Тайна смерці кампазітара
Ва Украіне адноўлена следства па справе таямнічай смерці Уладзіміра Івасюка — самага вядомага кампазітара эстрадных украінскіх песень савецкіх часоў.
Уладзіміра Івасюка не стала роўна 30 гадоў таму. 18 мая 1979 года яго знайшлі павешаным у вайсковай зоне пад Львовам. На той момант ён быў вельмі вядомым кампазітарам. Івасюк напісаў папулярную
«Червону руту» і «Водограй» , якія спявала маладая Сафія Ротару.

Ва Украіне адноўлена следства па справе таямнічай смерці Уладзіміра Івасюка — самага вядомага кампазітара эстрадных украінскіх песень савецкіх часоў.
Уладзіміра Івасюка не стала роўна 30 гадоў таму. 18 мая 1979 года яго знайшлі павешаным у вайсковай зоне пад Львовам. На той момант ён быў вельмі вядомым кампазітарам. Івасюк напісаў папулярную
«Червону руту» і «Водограй» , якія спявала маладая Сафія Ротару.
Пры гэтым Уладзімір Івасюк пісаў выключна на ўкраінскай мове, што стварыла яму імідж нацыяналіста. Натуральна, ягоную смерць разглядалі як помсту ўладаў за нежаданне дапамагаць справе русіфікацыі.
Было вядома, што Івасюк адмовіўся пісаць музыку да песні, якая прысвячалася чарговай гадавіне Пераяслаўскай рады. Ён таксама не захацеў пісаць заяву на ўступленне ў КПСС.
Следчыя ў часы застою, зразумела, згаданую вышэй версію не прынялі, аднак больш-менш лагічнага адказу на загадку смерці Івасюка таксама не прапанавалі. На іх думку, Івасюк павесіўся сам, бо быў у
дрэнным псіхічным стане — следства няшчаснага кахання або праблемы на працы (напярэдадні яму не далі прэмію).
Рашэнне зачыніць справу адразу выклікала насцярожанасць. Нават некаторыя сябры следчай групы не прымалі версію самагубства. Было шмат сведак, якія сцвярджалі, што Івасюк будаваў вялікія планы на
будучыню. А яго родзічы яшчэ з пачатку 80-х хадзілі па высокіх кабінетах і патрабавалі аднаўлення справы. Аднак толькі зараз Генпракуратура вырашыла пачаць дадатковае следства.
Гэта выглядае цалкам лагічна. Не трэба быць экспертам, каб не верыць у тое, што Івасюк добраахвотна аддаў Богу душу. Месца, дзе знайшлі труп Івасюка, знаходзіцца каля дарогі. Кожны дзень па ёй
рухаецца транспарт і ходзяць людзі. Аднак на працягу трох тыдняў ніводны мінак або кіроўца машыны чамусьці не звярнуў увагі на чалавека, які вісіць на дрэве. На целе Івасюка не знайшлі слядоў кары
дрэва, на ствол якога ён тэарэтычна мусіў падняцца, каб пакончыць з сабой. Вышыня дрэва, якое нябожчык абраў, таксама выглядае дзіўнай з погляду на рост самога Івасюка. Нарэшце, след на шыі мае
дзіўны выгляд — іншы, чым у вісельнікаў, якія сыходзяць з жыцця па сваёй волі. Ёсць яшчэ адзін момант: кіраўніку ВНУ, дзе вучыўся Уладзімір да пачатку музычнай кар’еры, не паверыў у
версію самагубства, публічна казаў, што музыку забілі. Праз нейкі час педагог сам загінуў у аўтамабільнай катастрофе.
Таксама дзіўнымі выглядаюць учынкі Івасюка напярэдадні смерці. Нішто не кажа пра тое, што ён збіраўся добраахвотна накласці на сябе рукі. У дзень смерці ён заходзіў да сястры ў кансерваторыю і казаў,
што прыйдзе да хаты пасля размовы з нейкім чалавекам, які быццам яго шукаў. Пасля гэтага музыку ніхто не бачыў. Што было пасля? Гэта павінна ўстанавіць следства.
