Барыс Гарэцкі: Журналісцкая супольнасць стала больш шчыльнай

Цяпер большасць беларускай журналістыкі робіцца на заблакаваных у Беларусі сайтах, але аўдыторыя мае доступ да інфармацыі праз Тэлеграм.

barys_harecki.jpg

Намеснік старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Барыс Гарэцкі распавёў «Радыё Рацыя» пра прэмію і пра стан беларускай журналістыкі:

— Што адчувае чалавек, які атрымлівае ўкраінскую прэмію?

— Мне падаецца, за апошні год вельмі шмат міжнародных прэмій атрымалі беларускія журналісты і беларускія медыя-арганізацыі. Беларуская журналістыка, нашы калегі за апошні год зрабілі вялізны рывок, асвятляючы пратэсты, тэму правоў чалавека, трацячы свой час, сваю свабоду, сваё здароўе. Таму гэта абсалютна заслужаная прэмія нас усіх.

Летась ні ў каго не было пытанняў, працуеш ты ў суботу-нядзелю ці не працуеш. Відавочна, што калі нейкія падзеі адбываюцца (а адбываліся падзеі такога маштабу, калі ты проста не можаш не працаваць). Тым больш, што толькі адных нашых калег па нядзелях затрымлівалі дзясяткамі. Потым накіроўваюцца на суткі, выходзяць, потым зноў наступныя.

То-бок усё, што прагучала ў свеце пра Беларусь, зроблена ў асноўным нашымі, беларускамі рукамі, нашых калег. Гэта вялікі ўнёсак у тое, што пра сітуацыю ведаюць сёння, а не толькі мы ўнутры «варымся» ў ёй.

— Можа быць, быў такі эпіцэнтр болю ў разрэзе журналістыкі?

— Мне падаецца, што такім «рубіконам» сёлета стала знішчэнне партала TUT.BY. Да 18-га траўня кожны беларус мог зайсці пачытаць навіны. Па-другое, улады ўсё ж такі не краналі і было паразуменне, што калі TUT.BY ёсць, то, значыць, яшчэ ёсць нейкая магчымасць пачуць вольны голас.

Пасля 18-га траўня стала зразумела, што правілаў не існуе. З 18-га траўня мы жывём зусім у новай краіне, дзе большасць журналістыкі робіцца на заблакаваных у Беларусі сайтах, але аўдыторыя мае доступ да інфармацыі праз Тэлеграм.

Як ні запалохвалі «губопікі» аўдыторыю адпісвацца ад тэлеграм-каналаў, па-ранейшаму папулярнымі застаюцца тэлеграмы недзяржаўных медыя.

Зараз 29 калег за кратамі. Большасць з іх — гэта людзі, якіх ты ведаеш асабіста. Розныя медыя часам кажуць пра адных журналістаў, а не кажуць пра іншых. Мне здаецца, што задача БАЖа — якраз такі гаварыць увесь час пра ўсіх.

29 нашых калег знаходзяцца ў няволі. Кожны з іх павінен быць вызвалены, незалежна ад той справы, па якой ён сядзіць.

Справы вельмі розныя, ёсць нібыта «эканамічная» справа TUT.BY, па якой сядзяць 14 чалавек. Быццам бы яны нанеслі нейкую эканамічную шкоду. Ёсць такія справы, як нібыта «распальванне нацыянальнай варажнечы», па якой сядзіць Анджэй Пачобут. Ёсць справа супраць Дзяніса Івашына і Андрэя Аляксандрава — за «здраду дзяржаве».

Розныя абвінавачанні, розныя куты, але перспектыва ва ўсіх калег аднолькавая. Улада зараз робіць усё, каб запалохаць незалежную журналістыку, каб можна было гаварыць, што, вось, будзеце рабіць праўдзівую прэсу, то будзеце там.

— Калі журналіст прыязджае ва Украіну, то якую падтрымку ён можа атрымаць ад БАЖа?

— У любым выпадку, галоўны фокус нашай увагі ўсё роўна застаецца на тых калегах, якія ў Беларусі. З-за вялікай хвалі пераследу так склалася гістарычна, што ў нас цяпер ёсць філіі ў такіх бліжэйшых да Беларусі краінах, як Польшча, Літва, Украіна і Грузія. Раней філіялы нашай арганізацыі былі ў беларускіх гарадах, а цяпер дадаліся некалькі такіх вялікіх супольнасцей. Тут мы адно аднаму, зноў-ткі, імкнёмся дапамагаць.

Нашы БАЖаўскія праграмы адкрытыя і для тых, хто ў Беларусі і для тых, хто за мяжой. Калі мы ўжо пратарылі нейкі накірунак там, там для калег у атрыманні віду на жыхарства, яшчэ нейкіх момантаў, то ясна, што мы будзем максімальна дзяліцца з калегамі і спрыяць.

Я б не сказаў, што гэта наша праца, гэта стыль жыцця беларускіх журналістаў, якія дапамагаюць адно аднаму ўсе гады існавання незалежнасці. Фатографы заўсёды мяняліся аб’ектывамі, бо не ў кожнага ёсць.

Заўсёды мы, быццам бы канкуруючыя, абменьваемся «хакамі» і тымі момантамі, якія ёсць ва Украіне, Польшчы і Літве, увогуле ва ўсім свеце.

Мне падаецца, што наша журналісцкая супольнасць за апошні год стала яшчэ больш шчыльнай.