Ірына Слаўнікава стала падазраванай паводле «народнага» артыкула
Ірыну Слаўнікаву падазраюць у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», паведамляе «Свабода».
Журналістка Ірына Слаўнікава стала падазраванай паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак або актыўны ўдзел у іх»).Пра гэта паведамілі сваякі жанчыны.
Паводле заканадаўства, Ірына Слаўнікава можа быць затрыманая на тэрмін да 10 сутак, пасля якіх яе або адпусцяць на волю, або выставяць абвінавачванне і абяруць меру стрымання.
Ірыну Слаўнікаву разам з мужам Аляксандрам Лойкам затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» 30 кастрычніка, адразу пасля вяртання з адпачынку ў Егіпце.
Ім прысудзілі па 15 дзён адміністратыўнага арышту, а пасля накінулі зверху яшчэ столькі ж. Тэрмін гэтага арышту мусіць скончыцца 28 лістапада а 12-й гадзіне.