Уладальніка — у турму, гадаванца — канфіскаваць. У Іране забараняюць усіх хатніх жывёл
У турму — за выгул сабакі, бо хатнія гадаванцы раптам сталі «сімвалам Захаду». Новае заканадаўства можа мець сур'ёзныя наступствы для ўладальнікаў хатніх жывёл у Іране. Забарону на выгул сабак, напрыклад, улады тлумачаць неабходнасцю «абараніць грамадскую бяспеку». Гэты закон можа стварыць парадаксальную сітуацыю і для катоў персідскай пароды, што акажуцца па-за законам на сваёй гістарычнай радзіме, піша ВВС.
«Ён глядзіць на мяне сваімі прыгожымі нявіннымі вачыма і просіць вывесці яго пагуляць. Але я не рашаюся, таму што нас могуць арыштаваць», — распавядае Махса, гаспадыня невялікага сабачкі. Дзяўчына мае на ўвазе, што ў сталіцы Ірана Тэгеране з нядаўніх часоў пачалася цэлая хваля арыштаў: мясцовая паліцыя назвала выгул сабак у парках злачынствам, таму іх уладальнікаў затрымліваюць, а гадаванцаў забіраюць. Забарона на выгул сабак уладамі тлумачыцца неабходнасцю «абараніць грамадскую бяспеку».
Тым часам парламент Ірана разглядае законапраект, згодна з якім валодаць хатнімі жывёламі можна будзе толькі, калі атрымаць спецыяльны дазвол.
Жывёлы — сімвалы «вестэрнізацыі»
Як сказана ў законапраекце, каб абзавесціся сабакам або катом іранцам трэба звярнуцца ў спецыяльны ўрадавы камітэт. Пры гэтым за «ўвоз, куплю і продаж, перавозку і ўтрыманне» любых хатніх гадаванцаў, аж да трусоў і чарапах, прадугледжваецца штраф прыкладна ў 800 долараў.
Па словах прэзідэнта асацыяцыі ветэрынараў Ірана і праціўніка законапраекта доктара Паяма Махебі, дэбаты з гэтай нагоды пачаліся больш за дзесяць гадоў таму. Тады група іранскіх дэпутатаў прапаноўвала канфіскаваць сабак у іх уладальнікаў і адправіць іх у заапаркі або кінуць у пустыні.
«За гэты час яны некалькі разоў мянялі законапраект і нават абмяркоўвалі цялесныя пакаранні для ўладальнікаў сабак. Але ў выніку праект нікуды не прасунуўся», — распавядае Махебі.
Жыхары сельскіх
раёнаў Ірана трымалі сабак заўсёды, але ў ХХ стагоддзі хатнія гадаванцы сталі
яшчэ і сімвалам урбанізацыі.
Іран стаў адной з першых блізкаўсходніх краін, якія прынялі законы аб абароне жывёл. У 1948 годзе тут з'явілася першая дзяржаўная арганізацыя па кантролі за іх выкананнем. Сабакі былі нават у чальцоў каралеўскай сям'і.
Усе змяніла ісламская рэвалюцыя 1979 года, якая завяршылася звяржэннем шаха Махамеда Рэзы Пехлеві. Яна закранула многія сферы жыцця ў Іране, у тым ліку і тыя, што тычацца хатніх жывёл.
У ісламскай традыцыі сабак лічаць «бруднымі» жывёламі. У вачах новага рэжыму яны таксама сімвалізавалі Захад і яго лад жыцця, які іранскія ўлады спрабавалі выкараніць.
«Дакладных нормаў, якія рэгулююць валоданне сабакамі, так і не з'явілася», — распавёў ВВС доктар Ашкан Шэмірані, ветэрынар з Тэгерана.
«Паліцыянты затрымлівае людзей за тое, што яны выгульваюць сваіх сабак або нават проста перавозяць іх у сваіх машынах. І гэта робіцца толькі таму, што яны разглядаюць сабак як сімвал вестэрнізацыі», — тлумачыць Шэмірані.
Паводле яго слоў, улады нават стварылі «турму» для канфіскаваных хатніх жывёл. «Мы чулі мноства жудасных гісторый пра гэта месца, — дадае ён. — Жывёл трымаюць пад адкрытым небам без нармальнай ежы і вады, а ва ўладальнікаў з'яўляецца мноства праблем з законам».
Новы
законапраект, які абмяжоўвае валоданне хатнімі жывёламі, таксама звязаны з
цяжкасцямі ў эканоміцы Ірана з-за шматгадовых заходніх санкцый. Тры гады таму
ўлады Ірана забаранілі ўвоз у краіну корму для жывёл замежнай вытворчасці — гэта
тлумачылася мерамі па захаванні валютнага рэзерву краіны.
У сітуацыі, калі на паліцах дамінавала замежная прадукцыя, цэны рэзка пайшлі ўверх — асабліва пасля таго, як з'явіўся чорны рынак.
«Мы вельмі залежым ад людзей, якія ўвозяць корм кантрабандай, — распавядае ўладальнік адной з ветэрынарных клінік горада Мешхед. — Усяго за некалькі месяцаў цэны выраслі ў пяць разоў».
Ветэрынар адзначае, што якасць мясцовых кармоў для жывёл вельмі нізкая і не адпавядае стандартам, фабрыкі часцяком выкарыстоўваюць мяса і рыбу вельмі нізкай якасці, а то і зусім інгрэдыенты са скончаным тэрмінам прыдатнасці.
Праблемы персідскіх котак
Новы законапраект, зрэшты, тычыцца не толькі сабак, але і катоў, і іншых гадаванцаў (там згадваюцца нават кракадзілы). І гэта нягледзячы на тое, што Іран — гэта радзіма персідскіх катоў, адной з самых папулярных парод у свеце.
Новы законапраект можа стварыць парадаксальную сітуацыю, калі каты персідскай пароды акажуцца па-за законам.
«Як наогул можна ўявіць, што персідскім катам цяпер будзе небяспечна на ўласнай радзіме?» — абураецца ветэрынар клінікі ў Тэгеране ў размове з карэспандэнтам ВВС. «У гэтым законе няма ніякай логікі, — дадае ён. — Яны проста хочуць паказаць людзям свой жалезны кулак».
Прэзідэнт асацыяцыі ветэрынараў Ірана доктар Махебі лічыць гэты праект ганебным. «Калі парламент прыме гэты закон, наступныя пакаленні будуць памятаць нас як людзей, якія забаранілі сабак, таму што яны сабакі, і катоў — таму што яны каты», — кажа Махебі.
Пераклад НЧ