Выбары ўсіх святых

Сёлета ва Украіне свята Хэлоўін прыйшлося на мясцовыя выбары, якія, як лічаць палітолагі, вызначылі контуры палітычнага развіцця краіны на бліжэйшы час. Пра сітуацыю пасля выбараў журналісту «НЧ» Алегу Новікаву распавядае кіеўскі палітолаг Юры Дакукін.

Пра агульныя вынікі галасавання

Сёлета ва Украіне свята Хэлоўін прыйшлося на мясцовыя выбары, якія, як лічаць палітолагі, вызначылі контуры палітычнага развіцця краіны на бліжэйшы час. Пра сітуацыю пасля выбараў журналісту «НЧ» Алегу Новікаву распавядае кіеўскі палітолаг Юры Дакукін.
Пра агульныя вынікі галасавання
На жаль, на гэты момант дакладных дадзеных выбараў яшчэ няма. Але некаторыя асаблівыя моманты ўжо відавочныя. Экзіт-полы даюць вялікі паказчык пратэстнага галасавання. Выбаршчыкі не толькі казалі прадстаўнікам сацыялагічных агенцтваў, што абралі пункт «Супраць усіх», адзначана шмат выпадкаў, калі на ўчастках дэманстратыўна рвалі бюлетэні, хоць за гэта прадугледжваецца адміністратыўнае пакаранне. У Палтаўскай вобласці нейкі юнак адмыслова наванітаваў у ўрну для галасавання.
Другі момант — гэта падзенне яўкі з 60 працэнтаў на папярэдніх выбарах да 30–40 працэнтаў.
Галоўным чынам апатыяй абхоплены Усход, што моцна ўдарыла па Партыі рэгіёнаў. Затое гэта дазволіла зрабіць прарыў камуністам, чый электарат — пенсіянеры — традыцыйна ходзіць на выбары.
Пра фальсіфікацыі
Фальсіфікацыі былі на ўсіх выбарах. Заўсёды існавалі партыя ўлады і адміністратыўны рэсурс, аднак быў і працэнт людзей, якія галасавалі за ўладу. Для Украіны ціск на канкурэнтаў напярэдадні выбараў — таксама норма. Аднак падтасоўкі і пагрозы праціўнікам — гэта не вырашальны фактар, як паказалі самі вынікі выбараў. У тым жа Крыму Партыя рэгіёнаў, нягледзячы на вельмі актыўны ціск на супернікаў, выступіла дастаткова кепска.
Пра вяртанне Сацпартыі
Апошні час за сацыялістамі замацаваўся імідж партыі трэцяга эшалона. Нечакана СПУ пачала набіраць папулярнасць. У «рэгіяналаў», здаецца, паўстала праблема адтоку выбаршчыкаў. Задача была ў тым, каб гэтыя галасы ішлі не камуністам, а да іншай кантраляванай бела-сінімі левай партыі. Лепшага варыянту, чым СПУ, папросту няма. Гэты праект адкаталі на выбарах. Старшыні СПУ трэба было прадэманстраваць добрыя паказчыкі, каб праз два гады на выбарах у парламент у яго ўклалі грошы. Сёння СПУ ў шэрагу абласцей можа нават трапіць у аблсаветы.
Пра аб’яднанне «Свабода»
За гады незалежнасці аб’ектыўна паўстаў правы электарат. Ён разгубіўся ў часы кіравання Юшчанкі і Цімашэнка. Партыя рэгіёнаў пралічыла, што група можа выканаць карысную функцыю — разбурыць «аранжавы» партыйны фланг, і дала Цягнібоку (старшыня «Свабоды») рэсурсы. Задачу ён выканаў. Па выніках гэтых выбараў у «Свабоды» з’явіліся фракцыі ў Жытомірскай і Кіеўскай абласцях, што амаль фантастычна. «Свабода», можна сказаць, напярэдадні праходжання ў парламент. Паколькі прыйшло шмат былых «аранжавых», хутчэй за ўсё, Аб’яднанне трохі зменіць імідж, будзе рухацца ў бок умераных правых. Яно стане ўкраінскім варыянтам партыі Ле Пена.
Пра КПУ
КПУ святкуе перамогу. За кошт падзення яўкі прыхільнікаў Партыі рэгіёнаў яны апынуліся ў плюсе. Характэрная сітуацыя ў Луганску, дзе камуністы ніколі не набіралі больш 6–7 працэнтаў, хоць выбудоўвалі самыя вар’яцкія камбінацыі з бізнес-структурамі. А зараз яны вядуць барацьбу прынамсі за другое месца. Тое ж самае адбываецца ў Севастопалі, дзе КПУ скокнула з 9 да 19 працэнтаў. КПУ даказала, што мае стабільны электарат каля 9 працэнтаў. Зараз «рэгіяналам» давядзецца з імі лічыцца.
