Уся надзея на жанчын

У Паўночнай Ірландыі — палітычная рэвалюцыя. Упершыню ў гісторыі краю прабрытанскія партыі страцілі парламенцкую большасць, аднак пры гэтым паўсталі новыя рызыкі.

Фота www.thejournal.ie

Фота www.thejournal.ie

Каб увесці чытача ў сутнасць праблемы, лепш за ўсё праецыраваць сітуацыю ў Паўночнай Ірландыі на нешта знаёмае. Напрыклад, уявіце, што ў Крыме якая-небудзь крымскататарская партыя атрымлівае прыкладна такую ж колькасць галасоў, як і мясцовая секцыя прамаскоўскай «Адзінай Расіі».

Натуральна, такі варыянт гучыць як фантастыка. Такой жа фантастыкай падавалася ўчора і перспектыва дамінавання каталікоў-рэспубліканцаў у парламенце Паўночнай Ірландыі. Лічылася, што пры ўсіх раскладах пратэстанцкая большасць у краі будзе галасаваць за родныя пратэстанцкія партыі, накшталт DUP (Дэмакратычная ўніянісцкая партыя). Аднак на мінулым тыдні нечакана для ўсіх «Шын Фейн» (Sinn Féin) — вядучая партыя рэспубліканцаў — атрымала прыкладна столькі ж галасоў, як і пратэстанты. Больш за тое, разам з сацыял-дэмакратамі (іншымі рэспубліканцамі) ірландская фракцыя ўпершыню ў гісторыі мае большасць у парламенце.

Правал DUP і ўздым Sinn Féin тлумачаць шэрагам фактараў. Тут і пасіўнае стаўленне пратэстанцкага выбаршчыка да галасавання, і асабістая харызма Мішэль О’Ніл — 40-гадовай правадыркі нацыяналістаў (дарэчы, яна дачка баевіка тэрарыстычнай групоўкі IRA). Спасылаюцца на нейкія тактычныя памылкі піяршчыкаў DUP і жаданне электарату прадэманстраваць дулю цэнтральнаму ўраду, які падтрымлівае той жа DUP, за яго антысацыяльныя крокі.

Аднак існуе яшчэ адно цікавае тлумачэнне. Лічыцца, што Sinn Féin прыцягнула галасы праеўрапейскай фракцыі пратэстанцкіх партый, якія на рэферэндуме мінулага года падтрымалі выхад Вялікабрытаніі з ЕС. Формула «Вялікабрытанія па-за межамі ЕС» не падабаецца большасці насельніцтва, у тым ліку пратэстантам. Яе следствам будзе стварэнне сапраўднай мяжы з суседняй Ірландыяй, што негатыўна адаб’ецца на эканамічных паказчыках.

Такім чынам, стаўленне да ЕС, а не рэлігія, робіцца новым чыннікам вызначэння палітычных сімпатый выбаршчыкаў. Гэта можа стаць пачаткам дэфрагментацыі старой двухпартыйнай сістэмы і стварэння новага партыйнага спектру. «Мы назіраем канец прабрытанскай большасці», — пракаментаваў новы расклад Джэры Адамс, лідар Sinn Féin.

У новай сітуацыі геапалітычныя прапановы Sinn Féin прыходзіцца разглядаць усур’ёз. Што прапануюць рэспубліканцы? На іх думку, Паўночная Ірландыя павінна застацца як у складзе ЕС, так і ў складзе Вялікабрытаніі. Такі шпагат, безумоўна, азначае пашырэнне аўтаноміі Паўночнай Ірландыі. Будзе неабходны перагляд «саюзнай дамовы» Аб’яднанага Каралеўства, што патрабуе ўдзелу ўсёй палітычнай эліты.

Новая павестка ў палітычных дэбатах  Белфасце яўна паўплывае на адносіны Лондана і Эдынбурга. Кіруючыя ў Шатландыі нацыяналісты на парозе абвяшчэння другога рэферэндуму пра выхад са складу Вялікабрытаніі. Раней яны паабяцалі правесці яго на працягу двух гадоў, аргументуючы гэта працэсам выхаду Брытаніі з ЕС. Як вядома, шатландцы таксама выказаліся за тое, каб быць грамадзянамі ЕС. Аднак канкрэтнай даты плебісцыту дасюль няма — праз унутрыпалітычныя спрэчкі. Фанатыкі незалежнасці змагаюцца з прагматыкамі, якія кажуць, што без фінансавай дапамогі з цэнтру Шатландыя па ўзроўні дабрабыту ператворыцца ў нейкую балканскую краіну, а сама ідэя незалежнасці хутка згубіць прывабнасць. Поспех Sinn Féin можа ўзмацніць пазіцыі аматараў суверэнітэту.

Затое чуткі пра магчымы новы рэферэндум абурылі брытанскі ўрад Тэрэзы Мэй, якая заявіла, што захаванне Шатландыі ў складзе Брытаніі — яе асабістая місія. Паводле яе словаў, урад не падтрымае паўторны рэферэндум наконт незалежнасці Шатландыі. Ці рызыкне Нікола Сцёрджэн — лідар нацыяналістаў — абвясціць дату новага плебісцыту, будзе вядома напрыканцы месяца, калі адбудзецца партыйная канферэнцыя.

Яшчэ адна праблема для Лондану заключаецца ў няздольнасці рэспубліканцаў і пратэстантаў знайсці кампраміс наконт новай кааліцыі, якую, паводле Канстытуцыі, фармуюць вядучыя партыі грамадаў. Каменем перапоны з’яўляецца следства па схеме выкарыстання праграмы аднаўляльных крыніц энергіі. Менавіта праз тую праграму развалілася папярэдняя кааліцыя. Калі пат у кааліцыйных перамовах не ўдасца развязаць, то непазбежныя новыя выбары або ўвядзенне прамога кіравання з Лондану.

На першы погляд, няма нічога жудаснага ў тым, што краем будзе кіраваць камісар з Вестмінстэра. Тым больш, што прэцэдэнт ужо меў месца ў сярэ­дзіне 2000-х гадоў. Аднак тады не было крызісу, і канцэпцыі радыкалаў выглядалі ўтопіяй. Пасля Brexit лічыцца, што цяпер у палітыцы магчыма ўсё. Так ці інакш, адносіны паміж камунамі ў выпадку прамога кіравання будуць больш напружанымі, а павага да дамовы 1998 года, якая ўсталявала мір   у рэгіёне, будзе больш слабай.

Цікава, што на фоне ўсяго пералічанага негатыву надзея на лепшае захоўваецца. Імя гэтай надзеі — прырода жанчыны. Брытанская прэса ўсур’ёз піша, што нясхільнасць жанчынаў да канфліктаў дапаможа кабетам — лідарам пратэстантаў і рэспубліканцаў, — знайсці кансенсус наконт фармату новага ўраду. На ўсё ў іх ёсць толькі тры тыдні.