У Францыі пачаўся першы працэс аб жорсткім абыходжанні з жывёламі на бойні
У Францыі пачаўся працэс па справе аб жорсткім абыходжанні з жывёламі на бойні ў горадзе Алес, на поўдні краіны. На лаве падсудных — трое работнікаў бойні і прэзідэнт мясцовай адміністрацыі, якая кіравала яе працай. Гэта першы падобны працэс у краіне, калі пад крымінальны артыкул трапляе дзейнасць скотабойні.
Скотабойню ў горадзе Алес — адна з самых маленькіх у краіне. Яна мае статус «біё», які прадугледжвае захаванне пэўных экалагічных і гігіенічных нормаў. У лютым 2016 асацыяцыя па абароне правоў жывёл L214 распаўсюдзіла відэазапіс, зроблены схаванай камерай, на якой відаць, як працаўнікі бойні ў Алесі штурхаюць жывёл нагамі і б'юць іх па галаве.
Гэта відэа сталася сапраўдным шокам у Францыі, распавядае Брыджыт Гацьер, афіцыйны прадстаўнік асацыяцыі.
Брыджыт Гацьер: «На нашым відэазапісы бачна, як пакутуюць жывёлы. Гэта вельмі жорсткае відэа. Пры гэтым усё было знята на вельмі маленькай бойні, якая адпавядае ўсім існуючым правілам і нормам. Яшчэ не забітых жывёл там кідаюць на падлогу як мяшкі, іх некалькі разоў запар удараюць электрычным токам — мабыць, недастатковай сілы, таму што яшчэ не памерлыя жывёлы спрабуюць устаць, і іх дабіваюць. Гэта відэа выклікала абурэнне, бо на ім паказаны пакуты жывёл. І там паказаная смерць жывёл на бойні — тое, што людзі, у прынцыпе, не прывыклі бачыць».
Пазней асацыяцыя, сумесна з іншымі — фондам Брыджыт Бардо, альянсам Антыкарыда і асацыяцыі па абароне жывёл SPA, — падалі ў суд на работнікаў бойні і на мясцовы савет дэпутатаў аб'яднання камун Вега, у якім размешчаны гарадок Алес.
Трое работнікаў бойні абвінавачваюцца ў «наўмысных актах гвалту над жывёламі і жорсткім абыходжанні», што караецца турэмным зняволеннем тэрмінам да двух гадоў і штрафам у 30 тысяч еўра. Мясцовая адміністрацыя павінна адказаць за невыкананне нормаў па абыходжанні з жывёламі на бойні.
«Гэта першы працэс. Мы спадзяемся, што ён дазволіць адкрыць вочы ўсім на тое, што адбываецца на бойні», — заявіў на яго адкрыцці Себасцьян Арсак, заснавальнік асацыяцыі L214. Усе яе актывісты перакананыя: тое, што яны адздымалі схаванай камерай у Алесі, — звычайная практыка ва ўсёй краіне.
Брыджыт Гацьер: «Ад працэсу мы чакаем адразу некалькі рэчаў: па-першае, прызнання адказнасці тымі, хто вінаваты ў жорсткім абыходжанні з жывёламі. У працэсе ўдзельнічаюць тры падсудных і адна юрыдычная асоба — мясцовы савет, які павінен адказаць за абсталяванне прадпрыемства і за наём работнікаў. Мы шкадуем, што на працэсе адсутнічаюць ветэрынарныя службы, якія таксама нясуць адказнасць за тое, што адбывалася на бойні. Але акрамя прызнання адказнасці за асобнымі асобамі, існуе яшчэ адказнасць за ўсё грамадства. Наша грамадства прызнае, што жывёлы могуць пакутаваць, але ў той жа час нічога не робіць, каб гэтыя пакуты прадухіліць. Штодня ў Францыі на бойні забіваюць 3 мільёна жывёл. У такіх умовах пакуты жывёл непазбежныя, само існаванне гэтай сістэмы мяркуе, што жывёлы будуць пакутаваць, што працуючыя там людзі рана ці позна прыходзяць да садызму. Гэта адбываецца не толькі ў Францыі. На днях было распаўсюджана відэа з Бельгіі, дзе мы бачым падобнае. Па дадзеных французскага міністэрства сельскай гаспадаркі, 80% усіх скотабоен у краіне не выконваюць прадпісаных законам правілаў. Так што гэта не адзіны выпадак. Гэты працэс — толькі нагода для таго, каб мы змаглі гучна заявіць пра тое, што адбываецца ўсюды».
Асацыяцыя L214 была названая так у гонар нумару артыкула французскага закона аб сельскагаспадарчым праве, які прызнае за жывёламі права на абарону ад дрэннага абыходжання. У 2015 годзе гэтая асацыяцыя распаўсюдзіла шэраг відэа, знятых схаванай камерай у розных скотабойнях, дзе былі вядомыя выпадкі жорсткага абыходжання з жывёламі. Дзякуючы працы асацыяцыі была створана спецыяльная камісія французскага Нацыянальнага сходу, якая правяла інспекцыі ў 263 скотабойнях краіны. Вынікам работы камісіі сталі 65 прапаноў, пазначаных у дакладзе, сярод якіх — устаноўка камер відэаназірання «ва ўсіх месцах скотабоен, дзе працуюць з жывымі жывёламі», стварэнне Нацыянальнага савета па этыцы, узмацненне жорсткасці пакаранняў у выпадку парушэння правілаў забою.
Па дадзеных міністэрства сельскай гаспадаркі, штогод у Францыі вырабляюць 3,45 мільёнаў тон мяса.
Паводле greenbelarus.info