У Беларусі дазволілі часцей выязджаць за мяжу наземным транспартам. Але не ўсім
У Беларусі дазволены выезд за мяжу наземным транспартам раз на тры месяцы. Але гэта прадугледжана для асобных катэгорый грамадзян.
Рашэнне зацверджана пастановай Савета Міністраў ад 1 верасня 2021 года №504. Дакумент 3 верасня афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе Myfin.by.
Раней выязджаць з краіны праз наземныя пункты пропуску можна было не часцей за адзін раз на паўгода. Як тлумачылася, гэта было зроблена, каб прадухіліць распаўсюджванне ў Беларусі інфекцыі COVID-19.
Зацверджаныя днямі змены датычацца:
- тых, хто мае від на жыхарства, пашпарт для пастаяннага пражывання за межамі краіны ці іншы сапраўдны дакумент, які пацвярджае права на пастаяннае або часовае пражыванне ў замежнай дзяржаве;
- таксама выязджаць часцей цяпер змогуць тыя з беларусаў, хто пацвердзіць факт працоўнай дзейнасці або навучання за мяжой;
- замежнікі з дазволам на пастаяннае або часовае пражыванне ў Беларусі, пры выездзе ў краіну свайго грамадзянства.