У ЕС назвалі эфект міграцыйнага крызісу на мяжы з Беларуссю

Крызіс з нелегальнымі мігрантамі, справакаваны рэжымам Лукашэнкі, можа падштурхнуць краіны ЕС хутчэй выпрацаваць адзіную палітыку па ўцекачах, лічыць намеснік старшыні Еўракамісіі.

novychas.by

novychas.by

Міграцыйны крызіс на мяжы з Беларуссю можа паскорыць прыняцце агульнаеўрапейскай палітыкі ў адносінах да бежанцаў. Пра гэта заявіў намеснік старшыні Еўракамісіі Маргарыціс Схінас падчас візіту ў Літву ў суботу, 4 верасня.
Гэтая сітуацыя паказвае, што «цяпер самы час стварыць прадказальныя і ўсеабдымныя еўрапейскія рамкі для міграцыйнай палітыкі», адзначыў ён. Па словах Схінаса, час перайсці ад рэжыму «тушэння пажараў» у пытанні бежанцаў да стварэння адзінай «архітэктуры» па правілах іх прыёму і размеркавання. Апошнія прапановы Еўракамісіі на гэты конт былі адкладзеныя з-за каронавіруснага крызісу.
«Ад Эўраса да Сеуты і аж да мяжы з Беларуссю. Тыя, хто спрабуе інструменталізаваць міграцыю, будзе расчараваны», — дадаў еўракамісар.

Міграцыйны крызіс на мяжы ЕС і Беларусі

Польшча, Літва, Латвія і Эстонія ўжо некалькі месяцаў фіксуюць тысячы спробаў нелегальна перасячы іх межы з боку Беларусі. Яны абвінавачваюць Мінск у выкарыстанні нелегальных мігрантаў у якасці зброі ў так званай гібрыднай вайне супраць ЕС. Паток мігрантаў «спланаваны і сістэматычна арганізаваны рэжымам Аляксандра Лукашэнкі», гаварылася ў сумеснай заяве прэм'ераў гэтых краін, апублікаванай 23 жніўня.
Еўрапейскі Саюз рыхтуе пяты пакет санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Брусэль назваў адной з прычын такога рашэння выкарыстанне Мінскам мігрантаў як інструмента ціску на ЕС.
dw.com