ААН у лістападзе прадставіць даклад пра пасадку самалёта «Ryanair» у Мінску

Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) анансавала даклад пра прымусовую пасадку ў Мінску самалёта авіякампаніі «Ryanair» і затрыманне беларускага апазіцыйнага журналіста і блогера Рамана Пратасевіча. Вынікі расследавання і зробленыя на яго аснове высновы, як чакаецца, будуць прадстаўленыя ў лістападзе гэтага года, заявілі ў ICAO 3 верасня, піша «Deutsche Welle».

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Савет арганізацыі, якая з'яўляецца спецыялізаванай установай ААН, будзе праінфармаваны аб актуальным стане расследавання 13 верасня, адзначылі ў ICAO. Калі члены савета будуць згодныя, тады ж прамежкавыя вынікі будуць апублікаваныя.

Эксперты ICAO ездзілі ў Мінск для расследавання інцыдэнту з рэйсам «Ryanair»

Раней група Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі прыязджала ў Беларусь для расследавання інцыдэнту з рэйсам «Ryanair», пасля пасадкі якога былі затрыманыя беларускі апазіцыйны блогер Раман Пратасевіч і яго спадарожніца, грамадзянка Расіі Соф'я Сапега.
Як адзначыў тады кіраўнік групы ICAO Сільвен Лефоер, дзякуючы папярэдняй працы ён і яго калегі ўжо змаглі скласці «агульную карціну падзей». «Цяпер нам трэба ўдакладніць шэраг фактаў, а таксама сабраць дадатковую інфармацыю і матэрыялы», — тлумачыў Лефоер мэта візіту групы ў Мінск.

Сітуацыя з лайнерам Ryanair

Нагадаем, самалёт кампаніі Ryanair здзейсніў вымушаную пасадку ў Мінску 23 траўня. Лайнер накіроўваўся з Афін у Вільню. Пасля пасадкі сілавікі затрымалі журналіста Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыну Соф'ю Сапега.
Пасля гэтага ЕС афіцыйна забараніў усім беларускім авіяперавозчыкам выкарыстоўваць сваю паветраную прастору. Таксама шэраг краін заклікалі свае нацыянальныя авіякампаніі змяніць маршруты палётаў так, каб не залятаць у паветраную прастору Беларусі. У прыватнасці, гэтай рэкамендацыі рушылі ўслед авіякампаніі Латвіі («AirBaltic»), Польшчы («LOT»), Венгрыі («WizzAir»), Германіі («Lufthansa»), Францыі («Air France»), Фінляндыі («Finnair»), Нідэрландаў («KLM»), Аўстрыі («Austrian Airlines») і Іспаніі («Iberia») і іншыя.