У Азербайджане пройдуць пазачарговыя выбары. Іх называюць «выбарамі стагоддзя»

Гэты Новы год у Азербайджане будзе ўнікальным. Краіна сустракае свята на фоне інтэнсіўнай падрыхтоўкі да датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў, якія пройдуць 7 лютага 2024 года.

Ільхам Аліеў

Ільхам Аліеў

Першапачаткова прэзідэнцкія выбары ў Азербайджане планаваліся на 2025 год, аднак 7 снежня ў Баку нешта змянілася. У гэты дзень прэзідэнт Ільхам Аліеў прызначыў пазачарговыя выбары і адпаведна прапанаваў суайчыннікам новую дату для паходу на ўчасткі для галасавання.

Дарэчы, досвед з правядзеннем пазачарговых выбараў у Азербайджана ёсць. У 2018 годзе Аліеў правёў прэзідэнцкія выбары не ў кастрычніку, а ў красавіку (на іх ён набраў 88% галасоў). Раней, у 2009 годзе ён правёў рэферэндум аб папраўках у Канстытуцыю і ўвёў правіла неабмежаванай колькасці абранняў для аднаго чалавека, а ў 2016 годзе павялічыў тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў з пяці да сямі гадоў. Такім чынам, у выпадку перамогі на лютаўскіх выбарах Ільхам будзе валадарыць на берагах Каспія аж да 2031-га.

Пераважная большасць экспертаў пераканана, што на гэты раз дзяжурнае перавыбранне Ільхама Аліева гарантавана нават без выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу. Ільхам Аліеў знаходзіцца ў зеніце папулярнасці, яго імя асацыюецца з вяртаннем з склад азербайджанскай дзяржавы Нагорнага Карабаха. Па карабахскім пытанні паміж гарачымі прыхільнікамі дзейнага прэзідэнта і нават яго самымі лютымі крытыкамі існуе патрыятычны кансэнсус. У сукупнасці гэта гарантуе азербайджанскаму лідару 75 працэнтаў падтрымкі электарату.

Не выпадкова афіцыёз любіць нагадваць, што ў лютым упершыню ў постсавецкай гісторыі Азербайджана выбарчыя ўчасткі будуць адкрыты на карабахскай тэрыторыі. Таму маючыя адбыцца выбары пафасна аб'яўлены «выбарамі стагоддзя».

Хаця перамога кандыдата ўлады відавочная, недахопу ў жадаючых скласці Аліеву канкурэнцыю няма. Сярод іх ёсць відавочныя спойлеры. Напрыклад, аб сваёй гатоўнасці ўдзельнічаць у кампаніі заявіў дэпутат Гудрат Гасангуліеў. Ён пяты раз удзельнічае ў выбарах, аднак ніякіх значных вынікаў не прадэманстраваў.

Ёсць у Аліева і больш сур'ёзныя супернікі. Прымуць удзел у выбарах старшыня Партыі Нацыянальны фронт Разі Нурулаеў, дэпутат Фазіль Мустафа, старшыня праўлення Цэнтра сацыяльных даследаванняў Захід Орудж, а таксама лідар партыі «Вялікі Азербайджан» Эльшад Мусаеў.

У гэтым плане даводзіцца з сумам канстатаваць, што Азербайджан у плане дэмакратыі далёка абставіў Сінявокую. Тым больш, што крытыкі Аліева дазваляюць сабе публічна і свабодна распякаць рэжым і ягонага фронтмена.

Напрыклад, Алі Керымлі, лідар партыі Народнага фронту, заявіў, што «ўрад Азербайджана збіраецца на выбары ва ўмовах узмацнення рэпрэсій у грамадстве». Старшыня партыі «Мусават» Арыф Гаджылы адзначыў, што «звычайна пазачарговыя парламенцкія ці прэзідэнцкія выбары праводзяць, калі ў краіне ўзнікае крызісная сітуацыя, для яе ліквідацыі. У цяперашні час у Азербайджане ніякага палітычнага крызісу няма».

Ёсць у апазіцыі і ўлады нестыкоўкі наконт геапалітычнага азімуту. Апазіцыянеры зацікаўлены ў нармалізацыі адносін Баку і Захаду, больш цеснай інтэграцыі з ЕС, і наадварот, у большай дыстанцыі ад Расіі.

Таксама варта звярнуць увагу на папулярную ў асяроддзі апазіцыянераў версію, паводле якой Аліеў пайшоў на выбары не ад лепшага жыцця. Напрыклад, блізкія да іх эканамісты лічаць, што правядзенне прэзідэнцкіх выбараў на 15 месяцаў раней за папярэдні тэрмін не выпадковасць. Гэта, маўляў, сведчыць аб тым, што краіна напярэдадні ўваходу ў зону эканамічнай турбуленцыі. Звяртаецца ўвага на тое, што ў 2023 годзе эканамічны рост у Азербайджане быў самым нізкім у СНД акрамя хіба што Украіны. Калі ў 2021 годзе рост ВУП склаў 5,6%, то ў 2023 годзе тэмпы росту ўпалі да 1,4%.

Адным словам, улада нібыта баіцца сур'ёзных эканамічных катаклізмаў, якія могуць супасці з электаральным календаром. Адсюль і на першы погляд дзіўнае жаданне Аліева як мага хутчэй пераабрацца.

Таксама для апанентаў Аліева паказальна тое, што пазачарговыя выбары былі прызначаны на наступны дзень пасля сустрэчы з памочнікам дзяржсакратара ЗША О'Браенам. Відаць, падчас рандэву стала зразумела, што напружанасць у адносінах паміж уладамі Азербайджана і ЗША будзе нарастаць.

Акрамя таго, эксперты звяртаюць увагу, што перамога ў Карабаху нечакана стварыла ўладам шмат праблемаў. Уся ідэалогія аліеўскага Азербайджана грунтавалася на ідэі рэваншу. Абяцанне рэканкісты ў Нагорным Карабаху падтрымлівала лаяльнасць грамадства і кампенсавала праявы сацыяльнай несправядлівасці і кланавай карупцыі. Чым улада будзе апраўдваць зараз свае правалы, незразумела.

На карысць версіі, што ўлада відавочна нервуецца наконт будучыні, сведчыць і хваля арыштаў незалежных журналістаў апошнім часам. За апошнія два месяцы затрымалі пяць вядомых журналістаў. Агульная колькасць палітычных зняволеных на 1 снежня дасягнула 254 асобы.

Так што наўрад пасля непазбежнага трыумфу на выбарах 7 лютага Аліеў зможа расслабіцца. Падобна, усё толькі пачнецца.