The New York Times: Міф пра тое, што Пуцін — геніяльны стратэг
Пасля расійскага ваеннага ўмяшання ў Сірыі каментатары абвясцілі Пуціна геніяльным стратэгам. Але, як лічыць экс-амбасадар ЗША ў Расіі Майкл Макфол, на справе ўсё наадварот.
Майкл Макфол піша ў артыкуле для The New York Times, што пяць гадоў таму Расія знаходзілася ў больш трывалым становішчы, а “сёння Пуцін гуляе, каб абараніцца, памнажаючы няўдалыя рашэнні, якія натхнёныя састарэлай тэорыяй міжнароднай палітыкі”.
Макфол раіць ЗША і іх саюзнікам “праводзіць усеабдымную стратэгію, каб мінімізаваць негатыўныя наступствы дзеянняў Расіі і максімальна павялічыць пазітыўныя наступствы нашых”.
Пасля “Арабскай вясны” і пратэстаў у Расіі і ва Украіне Пуцін палічыў, што за ўсім гэтым тоіцца “рука ЗША” і ў адказ варта ўжываць прымус і сілу, мяркуе аўтар.
У Расіі тактыка Пуціна перашкодзіла прасоўванню апазіцыі. Але ў выніку эканамічныя рэформы застапарыліся, інвестыцыі знізіліся, а доля дзяржаўнай уласнасці павялічылася. Ва Украіне ганенні на пратэстуючых праваліліся. Пуцін палічыў, што гэта аперацыя ЦРУ, і нанёс зваротны ўдар — “анексаваў Крым і паспрабаваў захапіць яшчэ і землі на Усходняй Украіне”, гаворыцца ў артыкуле.
Гэта былі недаўгавечныя дасягненні, а іх кошт нарастае, лічыць Макфол. “У выніку санкцый і зніжэння коштаў на энерганосьбіты аб’ём расійскай эканомікі знізіўся з 2 трыльёнаў долараў у 2014 годзе да 1,2 трыльёна”, — тлумачыць ён. НАТА зноў сфакусавалася на стрымліванні Расіі.
“Пуцін быў вымушаны кінуць праект “Навароссіі”: ягоныя агенты ва Усходняй Украіне не маюць падтрымкі ў народзе і не наладзілі эфектыўнае дзяржаўнае кіраванне. Акрамя таго, яго дзеянні гарантавалі, што Украіна ніколі ўжо не ўступіць у ЕАЭС і зноў не стане саюзніцай Расіі”, — гаворыцца ў артыкуле.
Пераходзячы да Сірыі, Макфол піша: “Пасля чатырох гадоў грамадзянскай вайны пад уладай Асада засталося менш тэрыторый, а сутыкаецца ён з больш грозным ворагам. Вось чаму Пуцін павінен быў умяшацца — каб выратаваць саюзніка-аўтакрата ад разгрому”. Расійская паветраная кампанія падбадзёрыла сірыйскую войска і яе саюзнікаў, “але ў доўгатэрміновай перспектыве аднымі расійскімі авіяналётамі немагчыма аднавіць ўладу Асада над усёй краінай”.
Макфол робіць выснову: “Пуцін — майстар кароткатэрміновых тактычных мер у адказ на няўдачы, але менш таленавіты ў галіне доўгатэрміновай стратэгіі”. На яго думку, “замежныя авантуры” Пуціна рана ці позна праваляцца.
Але ЗША і іх саюзнікі павінны наблізіць гэты правал, аказваючы адпор Расіі на розных франтах, лічыць аўтар.
“У Сірыі ЗША не могуць дапусціць, каб Расія адхіліла ўсіх актараў, акрамя Асада і ІГІЛ. Мы павінны прадастаўляць больш зброі і падтрымкі іншым паўстанцкім групоўкам. Мы павінны папярэдзіць Пуціна, што новыя напады на паўстанцаў, якія не належаць да ІГІЛ, вымусяць нас паўстаць на іх абарону — альбо стварыць беспалётную зону, альбо забяспечыць іх узбраеннямі СПА”, — гаворыцца ў артыкуле.
Макфол прапануе павялічыць фінансавую дапамогу Украіне ўзамен на прасоўванне эканамічных рэформаў, а таксама пашырыць навучанне ўкраінскіх ваенных і пастаўкі абарончых узбраенняў.
NATO павінна размясціць наземныя сілы на тэрыторыі краін альянсу, якім усё мацней пагражае Расія, заклікае аўтар. ЗША таксама павінны пераследваць доўгатэрміновыя мэты, якія дэманструюць лідэрства ЗША і падкрэсліваюць ізаляванасць Расіі.
“ЗША, відавочна, зацікаўлены ў з’яўленні моцнай, багатай і дэмакратычнай Расіі, якая была б цалкам інтэграваная ў міжнародную супольнасць дзяржаў”, — гаворыцца ў артыкуле.
Але ў дадзены момант адзіны спосаб падштурхнуць Расію да змены курсу — гэта стрымліваць бягучую палітыку Пуціна і супраціўляцца ёй, прычым не толькі гэтым разам у Сірыі, але і бесперапынна, на стратэгічным узроўні ва ўсім свеце, адзначае Макфол.
Паводле inopressa.ru