Урад Паўночнай Ірландыі ўпершыню ўзначалілі нацыяналісты. Ці чакаць развалу Вялікабрытаніі?

Тыдзень таму ў Паўночнай Ірландыі завяршыўся беспрэцэдэнтны палітычны крызіс, з-за якога там паўтара года не было легітымнага ўрада і першага міністра. Аднак канец аднаго крызісу, па сутнасці, азначае пачатак іншага: мясцовы ўрад упершыню ў гісторыі ўзначаліла прадстаўніца партыі «Шын фэйн» Мішэль О'Ніл.

1200x675_cmsv2_34a75358_f36d_557d_a078_6195c2fda908_6685686.webp

Каб зразумець, чаму прэм'ерства Мішэль О'Ніл выклікае столькі ўвагі, трэба ўспомніць, што такое «Шын Фэйн». Фармальна гэта партыя левых ірландскіх нацыяналістаў. Але насамрэч «Шын фэйн» (бел. «Мы самі») —брэнд радыкалаў са стогадовай гісторыяй, арганізацыя, якая ў свядомасці большасці шчыльна звязана з Ірландскай рэспубліканскай арміяй (IRA). Той самай IRA, якая змагалася з брытанцамі, падкладаючы бомбы, у тым ліку і на грамадзянскія аб'екты.

Цяпер IRA больш няма, але першая міністарка О'Ніл праз свой статус вымушана спачувальна ставіцца да ветэранаў-баевікоў і гераічнай спадчыны партыі. Гэта і выклікае ў многіх негатыўныя эмоцыі.

Але павага да ветэранаў не ўсё. Новая прэм’ерка клянецца працягнуць старую справу — аддзяліць Ольстэр ад Вялікабрытаніі і аб'яднаць Ірландыю. Мірным шляхам. Прычым неадкладна. Заняўшы сваю пасаду, яна на наступны ж дзень уступіла ў завочны дыспут з брытанскім урадам, «катэгарычна аспрэчыўшы» яго дакументаваную заяву аб тым, што «пытанне меж Ірландыі вырашана на дзесяцігоддзі». Па словах О'Ніл, сам факт яе абрання пацвярджае, што на востраве адбываюцца змены: Ірландыя жыве ў «дзесяцігоддзі магчымасцей».

Гэтыя словы выклікалі шмат размоў, аднак на шляху да запаветнага ірландскага адзінства існуюць архісур'ёзныя перашкоды.

Па-першае, Мішэль О'Ніл узначальвае кабінет, у які ўваходзяць ажно чатыры партыі, уключаючы дзве пратэстанцкія. Такія правілы фарміравання мясцовай выканаўчай вертыкалі і прадстаўнічых органаў, якое прадугледжвае абавязковы ўдзел розных канфесійных груп — роўнае іх прадстаўніцтва і ў Асамблеі, і ў Парламенце. Такі расклад абмяжоўвае магчымасці рэалізацыі радыкальных законапраектаў накшталт выхаду рэгіёна з Вялікабрытаніі.

Па-другое, сэцэсія Паўночнай Ірландыі можа адбыцца толькі ў выніку рэферэндуму. Але ідэя з рэферэндумамі можа не спрацаваць, паколькі яна супярэчыць Белфасцкаму пагадненню 1998 года. Менавіта гэты дагавор паклаў канец узброенаму канфлікту ў Паўночнай Ірландыі, які ішоў дзясяткі гадоў і забраў тысячы жыццяў. Пераглядаць яго — гуляць з агнём, але справа не толькі ў гэтым. На перагляд павінны пагадзіцца ўсе бакі, а тут іх як мінімум тры, а два з трох — Лондан і пратэстанты — катэгарычна супраць гэтага, а тым больш рэальнага аб'яднання Ірландыі.

І нават калі Лондан адмовіцца ад Ольстэра, як ён шмат разоў адмаўляўся ад іншых калоній, то пратэстанты будуць стаяць да канца. Аж да таго, што могуць узяцца за зброю.

Нарэшце, «Шын Фэйн» перамагла на выбарах і мае нядрэнны рэйтынг не таму, што абяцала рэінтэграваць Поўнач у склад Поўдня. Галоўным перадвыбарным абяцаннем была канцэнтрацыя на праблеме росту коштаў з-за наступстваў выхаду Вялікабрытаніі з Еўрасаюза. Brexit і пандэмія негатыўна паўплывалі на абарот экспарту і імпарту тавараў і паслуг праз мяжу Паўночнай Ірландыі.

Тэма аб'яднання пакуль, відавочна, не ў прыярытэце ў ірландцаў. Апытанні грамадскай думкі, на якія спасылаецца Бі-бі-сі, паказваюць, што выхад са складу Вялікабрытаніі падтрымліваюць толькі трэць жыхароў рэгіёна.

Нарэшце, ёсць першачарговае пытанне, па якім і каталікі і пратэстанты вымушаны трымацца разам, незалежна ад этнаканфесійнай прыналежнасці. Размова ідзе аб аб'ёмах бюджэтных выплат з Лондана. Кабінет прэм'ера Сунака прапанаваў павялічыць фінансаванне правінцыі на 3,3 млрд фунтаў. Але новы ўрад у Белфасце лічыць гэтую суму недастатковай для вырашэння назапашаных фінансавых праблем і заклікае Лондан павялічыць бюджэтную прапанову. Пакуль брытанскі Мінфін упёрся і не гатовы на гэта ісці.

Такім чынам, супраціў юніяністаў, адсутнасць масавай падтрымкі праекта ўз'яднання, наяўнасць у «Шын фэйн» толькі адноснай, а не абсалютнай большасці ў парламенце, актуальныя эканамічныя выклікі – усё гэта робіць сумнеўным хуткае абвальванне Злучанага Каралеўства з ірландскага флангу. Галоўная пагроза адзінству Каралеўства па-ранейшаму з поўначы — з Шатландыі, дзе мясцовыя нацыяналісты застаюцца самай уплывовай рэгіянальнай партыяй.

Па словах лідара «Шын Фэйн», рэферэндум аб выхадзе са складу Вялікабрытаніі пройдзе ў бліжэйшыя пяць гадоў. «Раздзел Ірландыі быў катастрафічным, прывёў да канфлікту і бясконцых цяжкасцей», — сказала О’Ніл.

Зрэшты, нават калі ў цяперашняй прэм'еркі ў рамках яе цяперашняй кадэнцыі нічога не атрымаецца, час усё роўна гуляе на ірландцаў. Дэмаграфічныя прапорцыі ў Ольстэры мяняюцца на карысць ірландцаў-каталікоў. Яшчэ ў 2021-м яны, паводле перапісу, упершыню колькасна абышлі пратэстантаў. Калі на наступных рэгіянальных выбарах праз тры гады «Шын Фэйн» працягне нарошчваць сваю дэпутацкую перавагу, то размовы аб рэферэндуме могуць перайсці з дэкларатыўна-сімвалічнай плоскасці ў практычную.