захавалася. У нас хапае койка-месцаў, захавалася інфекцыйная служба, чаго няма ў суседзяў. У Літве, каб звярнуцца ў хуткую дапамогу, каштуе 100 з лішнім еўра, і не адразу яна прыедзе. Гэта ў Літве, якая ў СССР лічылася перадавой рэспублікай. А мы крытыкуем наш падыход, які прызнаны самым верным. Хвароба небяспечная, але яшчэ больш небяспечная паніка».
* * *
«Прышчэплены ад каранавіруса расійскай вакцынай. Гэта эксперыментальны варыянт. Клапачуся не пра сябе, а пра тых, з кім кантактую. Будуць прывівацца ў нас дактары, педагогі, сталыя людзі, групы рызыкі, а потым усё насельніцтва. Расійская вакцына нармальная».
* * *
«Трэцяя прычына — праблемы ў эканоміцы. У нас з Расіяй узнікаюць пытанні па цане на нафту. Вы помніце, што летась давялося два месяцы працаваць на ўнутранай сыравіне. Цэны на газ таксама».
* * *
«У нас быў рэалізаваны жорсткі сцэнар «каляровай рэвалюцыі», да якога мы былі гатовыя.
Гэта інфармацыйная падкачка. Мы ведалі, што будзе вылучацца чалавек з банкаўскага асяроддзя, не буду казаць, хто за ім стаяў, але мы ўсё гэта ведаем. Другі чалавек — з асяроддзя дзяржчыноўнікаў. Трэці чалавек — ад народу. Мы ведалі, якія грошы вылучаліся і кім. Нам удалося ўсё гэта купіраваць. Прагназавалася і паслявыбарчая сітуацыя».
* * *
«Так, мы прайграём інфармацыйную прастору. Моладзь у асноўным глядзіць, на жаль, інтэрнэт.
Моладзь арыентуецца толькі на кідкія загалоўкі. Мы рыхтаваліся нават да замежнай інтэрвенцыі, прыкрытай гуманітарнымі мэтамі. Рыхтуемся і цяпер. У перспектыве ўсё будзе добра. Цяпер чакаюць, што ў сакавіку-красавіку ўсё будзе кепска з эканомікай. Чакаюць і самі гэта набліжаюць праз санкцыі».
* * *
«Польшчай выдзяляюцца грошы, каб «узарваць» студэнцкія калектывы і рабочых. На забастоўкі грошы будуць выдзяляцца, мы ведаем, праз каго яны будуць ісці».
* * *
«Яшчэ адзін кірунак — гэта чыноўнікі, дзяржслужачыя. Яны шукаюць здраднікаў. Пакуль адзін знайшоўся сярод сур'ёзных людзей, ну не сур’ёзных — дырэктар Купалаўскага тэатра Латушка, адзін здраднік знайшоўся. На гэта грошы таксама будуць вылучацца. Мы ведаем, хто гэтым займаецца і хто фінансуе».
* * *«Таварыш Аўтуховіч стварыў групу з такіх жа адмарожаных, прабачце мне, я не буду баяцца гэтага слова, як і ён, якія ў Ваўкавыску спалілі дом участковага, яго машыну, тут, на Альшанцы ўзарвалі машыну, падклалі трацілавую шашку, супрацоўніка міліцыі. Праводзілі даразведку з жыхаркай — мы яе затрымалі ўчора — аднаго з населеных пунктаў каля Гродна, каб разабрацца з членамі сям’і міліцыянера і спаліць яго дом. Таварыш Аўтуховіч гэтую зброю набыў ва Украіне, выйшаў туды, учора мы затрымалі правадніка, які выводзіў яго на тэрыторыю Украіны, дзе ён закупіўся зброяй. Зброю паказвалі, яна рэальная. Здзейсніў гэтыя акты. Аднаго мы яшчэ не злавілі, ловім, бегае — ну, знойдзем. Хаваўся ён у гаражы ў Брэсцкай вобласці, у свайго даўнішняга знаёмага, пісталет трымаў пад падушкай у пастаяннай гатоўнасці. Мы яго затрымлівалі з групай «Альфа» пры выхадзе ў краму — затрымалі, было дастаткова небяспечна. Але я вам скажу так: больш мы на такія рэчы глядзець не будзем. Як кажа кіраўнік адной з краін недалёка, «будзем мачыць у сарціры». Жыцці супрацоўнікаў ставіць пад удар больш не будзем — будзем проста знішчаць. Іншага выйсця не будзе».
