Выратаваць прэзідэнта

Вуснамі чачэнскага лідэра Рамзана Кадырава Масква абвясціла чарговую вайну рэшткам федэралізму ў Расіі. Кіраўнікам нацыянальных аўтаномій хочуць забараніць называцца прэзідэнтамі.

Федэрацыяй Расія афіцыйна стала пасля таго, як у студзені 1918 года, разагнаўшы Устаноўчыя сходы, Саўнаркам прыняў Дэкларацыю правоў працоўнага і эксплуатаванага народа. У Дэкларацыі быў такі пункт: «Расійская Савецкая Рэспубліка заснавана на свабодным саюзе свабодных нацый як федэрацыя Савецкіх нацыянальных рэспублік».



4b21cf96d4cf612f239a6c322b10c8fe.jpg

Вуснамі чачэнскага лідэра Рамзана Кадырава Масква абвясціла чарговую вайну рэшткам федэралізму ў Расіі. Кіраўнікам нацыянальных аўтаномій хочуць забараніць называцца прэзідэнтамі.
Федэрацыяй Расія афіцыйна стала пасля таго, як у студзені 1918 года, разагнаўшы Устаноўчыя сходы, Саўнаркам прыняў Дэкларацыю правоў працоўнага і эксплуатаванага народа. У Дэкларацыі быў такі пункт: «Расійская Савецкая Рэспубліка заснавана на свабодным саюзе свабодных нацый як федэрацыя Савецкіх нацыянальных рэспублік».
Аднак толькі ў 3-й Канстытуцыі РСФСР былі больш-менш прапісаныя нормы федэратыўнай арганізацыі. З’явіліся асобныя раздзелы пра аўтаномныя рэспублікі, іх органы дзяржаўнага кіравання, пра нацыянальныя акругі і г.д. Праўда, тая аўтаномія была хутчэй папяровай.
Падчас параду суверэнітэтаў 1990-х гадоў аўтаномныя рэспублікі сталі папросту рэспублікамі, а іх кіраўнікі — прэзідэнтамі. На нейкі час рэгіёны нават пачалі дыктаваць сваю волю Маскве.
Апошнія гады назіраецца зваротная тэндэнцыя. Так, вярнулася дарэвалюцыйная практыка прызначэння кіраўнікоў усіх суб’ектаў федэрацыі, уключаючы нацыянальныя рэспублікі. У дадатак з’явіліся так званыя федэральныя акругі, якія капіруюць існаваўшае ў царскай Расіі «намесніцтва».
І вось новы цвік у труну расійскага федэралізму. Зрабіў яго чачэнскі прэзідэнт Рамзан Кадыраў. 12 жніўня Кадыраў на публіцы адмовіўся ад звання прэзідэнта, паколькі, па яго словах, двух прэзідэнтаў у адной дзяржаве быць не можа. У якасці кампенсацыі ён патрабаваў даць яму званне «імам».
Дэмарш Кадырава і яго асабістыя забабоны наконт жадання стаць імамам трактуюцца ў расійскай прэсе па-рознаму. Шмат хто бачыць тут банальны сепаратызм. Нават сам факт асаблівай працэдуры атрымання легітымнасці (імам — духоўная асоба) падкрэслівае статус Кадырава і спецыфіку Чачні. Не кажучы пра тое, што змена назвы пасады з “прэзідэнта на “імама значыць не паніжэнне, а, наадварот, павышэнне аўтарытэта. Нарэшце, атрымаўшы статус імама, Кадыраў неафіцыйна пашырае сваю кампетэнцыю на ўвесь Паўночны Каўказ, які ў ХІХ стагоддзі ўваходзіў у склад імамату Шаміля.
Іншыя эксперты лічаць, што гэты крок Кадырава дэманструе моц, якую набыў палітычны іслам у рэгіёне. Каб надаць легітымнасць сваёй уладзе, кіраўніцтва Чачні вымушана выкарыстоўваць рэлігійны антураж, весці ісламскі дыскурс.
Затое выхадка Кадырава дала глебу аматарам пажартаваць. Здаецца, усе вядучыя выданні Расіі дзеля хохмы прапанавалі пашырыць ідэю Кадырава на іншыя суб’екты РФ. Напрыклад, называць кіраўніка Калмыкіі ханам. А Якуціі — тайон. Для кіраўнікоў цэнтральных абласцей Расіі пасуе, на іх думку, статус «князь». Што да Калінінградскай вобласці, то яе, з улікам гістарычнай спецыфікі, павінен узначаліць кайзер. Далей — больш. Нехта выступіў за тое, каб вярнуць ФСБ гістарычную назву — «Пыточный приказ».
Сур’ёзна казаць пра тое, што Кадыраў стане імамам, пакуль не даводзіцца. Прынамсі Рамзану патрэбна згода вярхоўнага мусульманскага духоўнага кіраўніцтва, якую ён так проста і хутка не атрымае. Тым больш, што сам Кадыраў быццам згодны на тое, каб называцца «кіраўнік рэспублікі». У верасні адпаведнае рашэнне пра новую назву кіраўніка адміністрацыі быццам будзе прынятае заканадаўчым органам Чачні.
На фоне жартаў пра імамаў і ханаў, між тым, адбываюцца больш канкрэтныя рэчы. Кадыраў паклаў старт новай фазе дэмантажу правоў малых народаў Расіі, якіх крок за крокам пазбаўляюць сімвалаў дзяржаўнасці.
Быццам па сігналу зверху шэраг лідэраў аўтаномій падтрымалі ініцыятыву Кадырава. Так, не мае жадання называцца прэзідэнтам кіраўнік Кабар­дзіна-Балкарыі Арсен Канокаў. На пытанне журналістаў, кім лічыць сябе спадар Канокаў, той сказаў, што ён «антыкрызісны менеджэр».
У Дзяржаўную думу ў хуткім часе будзе ўнесены законапраект, які прадугледжвае «забарону на выкарыстанне ў назвах органаў або ўрадавых асобаў суб’ектаў РФ слоў, які складаюць аснову назваў федэральных органаў дзяржаўнай улады».
Працэс уніфікацыі назваў кіраўнікоў рэгіёнаў, аднак, не будзе гладкім. Як мінімум супрацьстаяць законапраекту будуць выступаць Татарстан і Башкірыя, дзе гістарычна моцныя ідэі нацыянальнай дзяржаўнай аўтаноміі.
«Улады Татарстану не лічаць неабходным абмяркоўваць закон аб новай назве кіраўніка рэспублікі», — заявіў прэс-сакратар татарскага прэзідэнта Андрэй Кузьмін. А новы прэзідэнт Башкірыі Рустэм Хамітаў яшчэ ў дзень сваёй інагурацыі 19 ліпеня сказаў, што не будзе пераглядаць рэспубліканскі статус рэгіёна і адмаўляцца ад пасады прэзідэнта.
Чым бы не закончыўся набіраючы сілу канфлікт метраполіі і ўскраін, гэта толькі прэлюдыя да больш маштабнай канфрантацыі. Аналіз тэндэнцый сведчыць пра канцэптуальнае жаданне цэнтру цалкам ліквідаваць нацыянальныя адміністратыўныя адзінкі. Прынамсі сайт партыі «Патрыёты Расіі» не хавае стратэгічных задач стартаваўшай цяпер рэформы: «Патрэбна ініцыятыва, накіраваная на адмову ад прэзідэнцкіх тытулаў, ліквідацыю статуса рэспублікі ў складзе Федэрацыі, прывядзенне ўсіх суб’ектаў да аднаго прававога статусу».