«Наша краіна не хоча вас у нашай краіне». Журналістка NRT расказала, як яе не пусцілі ў Беларусь
«Я больш ніколі не хацела б наведваць Беларусь. Бо я не хачу быць у месцы, дзе, калі ты просіш людскага абыходжання, цябе не разумеюць. Таму больш ніколі! Не», — вырашыла пасля спробы прыляцець у Беларусь курдская журналістка Жыян Алі, піша «Свабода».
«Я прыляцела ў мінскі аэрапорт 22 лістапада, каб наведаць Беларусь і зрабіць рэпартаж пра сітуацыю з мігрантамі на мяжы. Але ад таго, што адбылося, я пачувалася, быццам я нейкі „вялікі бос“ мафіі.
У мяне пашпарт Даніі, дзе ўказана, што я нарадзілася ў Іраку. І ў мяне адразу спыталіся: „Ці маеце вы сваякоў у Іраку?“ Я адказала, што так, але я вырасла ў Даніі.
Тады яны спыталіся, што я буду рабіць у Беларусі. Я расказала, што прыляцела на вакацыі і што таксама хачу пагутарыць з мігрантамі на беларуска-польскай мяжы. І тады яны сказалі „Хадземце з намі“.
Мяне завялі ў пакой з двума афіцэрамі, якія не гаварылі па-англійску. Калі я пыталася, што я такога зрабіла, яны толькі смяяліся і не адказвалі.
Потым прыйшоў нейкі малады афіцэр, які крыху гаварыў па-англійску. Я патлумачыла, што праінфармавала амбасаду Даніі, што буду ў Беларусі з 22 па 28 лістапада. Тады яны зноў папрасілі мае дакументы, і я паказала ім сваю брытанскую прэс-карту. Яны забралі ўсе мае дакументы і зноў сказалі чакаць. Агулам я сядзела там больш за тры з паловай гадзіны.
А потым мне сказалі, што адмаўляюць ва ўездзе ў краіну. Я спыталася чаму. А яны адказалі: „Мы не павінны тлумачыць чаму“. І мяне ўжо 23 лістапада пасадзілі на самалёт у Стамбул, бо я прыляцела ў Мінск з Турцыі. З Лондана ці з Даніі няма рэйсаў у Беларусь, а калі б я ляцела праз Маскву, дык мне спатрэбілася б віза.
Дарэчы, маё іракскае імя Жыян Алі, але ва ўсіх дакументах я Жыян Катарына Моберг, таму беларускія ўлады потым казалі, што ўвогуле ніякая Жыян Алі не прылятала ў Беларусь».
Памежны камітэт Беларусі назваў прычынай адмовы ва ўездзе тое, што ў журналісткі не было акрэдытацыі пры Міністэрстве замежных спраў. Вось што пра гэта кажа Жыян Алі:
«Ніхто не гаварыў мне, што ў Беларусь нельга ехаць без дазволу беларускага ўрада. Я маю міжнародную прэс-карту. І ў мяне грамадзянства Даніі, я магу легальна ўехаць у Беларусь.
"Нам не дазволена вам нічога гаварыць, вы мусіце ляцець назад у Турцыю", — гэта ўсё, што мне сказалі. Я тлумачыла, што як журналістка я маю права ведаць, што адбываецца. Але яны толькі казалі: "Наша краіна не хоча вас у нашай краіне".
Я працую на NRT — гэта грамадскі канал, у нас мільённая аўдыторыя. Гэта вельмі вядомы канал у іракскім Курдыстане. Мы вяшчаем па-курдску, па-арабску, а таксама па-англійску. Канал не належыць нейкай палітычнай партыі, і нашыя мікрафоны адкрытыя для ўсіх.
Я не ведала шмат пра Беларусь — ведала, што шмат мігрантаў з Ірака, у тым ліку курдаў, цяпер на мяжы Беларусі з Польшчай. У той жа час, я чула шмат кепскіх рэчаў пра беларускую паліцыю і афіцэраў і пра тое, як яны абыходзяцца з мігрантамі на мяжы.
Я больш ніколі не хацела б наведваць Беларусь. Бо я не хачу быць у месцы, дзе, калі ты просіш людскага абыходжання, цябе не разумеюць. Таму больш ніколі! Не».