Таджыкістан. Бабаназарава не стане прэзідэнтам

Сябра Партыі ісламскага адраджэння Таджыкістану, кандыдат ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 6 лістапада сышла з выбарчай гонкі пасля таго, як здолела сабраць усяго 201 тысячу подпісаў у падтрымку сваёй кандыдатуры (каб атрымаць рэгістрацыю, патрэбна 205 тысяч).



b9e19e35_1878_4060_94ea_f27eca0b2f6f.jpg

Кажучы пра прычыны сваёй няўдачы, праваабаронца спасылаецца на ціск з боку ўладных структур. Адмова ў рэгістрацыі Айніхол канчаткова пазбавіла выбары інтрыгі. Усе дружна прагназуюць чарговую перамогу Эмамалі Рахмона, якому для фармальнасці падабралі аж пяць канкурэнтаў-статыстаў.

Хаця нейкая інтрыга захавалася. Яна заключаецца ў пытанні, як будзе ўлада разбірацца з апазіцыяй пасля выбараў. Ужо ёсць чуткі пра магчымую забарону Партыі ісламскага адраджэння Таджыкістану, што стане сапраўднай падзеяй для ўсяго СНД.

Справа ў тым, што гэтая партыя — адзіная ісламская партыя, зарэгістраваная ў былым СССР. Прычым яе правы замацаваныя ў таджыкскай канстытуцыі, якая была прынятая пасля грамадзянскай вайны 1990-х гадоў. Аднак, здаецца, на такія моманты цяпер у Душанбэ звяртаць увагі не будуць. На днях лідару ісламістаў прыгразілі крымінальнай справай за абразу сталічных уладаў.