Пра Партыю рэгіёнаў
У цэлым Партыя рэгіёнаў палепшыла сваё прадстаўніцтва, але ў асобных выпадках (напрыклад, у Севастопалі) страціла галасы. Партыя паказала, што яна досыць цэментаваная. Пры гэтым, аднак, Партыя рэгіёнаў не вырашыла галоўнай праблемы — яна застаецца рэгіянальнай партыяй, хоць хацела б быць нацыянальнай.
Пра партыі мясцовых эліт
З-за расчаравання ў старых партыйных брэндах мясцовыя эліты ахвотна выкарыстоўвалі новыя. Для гэтага яны перакуплялі партыі, якія існавалі фармальна, на паперы, і балатаваліся пад іх сцягамі. Самы вялікі поспех мела партыя «Сумленне Украіны». Дагэтуль яе ведалі толькі дзякуючы таму, што яе кандыдатам на якіхсьці выбарах была жанчына, якую 40 разоў затрымлівалі за прастытуцыю. Зараз «Сумленне Украіны» прысутнічае ў аблсаветах Вінніцкай і Палтаўскай абласцей. Такіх прыкладаў вельмі шмат. Ідзе пошук брэндаў, якія сябе не дыскрэдытавалі. Увогуле, выбары паказалі, што ўсё больш развіваецца рэгіяналізацыя. Феномен, калі ў адной вобласці якая-небудзь партыя набірае завоблачную суму галасоў, а ў суседняй мізер.
Пра новыя твары ўкраінскай палітыкі
Цігіпка вельмі моцна прайграў. Калі б ён набраў з нуля такую суму, як цяпер (5–6 працэнтаў), — гэта быў прарыў. Але зараз — правал. Хутчэй за ўсё, зноў адыграла сваю ролю тое, што ён патрапіў ва ўладу, і нічога пасля гэтага не змянілася. Электарат патрабуе дынамікі.
А ў Яцэнюка — свята. Ягоны «Фронт перамен» набраў 7 працэнтаў. Вакол яго будуць групавацца ўмераныя правыя, і ў яго добры шанец патрапіць у парламент.
Пра партыю «Бацькаўшчына»
У партыі «Бацькаўшчына» (старшыня Юлія Цімашэнка) Партыя рэгіёнаў бачыла свайго асноўнага ворага, і супраць яе быў першым чынам накіраваны адміністратыўны рэсурс. Для Партыі рэгіёнаў вельмі важна даціснуць Цімашэнка, каб не паўтарылася сітуацыя 2004 года, калі змена ўлады значыла пагрозу забароны Партыі рэгіёнаў і праблемы для блізкіх да яе бізнесменаў. Толькі Цімашэнка здольная на такі ход. У прынцыпе, «Бацькаўшчына» выстаяла, але 13 працэнтаў падтрымкі — гэта слабы вынік для Юліі. Спонсары хутчэй умацаваліся ў думцы, што праект Цімашэнка пакуль у стадыі заняпаду. І яшчэ адзін трывожны званок: у Чарнігаўскай вобласці (традыцыйная вотчына БЮТ), перамаглі «рэгіяналы».
Пра будучыню аранжавай апазіцыі
Выбары сталі пахавальным звонам па аранжавых. Клічко наогул адмовіўся ад іміджу палітыка з Майдану. Юшчанка сабраў каля двух працэнтаў. Партыі, якія ўваходзілі ў Саюз «Наша Украіна», і таго менш. Луцэнка наогул не ўдзельнічаў у выбарах. Той факт, што «Бацькаўшчына» не змагла значна абысці Яцэнюка, азначае адсутнасць у правым лагеры прызнанага лідэра. На парламенцкія выбары партыі пойдуць паасобку. Будзе 2–3 цэнтры прыцягнення. Паколькі іх сілы прыкладна аднолькавыя, для «рэгіяналаў» гэта не моцны супернік.
Пра перспектывы
Пакуль у краіне назіраецца дэпалітызацыя, хоць чыннікі для пратэстнага рэсурсу ёсць. Цяпер варта чакаць перастановак ва ўрадзе — следства правалу Літвіна і ўздыму камуністаў. Магчыма ўключэнне ў кааліцыю Яцэнюка. Многае будзе залежаць ад рэакцыі насельніцтва на падвышэнне коштаў на камунальныя паслугі. Рэформа вось-вось пачнецца і напэўна будзе мець палітычныя наступствы, якія пакуль цяжка пралічыць.