У Кіеве ўшанавалі памяць Паўла Шарамета. Сёння яму споўнілася б 50 гадоў

У Кіеве на месцы гібелі беларускага журналіста Паўла Шарамета беларускія і ўкраінскія журналісты ўшанавалі яго памяць — 28 лістапада яму споўнілася б 50 гадоў.

8dbf6fa3_fd0b_46d2_8395_cdf6bfe564a4_w1023_r1_s.jpg


Акцыю, ініцыяваную Беларускай асацыяцыяй журналістаў, падтрымалі ўкраінскія журналісты і шэраг беларускіх грамадскіх арганізацый, створаных ва Украіне беларусамі-ўцекачамі, перадае Радыё Свабода.

«Павал, пачынаючы з 90-х, паказваў нам, беларускім журналістам, як робіцца сапраўдная, смелая рэпарцёрская праца. Памяць пра Паўла не можа знікнуць. Мы не можам сабрацца ў Мінску, правесці вечар памяці, узгадаць яго. Але мы тут, на тым месцы, дзе скончыўся жыццёвы шлях Паўла, дзе яго жудасным чынам забілі, каб застрашыць іншых журналістаў-расследвальнікаў, публіцыстаў. Але яго імя і яго праца і жыццё працягваецца ў нашай памяці», — сказаў намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Журналісты запалілі знічкі памяці і ўсклалі кветкі ля помніка, які быў усталяваны ў памяць Паўла Шарамета ў Кіеве, непадалёк ад месца яго гібелі.

Галоўная рэдактарка інтэрнэт-выдання «Українська правда» Сяўгіль Мусаева дадала, што ўдзячная беларускім журналістам за іх ініцыятыву ўшанаваць памяць Паўла Шарамета ў дзень ягонага нараджэння.

«Нягледзячы на тое, што ўжо прайшло пяць гадоў, мы дагэтуль не можам зразумець, што адбылося, і дагэтуль не можам да гэтага прызвычаіцца. Нам вельмі не хапае нашага калегі», — адзначыла яна.

Кіраўнік Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны Сяргей Таміленка дадаў, што для ўкраінскіх журналістаў з’яўляецца прыкладам, як беларускія журналісты адстойваюць свае правы ва ўмовах жорсткіх рэпрэсіяў.

«Павал Шарамет для шматлікіх, асабліва маладых журналістаў становіцца пэўным сімвалам і прыкладам журналісцкай місіі і служэння прафесіі, але такія мемарыяльныя акцыі, як сёння да 50-й гадавіны з дня нараджэння — гэта магчымасць сказаць, што Павел не толькі сімвал, а і выказаць словы падтрымкі яго сям’і, маці і сябрам», — сказаў Сяргей Таміленка.

Ён дадаў, што Нацыянальны саюз журналістаў Украіны надае юрыдычную дапамогу сям’і Паўла Шарамета, каб абараніць іх інтарэсы ў расследаванні забойства Паўла.

Нагадаем, 20 ліпеня 2016 года ў цэнтры Кіева была падарваная машына кіраўніка інтэрнэт-выдання «Украінская праўда» Алены Прытулы, у якой знаходзіўся Павел Шарамет. Журналіст загінуў на месцы неўзабаве пасля выбуху.

Падазрэнне ў забойстве Шарамета прад'яўлена тром асобам: ваеннай медсястры Яне Дугар, валанцёру і дзіцячаму сасудзістаму кардыяхірургу Юліі Кузьменка, а таксама музыканту і ветэрану АТА Андрэю Антоненку.

25 жніўня Шаўчэнкаўскі райсуд Кіева прыняў рашэнне, згодна з якім разгляд па сутнасці справы па абвінавачанні Антоненка, Дугар і Кузьменка ў датычнасці да забойства журналіста Паўла Шарамета будзе праводзіць суд прысяжных.

Цяпер Кузьменка знаходзіцца пад начным хатнім арыштам, на Дугар ускладзеныя асабістыя абавязацельствы, а Антоненка больш за год утрымліваўся пад вартай, пасля чаго яму змянілі меру стрымання на начны хатні арышт.