Палітвязня Ігара Банцара чацвёрты раз запар пакаралі «суткамі» ў ШІЗА
Як паведамляе «Вясна» са спасылкай на сябра рок-музыкі, 6 верасня Ігара Банцара, які адбывае пакаранне на «хіміі» ў Віцебску, пакаралі чарговымі «суткамі» ў ШІЗА.

У ізалятар Ігара змясцілі яшчэ 5 жніўня. Агулам Банцар правядзе ў ШІЗА 40 дзён. Лісты, якія палітвязень атрымлівае ў гэты перыяд, яму аддадуць толькі пасля выхаду з ізалятара.
Ігара Банцара абвінавацілі па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса за правядзенне перформансу ў выглядзе танца без штаноў перад машынай міліцыі. 19 сакавіка Банцару прысудзілі 1,5 гады «хіміі». Падчас суда Ігар абвясціў сухую галадоўку, якую трымаў больш за два тыдні.
Падтрымайце Банцара лістамі і паштоўкамі салідарнасці: Выпраўленчая ўстанова адкрытага тыпа №9, 210034, г. Віцебск, вул. 3-я Чэпінская, 39.