У Кіеве прайшоў традыцыйны «Беларускі марш» (фота)

Сёння ў цэнтры Кіева прайшоў ужо традыцыйны беларускі марш, прысвечаны памяці Міхася Жызнеўскага і ўсіх беларусаў, што загінулі за Украіну.

aaa_3819.jpg

26 студзеня — дзень нараджэння Міхася Жызнеўскага, героя Нябеснай Сотні, забітага падчас Рэвалюцыі Годнасці 2014 года. Агулам з пачатку вайны ва Украіне з 2014 года вядома пра якнайменей 71 загінулага беларуса. Акурат сёння ў Кіеве ўшанавалі іх памяць. Нягледзячы на ваенны стан ва Украіне ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання, штогод на цэнтральных вуліцах Кіева праходзіць памятнае шэсце пад беларускімі нацыянальнымі сцягамі.

Сёння акцыю наведала каля 150 чалавек. Арганізатарка — беларуска Ірына Лукашэнка, што жыве ва Украіне з 2021 года і актыўна прасоўвае беларускі наратыў праз арганізацыю падобных імпрэз.

Ірына падкрэслівае, што ёй не проста хочацца жыць і браць, але і аддаваць:

— Не толькі аддаваць маёй радзіме, але і Украіне, якая фактычна стала маім другім домам. Мне важна дапамагаць, падтрымліваць. Для мяне важна, каб дзеянні беларусаў, што абралі шлях барацьбы, былі бачныя. Беларусы зараз аддаюць самае каштоўнае, што ў іх ёсць — жыццё. Да 2023 года гэта быў марш памяці Міхася Жызнеўскага, але пасля мы пачалі казаць не толькі пра яго, але і пра ўсіх нашых герояў.

Ірына адзначае, што ў параўнанні з маршам у 2023 годзе арганізацыя сёлета далася прасцей:

— Я напісала ліст у Кіеўскі гарадскі савет за месяц да івэнту, а перад публікацыяй афіш я асабіста звязалася з прадстаўнікамі паліцыі, узгадніўшы акалічнасці. Нават падчас вайны ўкраінскія афіцыйныя структуры гатовыя ісці насустрач і знаходзіць аптымальныя варыянты, гэта надзвычай прыемна.

Сам марш цалкам можна назваць жалобным: зрэдку гучалі лозунгі «Жыве Беларусь», «Слава Украіне», але большую частку часу ўдзельнікі ішлі моўчкі, несучы партрэты беларускіх добраахвотнікаў. 

— Я тут са сваім мужам і дачкой, — дзеліцца ўкраінка Наталля, — мы былі ўдзельнікамі Майдана, і дзень забойства Жызнеўскага я памятаю добра, памятаю, наколькі было балюча. Першыя ахвяры, першая кроў далі зразумець тады, што шляху назад няма, што мірнага вырашэння не будзе. 

Сімвалічна, што мы зараз спыніліся на Майдане каля мемарыялу з тысяч сцягоў, пастаўленых загінулым байцам. І тут выразна бачны астравок бел-чырвона-белых сцягоў. Гэта паказвае, што барацьба ў нас з беларусамі агульная, агульны вораг. Сапраўдныя беларусы, якіх папросту выціснулі з Беларусі, прагнуць нацыянальнай дзяржавы, змагаюцца за сваю волю. А шлях да волі і наш, і ваш, па-сапраўднаму распачнецца толькі калі абрынецца пуцінскі рэжым. Вельмі хочацца бачыць і вольную Украіну, і вольную Беларусь! Уласна таму мы і тут.

Іншы суразмоўца — удзельнік пратэстаў і былы добраахвотнік «Фін». Хлопец кажа, што яму сёння надзвычай важна ўзгадаць нашых палеглых воінаў і герояў, барацьбітоў за ўкраінскую і беларускую незалежнасць. Таксама важна паказаць украінскаму грамадству, што беларусы таксама ў кантэксце барацьбы з расійскім імперыялізмам і агрэсіяй.

Акцыя завяршылася ўласна ля мемарыялу Жызнеўскаму, ля якога ўдзельнікі ўсклалі кветкі ды правялі невялікі мітынг. Выступоўцы адзначалі неймаверную ролю інстытуту памяці палеглых герояў, падкрэслівалі агульнасць барацьбы ўкраінскага і беларускага народаў за сваю волю і незалежнасць.