Украіна. Клічко не зможа быць “адзіным”

Лідара партыі «Украінскі альянс за дэмакратычныя рэформы» (УДАР) Віталя Клічко яшчэ ўчора разглядалі як галоўнага кандыдата ў «адзіныя» ад украінскай апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. 



klichko_politic.jpg

Віталь Клічко

Прычым палітолагі лічылі, што шансы ў баксёра-палітыка пазмагацца з Віктарам Януковічам някепскія, з улікам таго, што ён мае роўны рэйтынг падтрымкі як на Захадзе, так і на Усходзе.

Аднак нечакана гэта цудоўная перспектыва рухнула нібы картачны домік. Аказваецца, Клічко мае від на жыхарства ў ФРГ, у той жа час закон Украіны пра выбары прэзідэнта дазваляе балатавацца на гэтую пасаду выключна ўкраінцам, якія жылі на радзіме папярэднія дзесяць гадоў да старту прэзідэнцкіх выбараў.

У прынцыпе, юрысты УДАРу могуць паспрабаваць неяк аспрэчыць гэты пункт закону, паколькі права на пражыванне — не значыць у чыстым выглядзе нашу прапіску. Аднак дасведчаныя эксперты кажуць, што выбарчая камісія, дзе сядзяць людзі Януковіча, праігнаруе такую аргументацыю і папросту не зарэгіструе Віталія, а падкантрольны ўладзе суд толькі праштампуе гэта рашэнне.

Акрамя таго, палітык сам папаліўся, калі заявіў у нядаўнім інтэрв’ю ВВС, што стала жыве ў Германіі аж 13 гадоў. Гэта сітуацыя мяняе расклад ва ўкраінскай апазіцыі. Усе чакаюць новай серыі канфліктаў паміж апазіцыйнымі бонзамі, што, безумоўна, на руку выключна Партыі рэгіёнаў.