Украіна. Фільм, які аб’яднаў усіх
Ва ўкраінскіх медыя жартуюць, што нарэшце ў палярызаваным украінскім грамадстве знайшлася тэма, вакол якой могуць аб’яднацца ўсе.
Такую ролю адыгрывае антыпатыя да фільму «Заборонений», які выйшаў на экраны 5 верасня і распавядае пра жыццё паэта-дысідэнта Васіля Стуса, рэпрэсаванага савецкай уладай.
Нечакана для ўсіх стужку крытыкуюць прадстаўнікі самых супрацьлеглых лагераў. Усе адзначаюць стылістычную неаднароднасць, фрагментарнасць, не заўсёды пераканаўчую акцёрскую гульню, штучны пафас.
Найбольш творам незадаволеныя нацыяналісты. Галоўным недахопам фільму «Заборонений», на іх думку, з’яўляецца тое, што вобраз галоўнага героя адлюстроўваецца без разынак, як у савецкай стужцы пра яшчэ аднаго героя-рэвалюцыянера.
У дадатак фільм падрывае версію пра тое, што Стус стаў ахвярай таталітарнай сістэмы. Паводле фільму, паэта забівае савецкі гей, які працуе ахоўнікам на зоне. Да гэтага ён на балоце застрэліў свайго палюбоўніка і напіўся гарэлкі. У запале крытыкі дапускаюць нават версію пра тое, што здымкамі займаліся антыўкраінскія сілы, якім трэба збэсціць памяць вялікага паэта і дысідэнта.
Між тым, магчыма, гэта яшчэ не фінал. 9 сакавіка 2020-га запланаваная прэм’ера стужкі пра іншага паэта. У фільме «Тарас Шаўчэнка — першы самурай» гледача чакае незвычайны погляд на Кабзара, які валодае ўсходнімі адзінаборствамі. Паколькі Шаўчэнка — культавая фігура для ўкраінцаў, шмат хто можа не зразумець новых трактовак яго асобы.
Паводле ўкраінскай прэсы