«Жахлівае парушэнне правоў чалавека». ЕС, Брытанія и Германія адрэагавалі на прысуды Знаку і Калеснікавай
Еўрапейскі саюз, урад Германіі, а таксама кіраўнік МЗС Брытаніі асудзілі прысуды Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку. Нагадаем, сёння палітвязняў пакаралі 11 і 10 гадамі калоніі адпаведна.
«ЕС шкадуе аб працяглым жахлівым парушэнні мінскім рэжымам правоў чалавека і асноўных свабод народа Беларусі. ЕС таксама паўтарае свае патрабаванні аб неадкладным і безумоўным вызваленні ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі (у цяперашні час іх налічваецца больш за 650), у тым ліку сп-ні Калеснікавай і сп-ра Знака, журналістаў і ўсіх людзей, якія знаходзяцца за кратамі за ажыццяўленне сваіх правоў. Беларусь павінна прытрымлівацца сваіх міжнародных абавязацельстваў і абавязацельстваў у рамках ААН і АБСЕ. ЕС працягне свае намаганні па прыцягненні да адказнасці за жорсткія рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў», — гаворыцца ў паведамленніПетэра Стана, афіцыйнага прадстаўніка еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.
Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дамінік Рааб у сваім твітары таксама асудзіў прысуд Калеснікава і Знаку.
«Прысуд Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку сведчыць пра тое, што беларускія ўлады працягваюць наступ на абаронцаў дэмакратыі і свабоды. Рэжым Лукашэнкі павінен спыніць гэтыя рэпрэсіі і вызваліць усіх палітычных зняволеных», — напісаў Дамінік Рааб.
У сваю чаргу афіцыйны Берлін лічыць гэтыя прысуды «ўвасабленнем жорсткіх дзеянняў, рэпрэсій, запалохвання апазыцыйных палітыкаў і грамадзянскай супольнасці з боку беларускага рэжыму», заявіла на ўрадавай прэс-канферэнцыі ў Берліне афіцыйны прадстаўнік МЗС ФРГ Андрэа Зассэ (Andrea Sasse), адказваючы на пытанне карэспандэнта DW.
Паводле яе слоў, Калеснікава і Знак уваходзяць у лік найбольш мужных прадстаўнікоў мірнага пратэснага руху ў Беларусі, якія «пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў змагаліся за свабоду, дэмакратыю і правы чалавека» ў гэтай краіне. Акрамя таго, Берлін асуджае «ператварэнне правасуддзя ў інструмент палітычнага пераследу ў Беларусі», паказала далей Зассэ.
«Германія выказвае Марыі Калеснікавай, Максіму Знаку і ўсім іншым палітычным зняволеным у Беларусі поўную салідарнасць. Федэральны ўрад патрабуе вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі. Зразумела, мы працягнем аказваць ціск на беларускі рэжым і актыўна падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць», — дадала яна.