Папярэдні даклад ААН пра інцыдэнт з самалётам «Ryanair» можа быць агучаны ўжо 13 верасня
13 верасня дэлегацыя Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі (ICAO), якая наведвала Беларусь у канцы жніўня, зробіць даклад з папярэднімі высновамі пра інцыдэнт з прымусовай пасадкай самалёта «Ryanair» у Мінску. Пра гэта «Радыё Свабода» паведамілі прадстаўнікі ICAO, якая ўваходзіць у структуру ААН.
Чакаецца, што канчатковыя высновы будуць агучаныя ў лістападзе
на сесіі Рады ICAO. Што тычыцца прамежкавага дакладу для Рады ICAO, дык яго
дэталі могуць агучыць толькі са згоды дзяржаваў, якія ўваходзяць у арганізацыю.
Калі такая дамова паміж дзяржавамі будзе, ІСАО мае апублікаваць прэс-рэліз у
хуткім часе пасля дакладу, паведамілі прадстаўнікі арганізацыі.
Прымусовая пасадка самалёта, на якім ляцелі жураналіст Раман
Пратасевіч і яго сяброўка Сафія Сапега, адбылася 23 мая. Улады Беларусі
патлумачылі пасадку паведамленнем пра тое, што на борце самалёта нібыта была
бомба. Пасля пасадкі Пратасевіча і Сапегу затрымалі.
На пачатку чэрвеня ЕС забараніў палёты ў сваёй паветранай прасторы, а таксама доступ да аэрапортаў ЕС усім беларускіх
авіякампаніям. У заяве Еўрапейскай рады тлумачылася, што гэтае рашэнне вынікае
з ранейшых высноваў, калі кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў ЕС «жорстка асудзілі
незаконнае прымусовае прызямленне 23 мая ў Мінску рэйсу "Ryanair", што
паставіла пад пагрозу авіяцыйную бяспеку». У высновах таксама асуджалася
затрыманне Пратасевіча і Сапегі.
2 чэрвеня Агенцтва авіяцыйнай бяспекі Еўрасаюза (EASA)
выпусціла дырэктыву, у якой заклікала ўлады дзяржаваў EASA абавязаць
нацыянальных авіяперавозчыкаў пазбягаць паветранай прасторы Беларусі.