Макей: ЕС адмаўляецца ад кансультацый па пытаннях нелегальнай міграцыі

Беларусь з красавіка прапануе ЕС правесці кансультацыі па пытаннях нелегальнай міграцыі, але там адмаўляюцца.Такую заяву зрабіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, паведамляе "Белорусы и рынок".

1440x810_cmsv2_82c2096b_7823_58a2_88bd_845329becdd7_5860740.jpg

"З красавіка гэтага года мы прапаноўваем Еўрапейскаму саюзу правесці кансультацыі па пытаннях нелегальнай міграцыі. ЕС катэгарычна адмаўляецца", — распавёў Уладзімір Макей.

Паводле яго слоў, краіны ЕС у міграцыйным пытанні адмаўляюцца выконваць свае міжнародныя абавязацельствы. "Мы гэта абсалютна бачым і, натуральна, будзем казаць пра гэта на ўсіх міжнародных пляцоўках", — сказаў Макей. Аднак дадаў: "Але мы гатовыя да дыялогу. Лічым, што толькі ў рамках спакойнага, ўзаемапаважлівага дыялогу без вылучэння штучных прэтэнзій, пагроз і шантажу можна знайсці рашэнне любых пытанняў, у тым ліку звязаных з цяперашняй сітуацыяй на мяжы".

Нагадаем, вясной 2021 года на фоне пагаршэння адносін паміж Беларуссю і Літвой Вільня заявіла пра рост патоку нелегальных мігрантаў, якія ідуць праз мяжу з беларускага боку. Колькасць нелегальных мігрантаў, якія спрабуюць перайсці мяжу ЕС з Беларусі, павялічылася ў дзясяткі разоў. Калі за ўвесь 2020 год беларуска-літоўскую мяжу перасеклі 74 нелегальных мігранты, то ў 2021-м — ужо больш за 4000.

У ЕС называюць наплыў мігрантаў "актам гібрыднай агрэсіі" з боку Беларусі і рыхтуюць новыя санкцыі супраць дзяржкампаній, якія "датычныя да экспарту мігрантаў".