На дзень цішыні змаўкаюць нават сацыяльныя сеткі

25 кастрычніка ва Украіне — день цішыні. Заўтра — выбары дэпутатаў Вярхоўнай Рады. Па апытаннях, лідзіруюць “Блок Пятра Парашэнкі”, “Радыкальная партыя” Алега Ляшко і “Народны Фронт” Арсенія Яцэнюка. 



За дзень да выбараў ніводзін з кандыдатаў не мае права распаўсюджваць інфармацыю пра сябе і сваю партыю, агітаваць таксама не маюць права звычайныя грамадзяне. Каб людзі мелі час сабрацца з думкамі, зрабіць свае высновы і на наступны дзень прыйсці і зрабіць усвядомлены выбар.

Апоўначы з пятніцы на суботу ўсе агітацыйныя матэрыялы зрываюцца. За гэтым сочаць як каманды кандыдатаў, так і камунальныя службы. Кандыдаты самі зацікаўленыя, бо іх рэйтынгі могуць знізіцца. Да таго ж, тэарэтычна, пакінутыя матэрыялы могуць быць расцэненыя як парушэнне.

Мастак Кастусь Скрытуцкі ў гутарцы ў кавярні "Купідон" адзначыў такі цікавы факт, што нават наведнікі сацыяльных сетак прытрымліваюцца такога правіла і спыняюць усе палітычныя дыскусіі за дзень да выбараў, хоць за гэта пакарання ніякага не прадугледжана. Можна казаць, што ў людзей склалася пэўная палітычная культура, што не скажаш пра некаторых палітыкаў.

З якімі думкамі і настроямі ўкраінцы ідуць галасаваць? Што чакаюць ад новага складу Рады? Якой яна павінна быць? З такімі пытаннямі мы звярнуліся да людзей, што гулялі 25 кастрычніка па Кіеву.

“Я хачу, каб у Радзе засядалі 450 анёлаў, сумленныя, крыштальна шчырыя. Але хіба гэта магчыма? Я спадзяюся, што туды не трапіць “Апазіцыйны блок” (блок, які яднае прадстаўнікоў Партыі рэгіёнаў – прым. аўт.). Гэта мой галоўны спадзеў”, — кажа паэтка Святлана.

“А вы думаеце ў нас Рада шмат вырашае? У нас шмат іншых начальнікаў. Якія выбары, вы ж ведаеце, у нас вайна ідзе”, — сціпла падзяліліся меркаваннем супрацоўнікі ДАІ на вул. Чырвонаармейскай.

“Мы чакаем змен да лепшага. Асабіста я хачу, каб да ўлады прыйшлі новыя людзі. Тым, хто зараз у Радзе мы не давяраем, будзем галасаваць за “Самопоміч” мэра Львова. Усе нармальныя людзі хочуць, каб Рада была сумленная, каб дэпутаты думалі пра людзей… Наколькі Украіна мае добры патэнцыял у параўнанні з іншымі краінамі, і наколькі кепска мы жывем. Таму што кіруюць несумленныя, беспрынцыпныя людзі. Мы хочам, каб тыя, хто пры ўладзе проста сталі Людзьмі", — кажа спадарыня Алена.

“Мы спадзяемся, што ўсё будзе да лепшага. Толькі на гэта. Я мяркую, што курс Парашэнкі прынясе нам больш пазітыўнага. Спадзяюся, што курс прэзідэнта будзе падтрыманы”, — кажа спадарыня Святлана.

“Я так разумею, што заўтра нічога не зменіцца. Гэты рух вельмі павольны. Спадзяюся, што заўтра прыйдуць людзі, якія ўспрымаюць еўрапейскі курс, каштоўнасці заходнія. Гэтая маса паступова будзе выпіхваць тых, хто трымаецца за старое, карупцыянераў. Наступная Рада будзе яшчэ больш прагрэсіўнай і гэтак пакрысе мы будзем рухацца да лепшага. А зараз дапамагчы трэба Парашэнку”, — кажа Аляксандр.

“Рада павінна складацца з сумленных і шчырых, справядлівых людзей. Патрэбна перазагрузка заканадаўчай улады і поўная люстрацыя. Мы спадзяемся, што вайскоўцы, што ваююць на Ўсходзе будуць годна ўзнагароджаны, бо зараз яны атрымліваюць мізэр, у рэальнасці ўсюды пануе паказуха на камеру. Расійскія войскі пакрысе вяртаюцца на Ўсход Украіны. Нашы хлопцы гінуць кожны дзень. Многім выгадна, каб гінулі патрыёты. І мне вельмі не падабаецца, што людзі думаюць, што зараз перамір’е. Яго не было і няма! Пакуль там рашуча не навядуць парадак, міру не будзе.  Гэта мы чакаем ад выбараў”, — кажа Ірына, якая на Храшчаціку збірае цёплыя рэчы для батальёна “Данбас”.

“Каб не было Партыі рэгіёнаў і камуністаў у Радзе, каб была сфармаваная большасць у 300 галасоў. Каб якіясь зміны адбыліся. Зараз такая абстаноўка, што хутка змены не атрымаюцца. Пацярпець трохі трэба”, — мяркуе Мікалай.

“Мы чакаем, каб наша Украіна была вольная, шчаслівая, каб выбары былі празрыстыя, каб нашы дзеці не ведалі, што такое вайна”, — кажа жыхарка вёскі Карлык Валянціна.

“Спадзяемся на лепшае, натуральна. Курс Парашэнкі ў Еўропу падтрымліваем. Рада мусіць быць шчырая з народам, не красці. Народ у нас працавіты. Усё будзе ў парадку”, — спадзяецца жыхар Харкава Пётр.

“Я хачу, каб памяць пра хлопцаў, што загінулі за вольную, еўрапейскую Украіну, не прапала. Новая Рада павінна быць украінскаю, але кожны дэпутат павінен памятаць, з чаго ўсё пачалося тут на Майдане і чаму яны зараз сядзяць у Радзе”, — кажа кіеўлянін Аляксей.

Нагадаем, згодна з нядаўнім сацапытаннем, на тэрыторыі падкантрольнай украінскай уладзе за Блок Пятра Парашэнкі гатовыя галасаваць 16,5% рэспандэнтаў, за “Радыкальную партыю” Алега Ляшко – 7%, за “Народн Фронт” прэм’ера Арсенія Яцэнюка – 5,9%, партыю “Самапомач” – 4,6%. “Бацькаўшчына”, “Апазіцыйны блок” , “Сільная Ўкраіна”, кампартыя, “Свабода”, “Правы сектар” паасобку не набіраюць неабходных 5%. Але ўсё можа змяніцца, бо значная частка ўкраінцаў (32%) на момант правядзення сацапытання не вызначылася, за каго будзе галасаваць.