Лідэр сепаратыстаў Данецка збег у Маскву
Так званы сустаршыня ўрада «Данецкай народнай рэспублікі» Дзяніс Пушылін даў у Маскве прэс-канферэнцыю. Пры гэтым ён паведаміў, што вылецеў у Маскву з Данецка «адносна паспяхова», але не гатовы казаць, калі вернецца, каб у яго не ўзнікла праблем пры вяртанні. Пушылін заявіў, што пражывае ў Данецку ў захопленым будынку аблдзяржадміністрацыі, і вельмі даўно не быў дома.
Пры гэтым ён паведаміў, што ў шэрагах ДНР шмат правакатараў і здраднікаў, таму ён не гатовы казаць аб далейшых планах, спачатку трэба правесці рэферэндум. Пушылін паведаміў, што Расія прадастаўляе ў першую чаргу інфармацыйную і кансультацыйную дапамогу.
Паводле ягоных словаў, міліцыя Данецкай вобласці займае нейтральную пазіцыю адносна падзей у рэгіёне. Ён заявіў , што міліцыя вобласці дэмаралізаваная і часткова разышлася па дамах. Як ён паведаміў, апалчэнцы звярталіся да міліцыянтаў, каб тыя вярнуліся на працу і забяспечвалі парадак на вуліцах.
Як вядома, пасля анексіі Крыма ў красавіку прарасійскія ўзброеныя баевікі захапілі адмінбудынкі ў шэрагу гарадоў Данецкай вобласці. Яны выкрадаюць, катуюць і забіваюць людзей, бяруць закладнікаў.
6 красавіка ў Данецку прарасійскія мітынгоўцы штурмам захапілі будынак абласной адміністрацыі, патрабуючы неадкладнага склікання пазачарговай сесіі аблсавета і прыняцця дэпутатамі рашэння аб правядзенні ў рэгіёне рэферэндуму аб далучэнні да Расіі. 7 красавіка сепаратысты, якія захапілі будынак, абвясцілі аб стварэнні суверэннай дзяржавы «Данецкая народная рэспубліка» і аб правядзенні да 11 траўня рэферэндуму.
Паводле tyzhden.ua