Відавочна, што ў гэтым дапамогуць архівы КДБ, якія цяпер адкрытыя для грамадства. Спецслужбы трымалі Заходнюю Украіну на асобым рахунку. Бандэраўская партызанка закончылася толькі ў сярэдзіне 50-х. З
пачатку 60-х у краі дзейнічаў дысідэнцкі нацыяналістычны рух. Натуральна, асоба Івасюка была пад кантролем. У часы русіфікацыі песні на ўкраінскай мове мелі палітычны падтэкст. Родныя Івасюка
ўпэўненыя, што КДБ спрабавала завербаваць кампазітара, вакол якога заўсёды было шмат нацыянальнай публікі. Запісы ягоных песняў былі папулярныя сярод эмігрантаў. Магчыма, якраз ціск КДБ і стаў
прычынай трагедыі? Праўда, ёсць адна дэталь. Дасюль не знойдзены матэрыялы пра вярбоўку Івасюка. Калі б такія дакументы былі, за амаль 20 гадоў незалежнасці Украіны іх даўно б адшукалі.
Таму маюць месца іншыя версіі. Самая цікавыя звязаная з фігурай Таццяны Жукавай. Яна працавала ў Львоўскай кансерваторыі. Доўгі час Уладзімір і Таццяна жылі разам і нават збіраліся аформіць шлюб,
калі раптам, са слоў Таццяны, Уладзімір перастаў вяртацца да тэмы вяселля. Журналісты выкапалі, што гэтаму папярэднічала спрэчка Уладзіміра са сваім бацькам Міхаілам, які быў супраць шлюбу з Жукавай.
Пасля гэтага Івасюк нават трапіў у псіхіятрычны шпіталь.
Родныя Івасюка лічаць, што Таццяна мае нейкае дачыненне да ягонай смерці. Сама Жукава, якая пераехала ў Харкаў, адмаўляецца каментаваць такія чуткі. Аднак, у адрозненні ад іншых, яна верыць у версію
самагубства кампазітара. Кажа, што ён неаднаразова казаў пра суіцыд. І нават неяк пракаментаваў фільм, дзе была сцэна самагубства, наступнымі словамі: «Не разумею людзей, якія дэманструюць
сыход з жыцця такім чынам, каб гэта мела нейкі рэзананс. Калі чалавек вырашыў сысці з жыцця, ён павінен зрабіць так, каб яго потым доўга не знайшлі».
Канфлікт у сям’і Івасюкоў з-за Таццяны звязваюць з палітычнымі поглядамі бацькі. Апошні нарадзіўся на тэрыторыі Букавіны, якая была часткай Румыніі. Каб вучыцца на роднай мове, нелегальна
перайшоў савецка-румынскую мяжу. Аднак на савецкім баку на яго жаданне рэагавалі ў духу тых часоў. Далі артыкул за шпіянаж і адправілі ў ГУЛАГ. Там ён сустрэўся з украінскімі нацыяналістамі,
удзельнікамі бандэраўскага супраціву і, верагодна, трапіў пад іх уплыў. Па вяртанню ў Чарнаўцы ён працаваў у мясцовым універсітэце і быў вядомы як вялікі прыхільнік усяго ўкраінскага. Гэта дае
падставу для версіі пра тое, што Міхаіл Івасюк мог забараніць сыну шлюб з Таццянай з-за таго, што яна руская.
На ўкраінскіх інтэрнэт-форумаў, прысвечаных аднаўленню следства па справе Івасюка, дамінуюць такія каментары: «Івасюк пісаў цудоўныя песні, які пеў амаль увесь СССР, аднак з палітычнага
пункту гледжання яны абсалютна лаяльныя». «Гэта была спланаваная аперацыя спецслужбаў. Гэта была тагачасная рэальнасць, і няма чаго тут казаць».