«Верасень пахне Калядамі!»

У адрозненне ад іншых народаў венесуэльцы сёлета святкуюць Каляды 1 кастрычніка. Навошта рэжыму Нікаласа Мадура такі незвычайны фокус?

Калаж НЧ

Калаж НЧ

Тое, што сёння адбываецца ў Венесуэле з Калядамі, мімаволі выклікае ў памяці назву папулярнай кніжкі братоў Стругацкіх «Панядзелак пачынаецца ў суботу». У венесуэльскім выпадку — «Каляды пачынаюцца ў кастрычніку». Такое рашэнне раней прыняў прэзідэнт Нікалас Мадура.

 «Верасень пахне Калядамі!» — заявіў Мадура ў сваім штотыднёвым тэлешоў прыкладна ў сярэдзіне жніўня. «У гэтым годзе, каб падзякаваць вам усім, я збіраюся абвясціць пачатак Калядаў 1 ​​кастрычніка. Каляды наступаюць для ўсіх, у міры, радасці і бяспецы!» — сказаў ён.

Прэзідэнт не жартаваў. Сапраўды, падрыхтоўка да свята, як мінімум на дзяржаўным узроўні, ідзе вельмі актыўна. Напрыклад, на днях прэзідэнт заклапаціўся, якія падарункі знойдуць венесуэльцы пад каляднымі ялінкамі. У кантэксце нядаўніх выбухаў пэйджараў і рацый у Ліване, у выніку якіх загінулі дзясяткі людзей, ён параіў сваёй урадавай камандзе і прыхільнікам пазбягаць атрымання электронных прылад у якасці калядных падарункаў.

«Не атрымлівайце электронныя падарункі... будзьце асцярожныя з тэлефонамі, мабільнымі прыладамі, з усімі», — папярэдзіў прэзідэнт падчас аднаго мерапрыемства, якое транслявалася па нацыянальным радыё і тэлебачанні.

Мадура таксама заклікаў міністэрствы, інстытуты і дзяржаўныя кампаніі ў прыярытэтным парадку закупляць для калядных абменаў рамесныя вырабы і цацкі мясцовай нацыянальнай вытворчасці.

Ніхто не сумняваецца, што выбрык з Калядамі ў кастрычніку спатрэбіўся рэжыму, каб неяк адцягнуць увагу грамадства ад вельмі спрэчных вынікаў выбараў прэзідэнта 28 ліпеня. Колькасць доказаў сведчыць, што Мадура насамрэч прайграў выбары свайму саперніку-апазіцыянеру Эдмунду Гансалесу — адсюль яго адмова апублікаваць падрабязныя вынікі галасавання з выбарчых участкаў. Фальсіфікацыі сталі стымулам масавых вулічных пратэстаў.

Каб збіць градус абурэнняў, уладам прыйшлося пераносіць Каляды — любімае свята тутэйшых — на кастрычнік. Акрамя таго, калядны манеўр, відаць, часткова закліканы адцягнуць увагу ад эканамічных правалаў адміністрацыі Мадура. Справа ў тым, што перыяд святкавання Калядаў у Венесуэле часта суправаджаецца дадатковымі бонусамі для дзяржаўных служачых і шчодрымі падарункамі ад урада простым людзям.

Дзяржаўная вертыкаль ужо актыўна спрабуе ствараць ілюзію каляднага ажыятажу. Праўда, часам гэта выглядае вельмі арыгінальна. Напрыклад, Мінабароны краіны зрабіла калядны відэаролік, на якім сілавікі арыштоўваюць людзей пад матыў пародыі на адну з калядных песень. Адаптаваны тэкст песні на іспанскай мове папярэджвае непаслухмяных дзяцей, што на Каляды за імі прыйдзе падобная да д'ябла істота па імені Крампус. «Калі ты паступіў няправільна, то ён прыйдзе!» — спяваецца ў песні. «Ён будзе шукаць цябе! Табе лепш схавацца!» Вось такія прыколы ў венесуэльскіх «губазікаўцаў».

Але, мусіць, самае цікавае пачнецца напярэдадні 1 кастрычніка, калі вязняў у дзяржаўных турмах прымусяць святкаваць Каляды. У тым ліку тых, хто патрапіў у турмы з-за ўдзелу ў акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. На пачатак верасня іх колькасць складала 2500 чалавек.

Застаецца дадаць, што лідар чавістаў не першы раз рэфармуе мясцовы каляндар чырвоных дат. У мінулым годзе Мадура загадаў пачаць Каляды 1 лістапада, пазней выказаўшы шкадаванне, што не пачаў яго раней. У 2021 годзе, калі краіна акрыяла ад пандэміі Covid-19 і наступных каранцінаў, Мадура пастанавіў, што Каляды пачнуцца 4 кастрычніка ў якасці тактыкі стымулявання эканомікі.

Зрэшты, вельмі дзівіцца тут не прыходзіцца. Дыктатарскія і аўтарытарныя рэжымы любяць выкарыстоўваць каляндар у сваіх палітычных мэтах. Дастаткова ўспомніць, што жыхары Паўночнай Карэі жывуць сёння не ў 2024-м, а ў 112-м годзе эпохі Чучхе. Пачатак летазлічэння ў КНДР вядзецца з 1912 года — ад нараджэння Кім Ір Сена.

А што думае царква ў Венесуэле наконт святкавання Калядаў у кастрычніку? Венесуэльская біскупальная канферэнцыя выказала пратэст супраць аднабаковага паскарэння Калядаў. Кіраўнікі царквы папярэдзілі, што свята «не павінна выкарыстоўвацца ў палітычных ці прапагандысцкіх мэтах». «Каляды пачынаюцца 25 снежня», — гаворыцца ў заяве. 

Дарэчы, Мінск і Каракас блізкія палітычныя хаўруснікі. Цікава, ці павіншуе адміністрацыя Лукашэнкі 1 кастрычніка брацкую Венесуэлу са светлым святам Калядаў?