УПЦ Маскоўскага патрыярхату заклікала падтрымаць еўраінтэграцыю
У Маскве шакаваныя крокам мітрапаліта Уладзіміра.
Мітрапаліт Кіеўскі і усёй Украіны Уладзімір і прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч. Фота: ukrafoto
30 верасня ў Кіеве быў падпісаны «Зварот цэркваў і рэлігійных арганізацый да ўкраінскага народа», у якім гаворыцца:
«Цяпер Украіна стаіць перад выбарам шляху свайго далейшага развіцця. На нашу думку, будучыня Украіны натуральна абумоўлена нашымі гістарычнымі каранямі — быць незалежнай дзяржавай у коле свабодных еўрапейскіх народаў.
Перакананыя, што гэты выбар не з'яўляецца і не можа лічыцца супрацьпастаўленьнем Украіны нашаму гістарычным суседу — Расіі. Бо яе дзяржаўнасць, гісторыя і культура таксама цесна звязаны з Еўропай.
Спадзяемся, што расійскі народ і дзяржава будуць прызнаваць і паважаць права Украіны, як незалежнай дзяржавы, выбіраць свой шлях у будучыню — гэтак жа, як Украіна прызнае і паважае незалежнасць і суверэнітэт Расійскай
Федэрацыі».
Зварот падпісалі прадстаяцель Украінскай Праваслаўнай Царквы (Маскоўскага патрыярхату) мітрапаліт Уладзімір (Сабадан), кіраўнік непрызнанай Маскоўскай патрыярхіяй Украінскай Праваслаўнай Царквы
Кіеўскага Патрыярхату Філарэт, кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай (уніяцкай) царквы Святаслаў (Шаўчук), галоўны рабін Украіны, старшыня Духоўнага упраўлення мусульман Украіны, а таксама кіраўнікі
баптысцкай, пяцідзясятніцкай ды іншых пратэстанцкіх дэнамінацыяў.
Беларуская праваслаўная царква мае ў параўнанні з украінскай меншую ступень самастойнасці ў межах Маскоўскага патрыярхату. Гэтаксама ў Беларусі адсутнічаюць разгалінаваныя структуры
аўтакефальнага праваслаўя, якія ёсць ва Украіне. У адрозненне ад Украіны, у Беларусі ў царкве мала выкарыстоўваецца нацыянальная мова. Так сталася, што ва Украіне УПЦ (МП) ад 1980-х узначальваў
украінец, а беларускім праваслаўем ад таго самага часу кіруе ўраджэнец Масквы мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў).
nn.by