Трамп абраў сваім напарнікам сенатара Вэнса, які выступаў супраць дапамогі Украіне
Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп абвясціў кандыдатам у віцэ-прэзідэнты сенатара ад Агаё Вэнса.
У Мілуокі, Штат Вісконсін, на нацыянальным з'ездзе Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп афіцыйна вылучаны кандыдатам у прэзідэнты.
Трамп абвясціў, што вызначыўся зса сваім кандыдатам на пасаду віцэ-прэзідэнта. І назваў імя сенатара Джэймса Дэвіда Вэнса.
Раз на чатыры гады кожная з дзвюх асноўных партый ЗША праводзіць такі з'езд, каб афіцыйна выбраць свайго кандыдата на выбарах прэзідэнта ЗША і падрыхтавацца да заключнага этапу перадвыбарнай кампаніі, нагадвае ВВС.
На з’ездзе звычайна выступаюць вядомыя палітыкі, а цэнтральнае месца на мерапрыемстве займае прамова кандыдата ў прэзідэнты.
Дэлегаты ад кожнага штата заяўляюць аб сваёй падтрымцы таго ці іншага кандыдата ад партыі і зацвярджаюць палітычную платформу.
У гэтым годзе гэта была ўсяго толькі фармальнасць для Трампа як меркаванага кандыдата ад партыі, паколькі ён ужо атрымаў 2265 галасоў дэлегатаў на папярэдніх выбарах — а гэтага больш чым дастаткова для вылучэння.
Дэмакраты правядуць свой з'езд у наступным месяцы ў Чыкага.
Хто такі Джэймс Дэвід Вэнс?
У пасце Трампа ў яго сацыяльнай сетцы Truth Social гаворыцца:
«Пасля доўгіх разважанняў і з улікам велізарных талентаў многіх іншых кандыдатаў я вырашыў, што чалавек, які лепш за ўсё падыходзіць на пасаду віцэ-прэзідэнта Злучаных Штатаў, — гэта сенатар Дж. Д. Вэнс ад вялікага штата Агаё».
39-гадовы Вэнс атрымаў нацыянальную вядомасць у 2016 годзе, пасля публікацыі сваіх мемуараў «Элегія горца: успаміны пра сям'ю і культуру ва ўмовах крызісу», у якіх ён прааналізаваў культуру і сацыяльныя паталогіі амерыканскага «Іржавага пояса» [частка Сярэдняга Захаду і Усходняе ўзбярэжжа ЗША, дзе актыўна працавала прамысловасць, шахты, заводы і г.д. — Рэд.]. У сваім бэстсэлеры Вэнс распавёў, як рос у рабочым асяроддзі і як гэта паўплывала на яго палітыку і светапогляд.
У першыя гады палітычнага жыцця Дональда Трампа Вэнс быў яго рэзкім крытыкам. Аднойчы ён нават назваў сябе рэспубліканцам: «Ніколі за Трампа» і назваў Трампа «культурным гераінам».
Вэнс быў абраны ў Сенат у 2022 годзе, пасля чаго сенатар ад Агаё стаў адным з найбольшых прыхільнікаў праграмы былога прэзідэнта Трампа «Зрабіць Амерыку зноў вялікай».
«Голас Амерыкі» звяртае ўвагу, што ў Вэнса нязначны вопыт у палітыцы, ён не займаў ніякіх выбарных пасад да абрання ў Сенат.
Вэнс жанаты, гадуе траіх дзяцей. Пасля сярэдняй школы ён паступіў у марскую пяхоту і ўдзельнічаў у вайне ў Іраку, перш чым атрымаць ступень бакалаўра права. Да таго ж у Вэнса за плячыма — прэстыжны Ельскі ўніверсітэт.
Пазней Вэнс займаўся венчурным прадпрымальніцтвам, перш чым балатавацца ў Сенат у 2022 годзе.
У нядаўнім артыкуле для The New York Times Вэнс выказаўся супраць дапамогі Украіне і адзначыў, што больш чым 60 мільярдаў долараў у цяперашнім пакеце — гэта толькі малая частка таго, што патрэбна Украіне, каб пераламаць ход вайны, і Злучаныя Штаты не маюць прамысловых магутнасцяў, неабходных для перамогі Украіны.
Лічыцца, што дзякуючы свайму вопыту Вэнс здольны прыцягнуць тых белых выбаршчыкаў з працоўнага класа, якія неахвотна галасавалі за Трампа ў 2016 годзе.
Паводле Reuters, Вэнс блізкі да Трампа ў поглядах на знешнюю, унутраную і эканамічную палітыку: ён ізаляцыяніст і эканамічны папуліст.
Таксама Вэнс належыць да той групы рэспубліканцаў у Кангрэсе, праз якую на паўгода затармазілася амерыканская дапамога Украіне. Ён разам з паплечнікамі лічыць, што ЗША павінны перш за ўсё займацца ўмацаваннем паўднёвай мяжы і барацьбой з нелегальнай іміграцыяй, а таксама супрацьстаяннем з Кітаем.
Так, напрыклад, Вэнс заявіў, што патрэбы Украіны ў вайскоўцах і боепрыпасах настолькі вялікія, што іх не могуць забяспечыць ні Украіна, ні яе саюзнікі. Таму Вэнс прапануе ЗША пагаварыць з Пуціным аб спыненні вайны ва Украіне.
Вэнс растлумачыў, што ён не заклікае да капітуляцыі Украіны, а хутчэй хоча, каб прэзідэнт Джо Байдэн выступіў пасярэднікам у заключэнні мірнага пагаднення, таму што ў цяперашні час у адміністрацыі «няма жыццяздольнага плана перамогі ўкраінцаў у гэтай вайне».
Таскама Вэнс лічыць, што і ўнутры Рэспубліканскай партыі ён, праціўнік выдзялення сродкаў Кіеву, выйграе ў спрэчках на тэму дапамогі Украіне.
«Еўропа павінна актывізавацца, а Злучаныя Штаты павінны засяродзіцца на Азіі. Нягледзячы на некаторых настойлівых дзеячаў “халодных войнаў”, мы выйграем спрэчку праз гэтыя аргументы, таму што рэальнасць на нашым баку», — сказаў Вэнс The Hill.
Як адзначыла выданне The Hill яшчэ ў красавіку гэтага года, хоць у Кангрэсе прагаласавалі за пакет дапамогі больш чым на 60 мільярдаў долараў. Але гэта можа стаць апошнім буйным пакетам дапамогі Украіне, прынятым Кангрэсам.
Паводле www.holosameryky.com, www.bbc.com