Выбіраць ці забараняць

Правыя радыкальныя партыі прайгралі выбары ў Бундэстаг, аднак нямецкая грамадскасць патрабуе іх поўнай забароны. (На здымку: Правыя радыкалы ўвайшлі ў парламент яшчэ аднаго нямецкага рэгіёна — зямлі Мекленбург Пярэдняя Памеранія)



a51fb975227d6640e4fe47854476d133.jpg

Правыя радыкальныя партыі прайгралі выбары ў Бундэстаг, аднак нямецкая грамадскасць патрабуе іх поўнай забароны.

(На здымку: Правыя радыкалы ўвайшлі ў парламент яшчэ аднаго нямецкага рэгіёна — зямлі Мекленбург Пярэдняя Памеранія)


Правыя радыкалы, прадстаўленыя ў Германіі Нацыянал-дэмакратычнай партыяй (NDP), Народным саюзам (DU), рэспубліканцамі і Народнай ініцыятывай, выступілі, на першы погляд, вельмі слаба. Ні адна з партый не наблізілася да пяці працэнтаў, што гарантуюць праходжанне ў парламент. Увогуле, найлепшы паказчык неанацысцкіх партый на федэральных выбарах у нацыянал-дэмакратаў — 4,7 (1969 год). А ў 1989-м за рэспубліканцаў на выбарах у Еўрапарламент аддалі галасы 7 працэнтаў немцаў.
Аднак разглядаць неанацыстаў як статыстаў на апошніх выбарах было б няправільна. На хвалі крызісу даверу да старых партый у атмасферы нестабільнасці, выкліканай глабальнай рэцэсіяй, нацыяналістычныя пасланні сталі знаходзяць свайго адрасата.
Ілюстрацыя зменаў настрояў — феномен зямлі Саксонія, якую правыя за апошнія дзесяць гадоў ператварылі ў свой электаральны бастыён. У мясцовым зямельным парламенце ўжо другі раз прысутнічае фракцыя NDP. Гэта, дарэчы, гістарычны прэцэдэнт. Камунальныя выбары вясной гэтага года паказалі, што нацыянал-дэмакраты маюць сваю сацыяльную базу на месцах. У сярэднім у кожнай камуне за іх галасавала 5,6 працэнта. У Дрэздэне нават дзейнічае нацысцкі аналітычны цэнтр, так званая Дрэздэнская школа.
Поспех на апошніх зямельных выбарах у Саксоніі (жнівень 2009 года) выклікаў не толькі фурор сярод актыву NDP, але і жаданне перанесці саксонскую мадэль выбарчых кампаній на федэральны ўзровень.
Самі саксонцы поспех тлумачылі тым, што арыентуюцца на больш шырокія колы грамадства, далёкія ад лозунгаў адраджэння Трэцяга Рэйху і праблемаў расавай чысціні. На першае месца выходзяць сацыяльныя пытанні. «Праца — сям’я — радзіма!» — такім быў лозунг саксонскіх нацыянал-дэмакратаў на апошніх выбарах. Важная складовая кампаніі — персанальная крытыка праціўніка, а не партыі. Уся кампанія была накіравана супраць главы адміністрацыі.
Дарэчы, такі падыход выклікаў крытыку з боку лідэра NDP Уда Войгта. Ён прапанаваў сваю канцэпцыю кампаніі пад назвай «Нямецкі шлях». Намер за кошт сацыяльнага папулізму замацавацца ў больш шырокіх сацыяльных групах ён назваў «апартунізмам». На яго думку, у правых радыкалаў павінна быць выключна нацыянал-кансерватыўная лінія. На самай справе, нацыянал-дэмакраты ніколі не думалі цалкам адмаўляцца ад кантактаў са скінхедамі. Па падліках паліцыі, яны падтрымліваюць актыўныя кантакты са ста дзесяццю так званымі Freie Kameradenschaten (Вольнымі таварыствамі) — лакальнымі групоўкамі скінхедаў, аматарамі нацысцкага року і г.д.
Так ці інакш, менавіта прыёмы саксонцаў былі ўжытыя NDP на апошніх федэральных выбарах. Кампанія нацыянал-дэмакратаў праходзіла пад лозунгам «Працоўныя месцы для немцаў». «Смяротнае пакаранне для забойцаў дзяцей», «Радзіма! Родная мова! Шчасце дзіцяці!» Тэма нацыяналізму, расізму прысутнічала ў выбарчых буклетах, аднак у абмежаваным выглядзе.
Увогуле, неанацысты прызнавалі, што прарвацца ў Бундэстаг яны наўрад ці змогуць. Галоўная стаўка рабілася на выбары ў парламент зямлі Брандэнбург. Гэта частка былой ГДР, для якой характэрныя высокі ўзровень беспрацоўя, сацыяльная дэзінтэграцыя, палітычная апатыя.
Выбары 28 верасня прадэманстравалі, што Брандэнбург стаў сімвалам перамогі не правых, а левых. Тут з трыумфам перамаглі сацыял-дэмакраты. Нацыянал-дэмакраты ледзь набралі два працэнта.
Аднак пагроза прыходу неанацыстаў у вялікую палітыку застаецца вельмі актуальнай. Як дэманструюць вынікі выбараў, разам ультраправыя маглі б мець як мінімум 4 працэнты.
Тут, на думку спецыялістаў, у чарговы раз дапамагла супярэчлівая прырода аматараў Трэцяга Рэйху, занадта вялікія амбіцыі іх лідэраў, адсутнасць кампрамісу ў тактычных пытаннях. Напярэдадні выбараў у Бундэстаг раскалоўся так званы «Нямецкі пакт» — альянс нацыянал-дэмакратаў і народнікаў. Прычынай стала чарговая спрэчка правадыроў. Аналітыкі кажуць, што ў выпадку саюзу правых яны мелі б шансы паспрабаваць узяць пяціпрацэнтны бар’ер у Брандэнбургу.
Таксама выклікаюць занепакоенасць так званыя U–18 Wahl — выбары сярод тых, каму няма 18-ці гадоў. Звычайна напярэдадні федэральных многія школы арганізуюць свае сімвалічныя выбары. Пасля падводзяцца вынікі галасавання па ўсёй краіне. Партыі вельмі ўважліва ставяцца да U–18 Wahl, паколькі галасуюць на іх тыя, хто праз пару гадоў стане сапраўдным выбаршчыкам. У гэтым годзе нацыянал-дэмакраты атрымалі сярод дзяцей 4,6 працэнта. Адным з самых «карычневых» рэгіёнаў стаў Брандэнбург, дзе NDP набрала 7 працэнтаў.
Між тым, хутка нацыянал-дэмакратам можа быць не да выбараў. У сакавіку Аддзел абароны канстытуцыі апублікаваў даклад, зроблены на аснове дадзеных інфарматараў, якія тайна працуюць у партыі. Калі верыць дакладу, кіраўнікі нацыянал-дэмакратаў на прыватных сустрэчах мэтай сваёй дзейнасці лічаць падтрымку правага вулічнага экстрэмізму і нацыяналістычнай варожасці. Іх лаяльнасць закону і канстытуцыі — выключна гульня на публіку. Даклад выклікаў палеміку наконт забароны нацыянал-дэмакратаў. Цяпер амаль кожная партыя вядзе дыскусію пра гэта. Аднак старт працэсу забароны NDP можа даць выключна міністр унутраных спраў, імя якога будзе вядома пасля заканчэння фармавання новай урадавай кааліцыі хрысціянскіх дэмакратаў і лібералаў.