Трампа Трампам выбіваюць

Прэзідэнцкая кампанія 2020 года за акіянам набірае ход і становіцца падобнай на латарэю, пераможцам якой можа стаць Марыяна Уільямсан.

www.bbc.com

www.bbc.com

Пакуль можна смела даваць толькі адзін прагноз: калі Уільямсан сапраўды ў наступным годзе выйдзе ў фінал прэзідэнцкай гонкі, наш рэгіён будзе, хутчэй, сімпатызаваць ёй, а не Трампу. Яе бацькі — нашчадкі габрэйскіх перасяленцаў з еўрапейскай часткі Расійскай імперыі, цалкам магчыма — з Беларусі. Вядома, што напярэдадні эміграцыі ў Злучаныя Штаты прозвішча яе дзеда было Вішнеўскі.

Што тычыцца непасрэдна амерыканцаў, то жанчына папулярная праз сваю незвычайную прафесію. Шмат каго вабіць перспектыва, калі галоўную пасаду ў краіне будзе займаць гуру. Да таго ж, перш, чым падацца ў прэзідэнты, Уільямсан зрабіла сабе кар’еру ў якасці пісьменніцы і тэрапеўта, што падчас спірытуальных сеансаў дапамагае «знайсці сябе». І трэба прызнаць, у гэтай сферы яна дасягнула значнага поспеху. Чатыры яе кнігі сталі бестселерамі, а сама Уільямсан лічыцца адной з самых паспяховых бізнес-ледзі краіны.

Някепская кар’ера для дзяўчынкі з Х’юстану, якая, скончыўшы школу ў родным горадзе, навучалася тэатральнаму мастацтву і філасофіі ў каледжы. Пасля Марыяна Уільямсан адправілася ў Нью-Ёрк рабіць кар’еру спявачкі. У 1977 годзе яна пачала весці свой псіхалагічны трэнінг «Курс Цудаў», які называе заснаваным «на ўсеагульных духоўных тэматыках», «праграмай саманавучання і самапазнання». З часам на яго аснове яна пачала пісаць кнігі. Пра сямейнае жыццё Уільямсан вядома мала. Хіба толькі тое, што яна мае дачку.

Адначасова Уільямсан наблізілася да дэмакратаў, што не дзіўна, улічваючы яе біяграфію. Яшчэ ва ўзросце 10 гадоў яна пратэставала супраць вайны ў В’етнаме. На пачатку 1980-х, калі краіну ахапіла істэрыка наконт СНІДу, яна на сваіх сустрэчах заклікала дапамагаць ахвярам эпідэміі, што ў выніку наблізіла яе да арганізацый, афіляваных з дэмакратамі. З часам яны таксама стала сябрам Дэмпартыі, займаючы там дастаткова радыкальныя пазіцыі.

Марыяна Уільямсан. Фота GETTY IMAGES

Марыяна Уільямсан. Фота GETTY IMAGES



Прафесія гуру — не адзіная фішка кандыдаткі на галоўную пасаду ЗША. Уільямсан часам называюць «левай версіяй Трампа». Маюцца на ўвазе асаблівасці светапогляду Уільямсан. Яе заявы настолькі ідэалістычныя, што падчас знаёмства з імі на думку адразу прыходзіць персанаж славутага твору «Ідыёт» Дастаеўскага. Дарэчы, Марыяна і сама пагаджаецца, што, напэўна, шмат людзей трымаюць яе за вар’ятку.

Напрыклад, Уільямсан упэўненая, што ў Злучаных Штатах можа быць бясплатная адукацыя, праблемы крыміналу можна вырашыць яшчэ ў школах за кошт працы педагогаў і псіхолагаў з прадстаўнікамі групаў рызыкі, банкіры павінны адказваць перад укладчыкамі, усім жадаючым можна даваць амерыканскія пашпарты, замест Мінабароны варта стварыць Міністэрства міру, прызнаць суверэнітэт індзейцаў і гэтак далей. Прычым прамаўляе яна гэтак жа пераканаўча, як Трамп, калі абяцае, што Мексіка будзе плаціць за трафік нелегальных мігрантаў у Злучаныя Штаты.

Самае цікавае, што яе фантазіі вельмі падабаюцца шматлікім дэмакратам, — гэта, дарэчы, адзначыў Google. Пасля другога тура дэбатаў у кандыдаты ад дэмакратаў амерыканцы часцей за ўсё «гуглілі» прозвішча Уільямсан. На думку часткі дэмакратаў, Трамп — гэта феномен, перамагчы якога не здольны звычайны палітык з традыцыйным інструментарам. Зрынуць Трампа, маўляў, мае шанец асоба не менш фенаменальная — напрыклад, такая, як Уільямсан. Не трэба таксама забывацца, што прэтэндэнтка на кандыдацтва з’яўляецца асабістым гуру шматлікіх прадстаўнікоў багемы, якія маюць уплыў на кіраўніцтва партыі.

Больш таго, за «кандыдатку з Месяца» (так часам жартоўна называе прэса Уільямсан) гатовыя галасаваць і шмат электарату рэспубліканцаў. Сакрэт у тым, што стыль прамоваў кандыдаткі нагадвае стыль пратэстанцкіх святароў. Раней пратэстанты сімпатызавалі рэспубліканцам, аднак антыгуманістычныя выхадкі Трампа адносна тых жа дзяцей мігрантаў прымусілі вернікаў сумнявацца ў сваім выбары. Уільямсан з яе інфантыльнымі, аднак шчырымі заклікамі, у чымсьці нагадвае біблейскіх прапаведнікаў.

У прынцыпе,дэфіцыту фрыкаў на амерыканскіх выбарах ніколі не было. Можна ўзгадаць таго ж панка Джэла Біяфру, які балатаваўся ў прэзідэнты ў 2002-м, абяцаючы ў выпадку перамогі прымусіць усіх прадпрымальнікаў насіць касцюмы клоунаў. А паліцэйскіх — увесь час балатавацца ў дэпутаты, каб яны не перашкаджалі людзям жыць. Натуральна, гэта ўспрымалася грамадствам як творчая правакацыя. Аднак стаўленне да блазнаў цалкам змянілася пасля трыумфу Трампа ў 2016 годзе. Таму ў выпадку з Уільямсан можна чакаць любых паваротаў сюжэту.

Дарэчы, яе феномен гуру-кандыдата, напэўна, ужо прымусіў напружыцца Крэмль. Нягледзячы на сваё «рускае» паходжанне, Уільямсан выступае жорсткім крытыкам Пуціна — аж да таго, што параўнала ўмяшанне ў выбары ў ЗША ў 2016 годзе з атакай японцаў на Пёрл-Харбар у 1941-м.