CNN: Іран планаваў забойства Трампа
Іран неаднаразова абяцаў адпомсціць за забойства амерыканскімі вайскоўцамі камандуючага Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі Касема Сулеймані ў студзені 2020 года.
Улады ЗША атрымалі звесткі аб тым, што Іран планаваў забойства Трампа. Але прыкмет датычнасці да гэтых планаў Томаса Крукса, які страляў у палітыка, няма.
Як піша CNN са спасылкай на некалькі дасведчаных суразмоўцаў, выведдадзеныя аб змове Ірана былі атрыманыя ЗША ў апошнія тыдні. Аднак, па словах крыніц, ніякіх прыкмет таго, што да гэтай змовы быў датычны Томас Мэцью Крукс, які страляў у Дональда Трампа на мітынгу 13 ліпеня, няма.
Паводле інфармацыі CNN, атрыманыя ўладамі ЗША разведдадзеныя прывялі да таго, што Сакрэтная служба ўзмацніла меры бяспекі вакол Трампа.
Суразмоўцы выдання гавораць, што ведамства неаднаразова перасцерагала штаб Трампа ад правядзення мітынгаў на адкрытым паветры, дзе немагчыма кантраляваць доступ.
Акрамя таго, у нейкі момант, заўважаюць крыніцы CNN, штаб перастаў праводзіць спантанныя неафіцыйныя мерапрыемствы без папярэдняй праверкі ўдзельнікаў Сакрэтнай службы.
Ці былі пагрозы з боку Ірана даведзены да перадвыбарчага штаба Трампа — невядома, піша CNN. У штабе заявілі, што не каментуюць інфармацыю, звязаную з бяспекай кандыдата ў прэзідэнты.
Як адзначае CNN, Іран неаднаразова абяцаў адпомсціць за забойства амерыканскімі вайскоўцамі камандуючага Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі Касема Сулеймані ў студзені 2020 года. Трамп называў яго адказным за забойствы і раненні тысяч амерыканцаў і казаў, што Сулеймані «трэба было ліквідаваць шмат гадоў таму».
Па дадзеных крыніц CNN, магчымым аб'ектам іранскай змовы таксама быў Майк Пампеа, які займаў пры Трампе пасаду дзяржсакратара.
Пры гэтым, адзначае выданне, існаванне пагрозы з боку варожай дзяржавы і звязанае з гэтым узмацненне мер бяспекі, «ставіць новыя пытанні аб праліках Сакрэтнай службы» на мітынгу Трампа ў Пенсільваніі.