Макей аб перамовах з Болтанам: дамовіліся прадоўжыць дыялог і не адыходзіць ад вострых тэм

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей пазітыўна ацэньвае праведзеныя 29 жніўня ў Мінску перамовы з саветнікам прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джонам Болтанам, паведамляе zviazda.by.

Джон Болтан падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, www.svaboda.org

Джон Болтан падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, www.svaboda.org

"Візіт быў вельмі карысным, — заявіў журналістам Уладзімір Макей. — Мы дамовіліся, што трэба прадоўжыць дыялог і не адыходзіць ад вострых тэм".

Пры гэтым міністр адзначыў, што не трэба шукаць "ніякіх канспіралагічных змоваў" за самім фактам візіту саветніка прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы.

"Як я разумею, яго турнэ было спланавана па некалькіх краінах, у тым ліку па Беларусі, з мэтай азнаямлення з сітуацыяй у рэгіёне і даведацца пра пункт гледжання кіраўніцтва той ці іншай краіны на сітуацыю ў рэгіёне, на перспектывы развіцця гэтай сітуацыі з улікам таго, што не ўсё спакойна, — сказаў Уладзімір Макей. — Мы бачым, што ёсць шэраг тлеючых канфліктаў і ёсць некаторыя пытанні, звязаныя з праблематыкай тэрарызму і ў тым ліку забеспячэннем большай бяспекі ў рэгіёне і ў свеце ў цэлым".

Міністр расказаў, што калі паступіў запыт на правядзенне гэтага візіту, то беларускі бок, зыходзячы з імкнення выбудоўваць нармальныя адносіны са Злучанымі Штатамі Амерыкі, даў згоду на яго арганізацыю.

"Ніхто нікога не заклікаў далучыцца да нечага або пайсці ад некага або нечага, — падкрэсліў Уладзімір Макей. — Былі шчырыя дыскусіі наконт сітуацыі ў нашым рэгіёне, сітуацыі ў свеце, дыскусіі па пытаннях бяспекі, гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, па развіцці двухбаковых адносін паміж Беларуссю і ЗША".

Паводле слоў кіраўніка МЗС Беларусі, у час візіту амерыканскага прадстаўніка адбылася абсалютна адкрытая, зацікаўленая размова. "Як мне здаецца, было выразна відаць жаданне, імкненне зразумець адзін аднаго, паслухаць аргументы адзін аднаго, і, на мой погляд, гэта самае галоўнае", — дадаў Уладзімір Макей.