The Economist: Утрымаць украінскія тэрыторыі Расіі будзе цяжэй, чым захапіць

Па дадзеных спадарожнікавых здымкаў і ваеннай разведкі, Расія трымае каля 50 тыс. вайскоўцаў ўздоўж мяжы з Украінай. Гэтыя сілы складаюць значную частку 270-тысячнай рускай арміі і не могуць заўсёды заставацца ў стане павышанай гатоўнасці, у якім яны ёсць з пачатку сакавіка. Не ў апошнюю чаргу таму, што менавіта цяпер надыходзіць час дэмабілізацыі адных салдат тэрміновай службы і прызыву іншых.



the_economist_logo1_0.jpg

Узброеныя сілы Украіны, наадварот, малалікія, дрэнна абсталяваныя і не выведзеныя на выгадныя пазіцыі. У яе баявых частках толькі 77 тыс. вайскоўцаў. Прыкладна столькі ж налічваюць ўнутраныя войскі, але на поўдні і ўсходзе краіны іх лаяльнасць выклікае сумневы. Тэарэтычна можна яшчэ мабілізаваць міліён рэзервістаў — усіх тых, каму застаецца яшчэ пяць гадоў да дасягнення гранічнага ўзросту знаходжання ў запасе. Але гэта, відавочна, будуць дрэнна вымуштраваныя войскі, якія могуць выконваць вельмі абмежаванае кола задач.

Расія траціць на сваё войска больш, чым любая іншая краіна, за выключэннем Кітая і ЗША: $88 млрд у 2013 годзе, што напалову больш, чым Вялікабрытанія. Па дадзеных Стакгольмскага інстытута даследаванняў праблем міру (SIPRI), яе выдаткі на абарону хутка растуць, а недахопы, выяўленыя падчас вайны з Грузіяй у 2008 годзе, выпраўляюцца. Гэта тады як абаронныя выдаткі Украіны ў мінулым годзе склалі $2,4 млрд. Яе узброеныя сілы пераважна аснашчаны савецкімі танкамі і артылерыяй. 36 ўкраінскіх знішчальнікаў Су — 27 базуюцца ў Крыме, таму ў паветра не паднімуцца. Па дадзеных апошняй версіі штогадовага каталога «Ваенны баланс», які выдае Міжнародны інстытут стратэгічных даследаванняў, Украіна мае яшчэ 90 меншых знішчальнікаў МіГ — 29 і іншых самалётаў, здольных наносіць ўдары па наземных мэтах. Але яны значна саступаюць большаму па ліку флоту падобных самалётаў, аснашчаных сучаснымі ракетамі і радарамі, якія мае на ўзбраенні Расія. Украінская сістэма супрацьпаветранай абароны — гэта таксама савецкі лом.

Да таго ж сілы Украіны размешчаны зусім не там, дзе трэба: на захадзе, нібыта ім неабходна адбіваць напад НАТА. Без значных баз або загадзя разгорнутага абсталявання на ўсходзе ад Дняпра, узброеным сілам Украіны не атрымаецца доўга супраціўляцца ўварванню Расіі. Галоўнакамандуючы АВС НАТА ў Еўропе, генерал ВПС ЗША генерал Філіп Брыдлаў кажа, што разгорнутыя ўздоўж украінскай мяжы сілы Расіі «гатовы да ўдару і, на нашу думку, могуць выканаць пастаўленую задачу за тры-пяць дзён, калі атрымаюць адпаведны загад».

Шмат што залежыць ад таго, якімі менавіта могуць быць гэтыя пастаўленыя задачы. Адзін з варыянтаў — адкрыць сухапутны калідор у Крым праз Данецк і Марыупаль. Другі — калідор з Крыма праз Адэсу ў Прыднястроўе, дзе базуюцца расійскія войскі. Трэці, крайні варыянт — раскол краіны па Дняпры.

Аднак ваенныя стратэгі РФ не могуць не ставіць Пуціна ў вядомасць, што ўзброенае ўварванне з абмежаванай мэтай ва ўмовах слабой абароны можа апынуцца лёгкай задачай, аднак утрыманне значнай тэрыторыі супраць волі большасці мясцовага насельніцтва будзе справай значна больш цяжкай. Несумненна, руху войскаў будуць перашкаджаць атакі ўкраінскіх партызанскіх фармаванняў. Раскватараванне буйных вайсковых сіл ва Украіне на працягу неабмежаванага перыяду будзе мець наступствы ў іншых рэгіёнах у (ці каля) Расіі, бо будзе адцягваць яе сілы з іншых нестабільных кропак кшталту Паўночнага Каўказа і Сярэдняй Азіі. Да таго ж, Пуцін не можа быць цалкам упэўненым у поспеху сваіх войскаў. Мадэрнізацыя пасля расійска-грузінскай вайны ўсё яшчэ працягваецца, камандаванне неэфектыўнае, а кіраванню і лагістыцы перашкаджае несумяшчальнасць абсталявання.

Як сказана ў нядаўна выдадзенай біяграфіі расійскага прэзідэнта, адзін з яго першых інструктараў у КДБ наракаў, што ў Пуціна «прыніжанае пачуццё небяспекі». Таму, калі яму прыйдзецца выбіраць паміж тым, паслаць войскі ва Украіну ці адклікаць іх, не факт, што ён сам ведае, што абярэ.

www.economist.com