Грамадзянку Расіі могуць зняволіць на 5 гадоў за «паклёп на Лукашэнку»
Грамадзянка Расіі Ірына Вікхольм з канца траўня знаходзіцца ў СІЗА ў Берасці паводле абвінавачання ў паклёпе на Лукашэнку.

Паводле версіі абвінавачання, Вікхольм апублікавала ў Твітары фатаграфію Лукашэнкі і «паклёпніцкія звесткі аб здзяйсненні ім акта тэрарызму і авіяпірацтва». Згодна з беларускім заканадаўствам, максімальнае пакаранне за паклёп у дачыненні да прэзідэнта краіны — пяць гадоў пазбаўлення волі, піша Радыё Свабода.
«Новая газета», вывучыўшы акаўнт абвінавачанай у Твітары, адзначае, што на яе старонцы шмат рэпостаў артыкулаў пра інцыдэнт з самалётам ірландскай авіякампаніі Ryanair, які на патрабаванне беларускіх уладаў сеў у аэрапорце Мінска, пасля чаго сілавікі затрымалі рэдактара апазіцыйнага тэлеграм-канала NEXTA Рамана Пратасевіча і яго сяброўку, грамадзянку Расіі Соф’ю Сапегу, якія знаходзіліся на борце лайнера.
Пры якіх абставінах і дзе была затрыманая Ірына Вікхольм — не паведамляецца. Вядома толькі, што жанчыне 58 гадоў.