З Беларусі ва Украіну пераехалі 40 ІТ-кампаніяў і больш як 2000 фрылансераў
Як паведамілі Свабодзе ў Міністэрстве лічбавай трансфармацыі Украіны, у краіне ажыццяўляецца адмысловы праект падтрымання беларускіх спецыялістаў сектару, распрацаваны супольна з ІТ-асацыяцыямі, міністэрствамі эканомікі і замежных справаў.
Адпаведны пакрокавы план, які дазваляе беларускім спецыялістам пераехаць ва Украіну, падтрымліваюць прэзідэнт Уладзімір Зяленскі і міністр лічбавай трансфармацыі Міхайла Фёдараў.
Для беларусаў створаны адмысловы сайт, на якім можна даведацца аб неабходным для пераезду пакеце дакументаў, а для хуткай дапамогі бесперапынна працуе гарачая лінія.
Каб заахвоціць беларускіх ІТ-спецыялістаў да пераезду ва Украіну, Міністэрства лічбавай трансфармацыі ініцыявала замацаванне на заканадаўчым узроўні выбару спрошчанай сістэмы падаткаабкладання нават без дазволу на часовае або сталае жыхарства, а таксама магчымасці быць на тэрыторыі Украіны больш за 90 дзён без дазволу на жыхарства.
У Міністэрстве лічбавай трансфармацыі Украіны ўдакладнілі, што распрацоўваюць і такія змены ў заканадаўства, якія дазволяць беларусам рэгістравацца як фізічная асоба-прадпрымальнік і ўжо на гэтай падставе атрымліваць дазвол на часовае жыхарства ва Украіне.
На пачатку кастрычніка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ № 420/2020 «Аб некаторых захадах для прыцягнення прадпрымальнікаў, высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія ёсць грамадзянамі Рэспублікі Беларусі».
Беларускі бок назваў гэты дакумент недружалюбным і дыскрымінацыйным крокам, а МЗС Беларусі ўручыў ноту ўкраінскаму амбасадару з прычыны таго, што Украіна прыняла гэты ўказ «у парушэнне агульнапрынятых праўных нормаў распаўсюджвае сваё дзеянне выключна на грамадзян суседняй дзяржавы».
У верасні ўкраінскі бок заяўляў, што пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ва Украіну з'ехалі каля 300 прадстаўнікоў ІТ-індустрыі.
З восені ва Украіне пачалі ствараць віртуальную свабодную эканамічную зону для ІТ-кампаніяў з асаблівым падатковым, фінансавым і праўным рэжымам «Дія. City». У распрацоўцы неабходнай заканадаўчай базы ўдзельнічае беларускі спецыяліст Дзяніс Алейнікаў — адзін з аўтараў заканадаўства аб беларускім Парку высокіх тэхналогій і дэкрэта Аляксандра Лукашэнкі «Аб развіцці лічбавай эканомікі». З верасня Дзяніс Алейнікаў працуе дарадцам міністра лічбавай трансфармацыі Украіны Міхайлы Фёдарава.