* * *
«Мы рыхтуемся да вясны, ведаем, як будзе развівацца сітуацыя, дзейнічаць будзем жорстка. Справядліва, але жорстка. Будзем рыхтавацца да гарачай вайны, не выключаем і такога варыянту пад відам гуманітарнай місіі. Гэты няпросты перыяд будзе 1,5—2 года».
* * *
«Мы вядзём перамовы з Расійскай Федэрацыяй аб змяншэнні цэнаў на газ, але не ўсё так проста».
***
«Пазбегнуць, прайсці ўсе рызыкі далёка не ўсім краінам удаецца. Не зразумела, як яшчэ скончыцца сітуацыя ў Польшчы, яна іх нашмат больш сур’ёзная па шэрагу аспектаў, чым у нас. Гэта проста не асвятляецца. Недзе ў нас па афіцыйным тэлебачанні ці па Еўраньюс між іншым паказваюць, што ў Варшаве перакрываюць вуліцы, там маніфестацыі і масы народы кіруюцца іншымі мэтамі. У эканоміцы Польшчы сур’ёзныя праблемы і там практычна рухнула сістэма аховы здароўя на фоне кавіду, бо там трэба за ўсё плаціць. Медыцына платная, яна ўся развалена. У Літве ўвогуле сямейныя дактары! Інфекцыяністаў як такіх увогуле не засталося. Не ясна, чым закончыцца сітуацыя ў Штатах. Чаму Амерыка займае крыху ўзважаную пазіцыю? Бо амерыканцы паміж сабой абмяркоўваюць: як мы можам абмяркоўваць, што адбываецца ў Беларусі, калі паглядзіце, што ў нас адбываецца ў паўднёвых штатах — гінуць паліцэйскія (больш за 100 загінулых на кастрычнік)».
* * *
«Лялькаводаў расійскіх вы ўбачыце, таварыш Бабарыка пойдзе ў суд, усё гэта будзе галосна і адкрыта».
* * *
«Я лічу, што дэмакратыя — гэта паліттэхналогія».
* * *
«Вакол паводзін сілавых структур дастаткова шмат міфаў, фэйкаў, абстаноўка нагнятаецца адмыслова. Сярод вас, мабыць, ёсць знаёмыя, якія пацярпелі, мабыць, такія моманты ёсць. Таварыш Тараўноўскі ці Тарайкоўскі ў Мінску загінуў. Але хто бачыў гэтыя здымкі — бачыў, што чалавек стаіць перад АМАПам, выйшаў — і нахабна стаіць перад міліцыяй (абурэнне ў зале). Ён стаіць мэтанакіравана. Прабачце мяне, хто быў у Злучаных Штатах? («Там вольны продаж зброі» — рэпліка з залы). Спыняецца машына, што ты павінен зрабіць? Рукі пакласці на руль. Калі ты рукі не паклаў на руль, што з табой зробяць? Прыстрэляць на месцы. (Уся зала: «Няпраўда!»)»
* * *
«Без моцнай, жорсткай улады ў Беларусі шанцаў не будзе. Можа, не ўсім гэта падабаецца. Але і не ўсім падабаецца а 6-й ранку прачынацца і ісці на працу».
* * *
«У мікрараёнах Мінска выходзіць 700 чалавек. У асноўным моладзь і беспрацоўныя. Насамрэч усё згасае. Чалавек загінуў? Які? Бандарэнка? Праводзіцца праверка. Давайце не выпячваць сітуацыю, пакуль не разабраліся адпаведныя органы».
* * *
«Мы затрымліваем па 5—6 шпіёнаў з Польшчы і Літвы штогод. Па «Вагнеру» ўся інфармацыя перададзеныя ў РФ, на гэтым усё вычарпана». (Далей Церцель адмовіўся каментаваць інфармацыю паведамлялі, што яны ходзяць у лясах.)
Варта адзначыць, што рэакцыя прысутных работнікаў на выступ Церцеля была рэзкая, пытанні гучалі выключна крытычныя, а адзіныя апладысменты за час сустрэчы прагучалі пасля аднаго з такіх рэзкіх пытанняў.
nn.by