Свята не будзе

Прыхільнікі федэралізацыі Італіі адмаўляюцца святкаваць юбілей аб’яднання краіны.

Саму гадавіну адсвяткуюць толькі праз год, 17 сакавіка 2011 года ў Турыне. Менавіта ў гэты дзень у 1860 годзе парламент абвясціў пра стварэнне на базе Савойскай дзяржавы Італьянскага каралеўства. Закончылася даўняя амаль 50-гадовая вайна за аб’яднанне краіны, фрагментамі якой былі войны Напалеона, дзве вайны з Аўстрыяй, серыя няўдалых паўстанняў карбанарыяў, дэсант Гарыбальдзі на Сіцылію.



4c8c76b39d294759a9000cbda3a6571a.jpg

Прыхільнікі федэралізацыі Італіі адмаўляюцца святкаваць юбілей аб’яднання краіны.
Саму гадавіну адсвяткуюць толькі праз год, 17 сакавіка 2011 года ў Турыне. Менавіта ў гэты дзень у 1860 годзе парламент абвясціў пра стварэнне на базе Савойскай дзяржавы Італьянскага каралеўства. Закончылася даўняя амаль 50-гадовая вайна за аб’яднанне краіны, фрагментамі якой былі войны Напалеона, дзве вайны з Аўстрыяй, серыя няўдалых паўстанняў карбанарыяў, дэсант Гарыбальдзі на Сіцылію.
Здавалася, такая падзея, як адзінства нацыі, не можа быць прадметам палітычных спрэчак. Тым больш у 1911 годзе Італія вельмі гучна адсвяткавала 50-ю гадавіну. Тады ў тым жа Турыне прайшла сусветная тэхнічная выстава, якая, на думку шматлікіх гісторыкаў, дала старт індустрыялізацыі краіны.
Аднак не ўсе прытрымліваюцца такой думкі. Напрыклад, сябры партыі «Ліга Поўначы», якая выступае за стварэнне на поўначы краіны асобнай дзяржавы або як мінімум надання гэтаму раёну шырокай аўтаноміі. На іх думку, на Поўначы і на Поўдні розныя ментальнасць, культура, традыцыя. Трэба прызнаць, што ідэя федэралізацыі падзяляецца шмат якімі жыхарамі больш заможных за паўднёвыя паўночных правінцый. «Ліга Поўначы» ўваходзіць у склад італьянскага ўраду, мае ў парламенце 37 дэпутатаў і 23 сенатары.
Скандал пачаўся 3 мая. Міністр юстыцыі Кальдэрон, сябра партыі «Ліга Поўначы», на пасяджэнні ўраду заявіў, што не збіраецца ўдзельнічаць у святкаваннях 150-й гадавіны аб’яднання Італіі. На просьбу аднаго з міністраў растлумачыць матывы такога незвычайнага ўчынку, Кальдэрон толькі сказаў: «Да пабачэння».
Пазіцыю аднапартыйца больш дэталёва растлумачыў старшыня партыі Умберта Босі. У інтэрв’ю выданню газеце «Republica» ён заявіў: «Святкаванне 150-й гадавіны адзінства Італіі мне здаецца справай не важнай і дастаткова рытарычнай. Я яшчэ не прыняў рашэння наконт таго, ці браць удзел у гэтым мерапрыемстве».
Падзеі ў Турыне 150-гадовай даўніны не заслугоўваюць увагі, паколькі, перакананы Босі, тады была зроблена фатальная памылка. У якасці мадэлі дзяржаўнага ладу быў прыняты унітарызм, а не федэралізм. Гэта заклала пад дзяржаву бомбу з гадзіннікавым механізмам. Унітарны эксперымент, лічыць лідэр партыі, абавязкова закончыцца катастрофай, падобнай на тую, якую зараз перажывае Грэцыя: «Федэралізм — лепшая прафілактыка ад банкруцтва. У выпадку федэралізацыі Італіі багатая Поўнач перастане даваць грошы беднаму Поўдню, а той, у сваю чаргу, перастане праядаць халяўныя сродкі і навучыцца элементарнай эканоміі».

Паўстанне ў Мілане. Ламбардыя. Ксілаграфія. 1848


Босі таксама заклікаў напісаць новую гісторыю Італіі. На ягоную думку, Кавур — прэм’ер ураду П’емонта, бацька аб’яднання, быў перакананым федэралістам і менавіта федэралістычныя ідэі рухалі тымі, хто ішоў ваяваць за адзіную Італію. Аднак у выніку патрыётаў-федэралістаў падманулі. Пасля перамогі над аўстрыйцамі п’емонцкі манарх Віктар Імануіл ІІ быццам падманам навязаў дзяржаве унітарызм.
У прынцыпе, спробаў перапісаць гісторыю заўсёды хапала. Прычым таксама з пазіцый таго, што Савойскі дом сапраўды згуляў своеасаблівую партыю, ужыўшы нацыянальныя лозунгі ў якасці прыманкі.
Сацыялісты (у тым ліку Грамшы) пісалі пра тое, што Турын скарыстаўся сацыяльнымі пратэстамі насельніцтва Поўдня супраць мясцовых эліт. Ёсць гістарычныя школы, якія бачаць у аб’яднанні краіны акт каланізацыі Поўдня, за кошт якога Поўнач пасля здзейсніла індустрыяльную рэвалюцыю. Існуе і масонская версія, адпаведна якой вольныя муляры пад соусам аб’яднання Італіі расправіліся з папскім клерыкалізмам.
Так ці інакш, крытыкуючы розныя аспекты гісторыі аб’яднання, ніхто не аспрэчваў прагрэсіўнага характару стварэння адзінай італьянскай дзяржавы. Першым на такое рашылася партыя Босі, чым наклікала на сябе крытыку.
Самае цікавае, што ў авангардзе крытыкі Босі ідзе Ватыкан, які ў 1860-я гады паслядоўна выступаў супраць ідэі італьянскай дзяржавы. Пасля таго, як італьянскія войскі занялі Рым у 1870 годзе і перанеслі сюды сталіцу, Папа Пій IX увогуле абвясціў сябе ватыканскім вязнем.
Цяпер касцёл падкарэктаваў падыходы. Па словах святароў, менавіта каталіцкая вера ў часы феадальнай анархіі і юрыдычнай раздробленасці была вялікім фактарам падтрымання нацыянальнай свядомасці.
«Сепаратызм не пройдзе!» — пад такім заклікам падпісаліся буйныя італьянскія прамыслоўцы пад кіраўніцтвам уладальнікаў вядомага аўтамабільнага канцэрну «Fiat». Незадаволеныя нават сябры партыі Берлусконі. Яны заклікаюць прэм’ера націснуць на Босі, пакуль тэма нацыянальнага адзінства не стала манаполіяй левай апазіцыі.
Атака на Босі, які піша прэса, хутчэй за ўсё, прымусіць яго быць у Турыне ў сакавіку наступнага года.